Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– А знявечанае жыццё?
– Я не збіраюся яго прапаноўваць каму-небудзь яшчэ… І потым, хто мне яго даў?
Ён паверыў: пераканаць яе нельга.
– Будзь мужчынам, – ціха сказала яна. – Побач ці далёка – я заўсёды буду помніць цябе і сачыць за табой. Ледзь толькі табе будзе вось так і нікога не будзе побач – я прыйду. Я даю табе слова, першы мой і апошні.
Ён сеў, абапіраючыся на адну руку, і пачаў глядзець у ноч за акном. Ён маўчаў, хаця яму было дрэнна. Але ён стаў іншы за гэтыя некалькі гадзін. Ён не ведаў, што гэта якасці сапраўднага мужчыны. Але ён цяпер нізавошта не згадзіўся б пакутаваць на вачах у іншых. Ён ведеў, што ён ніколі ў жыцці не заплача, акрамя як па незваротнай страце, якая ёсць – смерць. Проста нібыта развучыўся. Ведаў, што ніколі не страціць сябе, пераконваючы цвёрдую рашучасць. Нізавошта не згадзіўся б упрошваць, бо гэта прыніжае.
Пад ягоным болем жыла павага да слоў такой жанчыны. Яна не хлусіць.
Алесь глядзеў у начны парк, дзе заміралі ў пошчаку апошнія салаўі.
Быў боль і было мужнае прымірэнне. Усё адно, усё адно зоры сталі зорамі, свет светам, а чалавек чалавекам.
VI
На Дняпры стаяла магутная палавень. Вышэй Сухадола вялікая рака разлілася на дванаццаць вёрст. Сонца гуляла ў ёй, і побач з гэтым магутным ззяннем мізэрнымі здаваліся бліскаўкі манастырскіх купалоў на тым беразе.
На ўзараных гародах зямля была чорная, ільсняная на адвалах, і сляпуча-белыя яблыні стаялі на чорным, як нявесты. Вось-вось павінен быў зацвісці бэз.
Залатымі падкрыллямі траплялі на вільчыках і ля шпакоўняў леташнія шпакі. Гэта была іх першая сапраўдная вясна.
І гарадок, і вёскі вакол, калі ўзлезці на вільчык высокага даху, бліжэй да шпакоў, здаваліся букетамі снежных кветак. І толькі спрактыкаванае вока бачыла шэры колер у гэтым белым разліве. Бо гэта была квецень.
Бруднавата-белая ад тычынак квецень яблыневых садоў.
На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. На верхавіне аднаго з зялёных волатаў варушыўся маленькі адсюль чалавечак, галавасты Лявон Кахно.
Ягоныя старэйшыя браты – шыракатвары дабрадушны Пятрок, белы, аж сівы Іван, тонкі і спрытны, нібы ўюн, Цыпрук і буркатлівы целяпень Макар – сядзелі ў адным з чаўноў. Розныя і падобныя. З вялікімі вачыма. Вусны ружовыя, насы з лёгкай гарбінкай.
Другі човен – другія і людзі. На стырне сядзеў Цыпрук Лапата з Азярышча, галава вялікага роду з сыноў, дачок і здольнікаў[93]. Вялізны, як мядзведзь, пахмуры, вочкі маленькія, сонныя. Разглядаў вясло, нібы нічога цікавейшага не магло быць. У ягонай байдзе, між мокрых сецяў, рыбы і сцяблаў[94], на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны – глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць.
Старэйшы, Юллян, трымаў на каленях – як бацька вясло – крамянёвую стрэльбу з гранчастым ствалом і цёмным пудовым прыкладам. Па прыкладзе віўся ўрэзаны ў драўніну і расплясканы малатком медны дрот. Для прыгажосці… Шыракакоснае аблічча Юлляна з вельмі шырокім, але прыгожым ротам і моцнымі сківіцамі было бледнае.
Перад ім сядзеў другі сын, Аўтух. Чысцюткая белая кашуля. На ёй – кажух без рукавоў, аўчынай наверх. Белыя доўгія валасы зблыталіся, падаюць касмылямі ледзь не да плячэй і прыкрываюць лоб. Ад гэтага за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай. Пукатыя, як бачулкі, грудзі, тоўстыя рукі. А твар худы, хоць і шыракакосны, і ўвесь у мускулах ля сківіц, рота і шчок.
У носе байды ляжаў, успёршыся локцямі на вільготнае сцябла, малодшы з прысутных Лапатаў – Янук. Валасы таксама зблытаныя, рот таксама вялікі і жорсткі. А вочы – большыя, чым ва ўсіх братоў, задумлівыя, трохі жорсткія.
Андрэй і Кандрат Кагуты з трэцяга чаўна глядзелі на Янука насцярожана і трохі іранічна. Памяталі, што гэта праз яго Галінка Кахнова вымушана была калісьці прасіцца ў Андрэеў човен. І яшчэ ведалі, што рана ці позна, а ім з Януком давядзецца сутыкнуцца.
У чацвёртым чаўне, што прыткнуўся да самага дуба, сядзелі млынар Грынь Паківач і, узмажнелы за гэтыя гады, увесь нібы біты сіверам і сонцам, Корчак. Бялявыя валасы выцвілі, дрымучыя чорныя вочы глядзелі пранізліва. Пад бруднаватай белай світкай, за чырвоным паясом, былі два пісталеты і доўгі, дзюймы на чатыры даўжэйшы, чым ва ўсіх, корд.
Паківач у карме трымаў вясло, не зводзячы вачэй з хлопца на верхавіне дуба. Пранізлівых, жоўта-бурштынавых, бы ў спайманага коршака, вачэй. Сухі, амаль безбароды твар з рэдкімі вусамі нібы яшчэ больш падсох ад насцярогі і чакання. Ля яго ног ляжалі дзве стрэльбы, прыкрытыя світкай.
– Той, хто ад вас ад’ехаў, гэта хто? – спытаў Корчак.
– Загорскі малады, – адказаў Андрэй.
– Гм, – Корчак прыжмурыў вочы. – А з ім?
– Кірдун Халява.
– Шкада, – сказаў Корчак. – Чаго яны тут?
– А што, Дняпро для цябе толькі? – спытаў Кандрат. – Ён ужо трэці дзень у нас. Нельга было не ўзяць. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставілі, а сёння пагналі яго здымаць. Час ёсць… Ты не зыгуй, Корчак, ён чалавек харошы.
– Значыць, паспяшаемя, – сказаў Корчак. – А ты, Кандрат, глядзі. Як на скрут галавы робіш. Каб не пашкадаваў.
Кандрат усміхнуўся аднымі зубамі:
– Ты яшчэ не пануй. Ты мужыкоў не ведаеш. Калі нехта і пойдзе да цябе – ты не задавайся, атаман. Ты з імі – як з братамі. Яны нацярпеліся. Ім новага пана, ды яшчэ з хамаў – не трэба.
– Што вярзеш? – спытаў ваўкаваты Юллян.
– А тое, што твая спіна, відаць, па новым сядле плача, Юллян. Не дай бог з хама – пан, а дзярма – пірог.
Паківач нечакана згадзіўся:
– Я табе гэта, Корчак, сем год назад казаў.
Корчак стрымаўся.
– Добра. Пагарачыўся я.
– І я кажу, – сказаў Кандрат. – А станеш гарачыцца – справы не будзе. Непамысна табе – ніхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца – нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкі. Прыгон – ён на ўсіх ляжыць. Таму і наважыліся бунтаваць.
Корчак засмяяўся.
– Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. – І ён паказаў на бязмежную палавень: – На ягонай вось.
– Расказвай, – кінуў Кандрат.
– Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, – сказаў Корчак. – Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы…
– Замест божых свечак ды паходняў, – са змрочнай весялосцю сказаў Цыпрук Лапата. – Ды што з таго? Гэта сто вёрст Дняпром. Да нас і дымком не патыхнула.
– Цяпер вас тут чакаюць, – буркнуў ваўкаваты Юллян Лапата. – Чаго вас туды панесла, калі ворагі – тут. Кроер – тут. Мусатаў – тут. Патаўпешкі гэтыя, Таркайлы – тут.
Бацька іранічна глядзеў на сына:
– Не думаў я, што ты такі. Ведаў, што дурань, але што такі-і…
– Бацька кажа праўду, Юллян, – сказаў Корчак. – Адсюль пачынаць – канцы былі б. Кроер дачуўся. Ён з восені сотню чаркесаў у маёнтку трымае. Без крыві не абышлося б… Ды яшчэ ў наваколле блакітных нагналі, салдат, жандармаў. Атрымліваецца, ты мяне на смерць запрашаеш, а морда такая – нібы на чарку.
– Асёл, – сказаў Янук.
І асекся. Аўтух паклаў яму на плячо далонь, сціснуў.
– Не вякай… наша справа… малая. Слухай… вось.
Непрыемныя людзі былі Лапаты. Андрэй і Кандрат, пераглянуўшыся, зразумелі, што падумалі адно і тое ж.
– Яны нас тут чакаюць, – сказаў Корчак. – А я іду ў другое месца. Куды – пачуеце. Вы астаяцеся. Перадавайце мне весткі. Людзей рыхтуйце, хто захоча. Ты, Аўтух, адразу, як толькі даведаешся, што салдатні паменела, – да мяне. Я тады скора прыйду! Ну, хто з вас тады са мной пойдзе?… Лапаты – гэта ясна. А хто з Кахноў?
– Я, – нечакана адказаў з верхавіны дуба галавасты Лявон. – Вы там цішэй. Па вадзе далёка чуваць.
– Добра, – сцішыўся Корчак. – Яшчэ. Смялей, хлопцы. Памагаць-то вы тут усе памагалі. І жэрці збіралі… і порах… і хавалі, калі трэба. А вось пайсці разам, калі прыйду? Калі сыраядцаў гэтых трэсці будзем?
– Бадай, я, – сказаў Іван.
93
Прымак або прыёмыш, наконт якіх загадзя абумоўлена, што яны, як і родныя дзеці, маюць права на частку той гаспадарскай зямлі, якую абрабляюць.
94
Доўблены гладкі латок з ліпы, на які ўкладаюць сець, каб не блыталася.