Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 192
Перейти на страницу:

– Вы памятаеце, калі гэта было?

– Памятаю, – раптам успомніў ён.

– Ну вось…

Маўчанне.

– Ведаеце што, – голас яе сеў. – Не ідзіце нікуды. Калі вам не будзе сумна са мною – зайдзіце. Я запалю агонь… Нельга аднаму блукаць у такі холад.

Кінуўшы гэтыя словы, яна сама спалохалася іх. Але ён сказаў “добра” так натуральна, ні аб чым не думаючы, акрамя згоды, што яна змоўкла. У яго было такое аблічча! Цёмнае, змарнелае, падобнае на жывую трагічную маску.

І з пачуццём, падобным на падзенне ў ледзяную ваду, зразумела, што прыйшоў яе час. Той, адзіны.

Яна працягнула яму руку, бо за дзвярыма, на сходах, было цёмна.

– Хадзем.

…Загарэлася свечка.

Ён не быў у гэтым пакоі доўга. Мінула сем год. Але за гэты час, здавалася, тут не змянілася нічога.

Просценькі туалетны столік. Большы стол, ля якога глыбокае крэсла і казетка. Камін, у якім загадзя падрыхтаваны дровы і бяроста. Паліца кніг. За паўкруглым акном – ноч.

Змянілася толькі адно: дзверы ў суседні пакой былі адчынены, бо ён цяпер таксама належаў ёй. Ды яшчэ на сцяне вісела карціна. Ягоны, Алесеў, падарунак пасля пастаноўкі “Медэі” – “Хата” Адама Шэмеша. Звычайная беларуская хата пад каравай у цвеце грушай і старыя, вельмі старыя дзядок і баба ў белым, якія сядзяць на прызбе і з чаканнем глядзяць на дарогу. А на ўсім гэтым – апошні водствет захаду. Тысячу год ім чакаць і не дачакацца.

– Сядайце ў крэсла, – ціха сказала яна.

Ён сеў.

– І скіньце чаравікі. Раса… Вось вам пантофлі. Адтапчыце заднік – іначай не ўзлезуць.

Яна стала на калені і свечкай падпаліла бяросту ў каміне. Папоўз угору дымок, потым жаўтаваты агеньчык. Зыркі, сіне-чырвоны агонь вырваўся з палону і ахапіў дровы. Полымя заскакала па яе абліччы. Ад гэтага, а можа, ад чагосьці іншага, вочы ў яе былі сумныя.

Па сценах бегалі чырвоныя блікі. Яна села насупраць яго.

– Ну вось, давайце будзем глядзець у агонь.

Ён раптам убачыў, што яе туфлікі таксама цёмныя ад расы. Працягнуў руку – гэта здавалася яму натуральным – і дакрануўся пальцамі да ступні.

– І вы яшчэ смееце даваць мне парады? Ану вазьміце назад свае пантофлі.

– Я да агню.

Алесь пашукаў вычыма і ўбачыў на кіліме чорна-чырвоны плед.

– Прыпадыміце ногі… Вось так… І так…

Ён узняў вочы, і яны сустрэліся з яе вачыма. Большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі, яны ўважліва, нібы ўпершыню бачылі, глядзелі на яго.

Чырвань плесканулася па ягоных шчоках. Ён зразумеў, што зрабіў нешта такое, пасля чаго ні яму, ні ёй нельга будзе нават здалёк зірнуць адно на аднаго, а не тое што гаварыць, як усе астатнія людзі.

Яна ўзяла яго руку.

– Што з вамі здарылася? Што?

Ёй дорага каштавалі гэтыя словы і гэты рух. Сэрца падала. Але яна бачыла гэтую пакутную чырвань і тое, як ён потым збялеў.

– Не ведаю, – сказаў ён.

Яго сапраўды калаціла.

Прыклала нерухомыя вусны да яго лоба.

– Нічога. Гэта проста ад цеплыні выходзіць холад.

Рука хлопца ляжала ў руцэ жанчыны. Ён асмеліўся і, працягнуўшы другую руку, узяў далоньку і схаваў яе ў сваіх далонях.

– Глупства, – сказаў ён. – У мяне ў вёсцы была вавёрка. Калі, бывала, зробіш з далоняў “хатку” з круглым уваходам, то яна адразу залезе туды, накрыецца хвастом і спіць. Вось так і зараз.

Яна паварушыла вялікім пальцам схаванай далонькі.

– Вось і хвост… Сапраўды, глупства.

– Вядома, глупства.

Скакаў агонь. Чырвоныя водбліскі бегалі па яе абліччы. Яно было бледнае, з пяшчотнай і дзівосна гожай скурай.

– Добра? – спытала яна.

– Добра, – сказаў ён.

– То навошта было ісці ў ноч? Чалавеку нельга быць аднаму.

– Чалавеку, які ненавідзіць, нельга быць з людзьмі. Яго трэба цурацца, як заразнага. І я не маю права на паблажлівасць людзей.

– Чаму?

– Я сёння забіў двух чалавек… Ці то я не забіў… Але я ўявіў сабе, як гэта буду рабіць.

– Такое злачынства ёсць у кожнага.

– Хіба? І ў вас?

– Вядома. Памятаеце, як мы на масленай зрабілі гулянку ў “дзікай зале”? Акторы і вы. Памятаеце, крылы былі вакол, і лікі, і жэсты пакоры і гневу?

– Памятаю, – сказаў Алесь.

– І песні памятаеце?

Гукі “Каханага” ўзніклі ў вушах Алеся. Клікалі і як быццам абяцалі нешта галасы. І ён зноў плакаў ля ног гранітнай фіванскай малпы: “Божа, аддалі ад мяне”.

– Памятаю, – збялеў ён.

– Ну вось. Я разумела тады. Яны таксама зрабілі нешта накшталт забойства.

– Вы не спявалі, – сказаў ён.

– Я не спявала.

– Я не магу ненавідзець, – сказаў ён. – Не магу забіваць. Не магу, каб свет быў як здзек. Не магу, каб холад. Я хачу, каб між людзьмі заўсёды было… вось так.

– Так будзе, – сказала яна.

– Калі?

– Хіба я знаю калі? Напэўна тады, калі вось гэтыя старыя дачакаюцца дзяцей. Усіх. Тых, што забылі і што здрадзілі, і тых, што ў кайданах, і забітых. І, галоўнае, тых, што кожны дзень рабілі для другога хоць маленькае дзіва. Калі чалавек, кожны чалавек, вельмі захоча зрабіць другому хоць маленькае дзіва – свет зробіцца светам дзіваў.

Ён схіліўся і прынік галавою да яе рук.

Яна ціха ўстала, падышла да акна і расчыніла яго. У пакой уварваўся салаўіны пошчак.

Потым яна села зноў на сваё месца. З птушынай песняй нібы ўладна ўвайшло сюды, у ціхі пакой, тое, што ён пакінуў на беразе сажалкі: гартанны крык леляка, ап’яненне хмызоў і прыгажось, падобная на здзек.

Ён узняў на яе вочы і ўсё зразумеў.

– Не ідзі, – сказала яна глуха. – Застанься… Калі ласка, хутчэй, хутчэй пацалуй мяне.

Несцерпна калацілася сэрца. Яго ўдары былі, як грозныя ўдары молата. Распасцёрты на спіне, як зрынуты нечым магутным і пагрозлівым, ён бачыў праз адчыненыя дзверы зыркае полымя каміна – і гэта было як быццам яго збіраюцца катаваць агнём.

Полымя. Полымя. Жарынкі ў каміне нібы хутка мяняюцца месцамі. З акна плыве сіняя халаднаватая ноч. У ёй водар лістоты і вільготны пах ставоў, вада якіх настоена на вярбовай кары, карчах і водарасцях.

Але ўсё гэта пакрывае, глушыць утрапёны салаўіны гром. Нібы толькі адна, апошняя ноч засталася ім для песняў і жыцця.

Расплываецца, адыходзіць некуды сляпая нянавісь. З кожным ударам сэрца расце і запаланяе істоту холад, замілаванне, чысціня і боль. І яшчэ вялікі, да самага краю зямлі, і злітны, нібы з аднаго сэрца, посвіст маленькіх птушак у вільготных хмызах.

Залатая галавешка ўпала ў каміне, узняўшы полымя і рассыпаўшы іскры. У яе святле ён убачыў доўгія іскрыстыя валасы і вочы, якія зараз былі толькі чорныя і глядзелі на яго, нібы просячы літасці і адначасова адмаўляючыся ад яе.

Яны ляжалі побач, ён – на спіне, яна – прыціснуўшыся да яго, на баку, і глядзелі ў ноч.

– Чуеш, гэта вярбовая кара, – сказаў ён. – А вось ландышы… А там, відаць, з самага глыбокага яра, дзе сплывае адзіны лапічак снегу… бо ледзяныя крыніцы… чуеш?

– Не. Кару чую, ландышы чую… А што?

– Апошняя анемона… А вось пабегі вампір-травы.

– Чаго?

– Ну, яшчэ завуць вужова зелле. Зноў ландышы… І вось “лясны мёд”.

Маўчанне.

– Не чую. Нічога больш не чую.

Салаўі грымелі, як перад загібеллю. І ад гэтай песні і ад дотыку рукі пашыраліся грудзі і цямнела ў вачах…

…Ля сваіх вачэй ён бачыў яе вочы.

Яны былі большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.

…Пагрозліва схіленае аблічча бліжэй і бліжэй.

…Зaграва на ім.

…Вусны шукаюць яе вуснаў.

Салаўіны гром.

Вочы большыя, чым ва ўсіх, хто ёсць на зямлі.

…І ў палоне шчыльных, невыносна злітых абдымкаў ён са здзіўленнем, трапятаннем і болем, не верачы сабе, усёй істотай сваёй, ад бронзавага замка рук да вачэй, што глядзелі ў яе вочы, і да пахаладзелых ад здагадкі пальцаў ног, адчуў, як спалохана трапеча яе сэрца, адданае непазбежнаму, і небу, і салаўінаму грому, і яму, сэрца цнатлівай.

У гэтай здагадцы раптам зліліся пошчак салаўёў, гаркавата-халодны пах ландышаў, крык леляка, зоры над галавой і пад нагамі.

1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)