Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 254
Перейти на страницу:

Але бяды сабе яна не хацела, у яе быў адчайны намер, яна не магла цяпер па-дурному рызыкаваць у мястэчку пад носам у паліцаяў і спярша нетаропка, а пасля ўсё хутчэй і паспешней пашыбавала местачковай вуліцай да гасцінца. Мабыць, трэба было спяшацца, наўрад ці ў яе было многа часу, а спраў і клопату ў яе было безліч. Ужо бегучы гасцінцам, яна думала аб тым: што б магло здарыцца і дзе? Дома ці, можа, у Карнілы? Ці, можа, аб нечым прагаварыўся Пятрок? Але што ведаў Пятрок? Яна даўно ўжо адраклася ад бабскай завядзёнкі пра ўсё балбатаць з мужыком, мо таму, што Пятрок не дужа падзяляў яе думкі і з яўным недаверам адносіўся да яе намераў і планаў. Шмат што рабіла яна як сама знала. Пятрок часам трохі бурчэў, але за гады прывык да яе незалежнасці, а то і першынства, і абаім, здаецца, было някепска. Не дай Бог, каб ён даведаўся цяпер пра вінтоўку, ён бы памёр ад страху. І добра, што яна ад яго ўсё ўтаіла. Яна ўжо даўно пераканалася, што толькі тое будзе ў сакрэце, што ведаеш сам-адзін і ніхто болей у свеце. І то не заўсёды. Такі цяпер свет і такія людзі.

Сцепаніда прыцішыла крок толькі на сваім падворку, дзе з палёгкай уздыхнула, як згледзела, што тут усё па-ранейшаму, нікога няма, і ў прабоі коса тырчыць, як тырчала, уваткнутая ёю раніцай трэсачка. І яна падумала, што, можа, гэта Свянткоўскі сказаў проста так, каб пастрашыць яе ці прагнаць ад паліцыі. Але ж яго сцішаны тон быў дужа падобны на змоўніцкі і таіў нейкае спачуванне. Мабыць, усё ж тут нешта не так. Мабыць, яшчэ нешта будзе.

Нават не зайшоўшы ў хату, Сцепаніда засталася на падворку і пачала пільнаваць Карнілу. Яна неадрыўна ўзіралася ў шэры вечаровы прыцемак над шырокім прасцягам поля, дзе хутка раставалі ў шэрасці высялкоўскія хаты, дарога на пагорку, гасцінец з радам тэлеграфных слупоў. Заставаўся лепей відаць бліжні канец дарогі на хутар, але і ён паступова расплываўся, патанаў у змроку. Цямнелася.

Побач па падворку таксама сноўдаў сюды-туды прыблудны сабачка Рудзька. Калі яна спынялася, узіраючыся ўдалеч, ён таксама заміраў ля яе ног, узіраўся і ўслухоўваўся ў нешта сваё, сабачае. Але во ён неяк палахліва напружыўся, завурчэў, брахнуў, коратка і пагрозліва; Сцепаніда ціха шыкнула на яго, тупнуўшы нагой. Рудзька сціх, а яна ўжо напэўна ведала, хто там, і падалася з варотцаў у цемру. Яшчэ зводдаль яна ўчула ціхенькі стук кола ў выбоіне, змораны дых каня, неўзабаве на дарожцы паявіўся няпэўны варухлівы абрыс яго галавы, воза — побач валюхаста тупаў прысадзісты Карніла з лейцамі ў руках.

— А я ўжо чакала, — ціха сказала Сцепаніда, пераймаючы на дарозе фурманку.

— Чаго ж чакаць? Як змерклася, во запрог і паехаў. Дарога ж не дальняя.

— Не дальняя, але…

Яна хацела сказаць, што цяпер і на блізкай можна налезці на немцаў або спаткацца з паліцыяй, якая поўзае ўсюды за сваёй спажывай, ды і благі чалавек таксама мог выгледзець, — ці мала бяды цяпер падпільноўвае за тынам сваёй сядзібы. Але яна змоўчала, каб лішне не вярэдзіць душу сабе і Карнілу. Абышлося — і добра.

— Куды табе яе? — ціха запытаўся Карніла, калі яны заехалі пад ліпы, і напяў лейцы.

— Куды?

Сапраўды, куды ж яе можна схаваць тут? Мабыць жа, у хату нягожа, у хаце адразу знойдуць, значыць, трэба ў якое здатнае месца паблізу ад сядзібы, каб было прыглядна і бяспечна. І Сцепаніда падумала пра равок за хлявамі, які дужа зарос шыпшынай, маліннікам, ды і ямы там з хворастам, якраз будзе чым закідаць, схаваць да таго часу, як яна стане патрэбна.

— Давай за хлявы. У роў.

— Можна і ў роў. Мне што? Мне ўсё роўна.

Карніла падвярнуў перадок калёс і памалу павёў каня ля тыну ў захлеўе, Сцепаніда ўпоцемку ішла наперадзе, паказвала, як лепей ехаць.

— Тут во далей ад плота. Тут пень. Во, цяпер прама за мной.

Яна лёгка і ўпэўнена ступала ў цемры, бо ведала тут кожную былку ці патарчаку, а Карніла штось поркаўся ззаду, спыняўся, ашчаджаў, відаць, воз ці каня. Трохі ён адстаў ад яе, і Сцепаніда пастаяла нядоўга, прычакала яго і болей ужо не адрывалася, аж покуль яны не дабраліся да хмызняку на ўзроўку.

— Во тут яміны недзе… — Прыгнуўшыся ў цемры, Сцепаніда пашарыла нагамі ў траве. — Зараз падніму хвораст.

1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)