Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 192
Перейти на страницу:

Крок.

Іхнія абліччы раптам заліліся вінна-чырвоным. Гэта вакол царквы і вакол цвінтара адначасова запалілі паходні і бочкі са смалой, і недзе наводдаль ад царквы пачалі страляць са стрэльбаў: стары, паганскі яшчэ звычай.

Зарыва трапятала на іхніх абліччах.

Ён стаяў перад ёю, нібы юнак з вогненнай печы, і працягваў рукі.

У яе ўпала сэрца. Каб гневаўся, каб нават груба, па-мужыцку ўдарыў яе – было б лягчэй.

Значыць, вінавата была яна. Без апраўдання.

Яна была не з тых, што даруюць сабе. Такога ўдарыць. Што толькі зрабіла?!

І раптам яе нібы азарыла страшным сполахам.

“Ну добра, былі першыя чуткі. Іх трэба было праверыць. Але тая, апошняя… Што ж было ў той плётцы? Чаму я разгневалася на яе, калі я сама ўвесь час, і ўдзень і ўначы, сама жадала гэтага і марыла аб гэтым.

Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагамі яму брата і бацьку. Хлусіла сама сабе і спалохалася, калі… І потым яшчэ смела патрабаваць ад яго чагосьці.

І ўзрадавалася, калі новая хлусня нібыта апраўдвала мяне такую, якая я ёсць… “Здаў у арэнду…”, “Ездзіў з другой…” Але тая паехала адсюль… Але я хіба не разарвала яго душу згодай на ганебныя заручыны?

Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб’еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё”.

Яна не думала, што гэта замучыць і яго. Жорсткая, паглыбленая ў сябе маладосць, якая толькі сабе не даруе нічога, кіравала ёю.

“Забіць. Страціць. Як? Аддаць сябе самаму нялюбаму, раджаць яму нялюбых дзяцей. Таму, кім пагарджаеш. Таму, хто, – а напэўна, напэўна ён, яна цяпер прадчувала гэта, – з варожасці да пана Юрася, да яго, Алеся, і склеіў тую брыду. Што ж гэта я нарабіла?!”

Усе гэтыя думкі прабеглі ў яе галаве за якую хвіліну. Ён усё яшчэ падымаў рукі, дагаворваючы свой сказ:

– …Майка.

Яна глядзела ў яго вочы і адчувала, што ў яе падгінаюцца калені ад цеплыні і жалю. Зрабіць яшчэ крок, і…

Гэта быў бы пацалунак. Простае “хрыстосаванне” для іншых. Але яна ведала, што гэта будзе для яе.

“Палон. Астацца вечна. Навекі прызнаць для сябе (бо ён не будзе ведаць) сваю подласць. Ведаць, што за скурай шчаслівай пані сядзіць распусная (так, распусная, бо такой аддаць сябе за такога – гэта распуста), разважлівая гaдзіна”.

Яна магла жорстка асуджаць. Ён уздымаў рукі… Яна не магла… Яна ведала – не вытрымае.

– Не, – сказала яна. – Не. – І скончыла амаль бязгучна: – Гэтага не будзе.

І кінулася ў натоўп.

Ён апусціў рукі і павольна пайшоў да выхада. Свайго аблічча ён не бачыў і здзівіўся б, што Мсціслаў, праходзячы паўз братоў, якія гаварылі з Галінкай Кахно, паклаў руку на Кандратава плячо:

– Кандрат… Ану… Хутчэй.

Яны свідравалі натоўп за Алесем.

Загорскі, выбраўшыся на больш-менш вольнае месца, спыніўся і кінуў апошні позірк на гурт людзей перад бабінцам.

Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Майку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося, Франс. І яе аблічча, такое, што на хвіліну робіцца шкада.

Яму прыйшла ў галаву дурная думка.

Перад імі – між імі і Алесем – палалі паходні і бочкі са смалой. У Раўбіча былі шчыльна сціснутыя вусны. Рука з жалезным бранзалетам сціскала свячу. І ад зарыва падаў крывавы адбітак на цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думкай, змардаваны воблік.

Усе астатнія стаялі вакол яго цесна. Дурная думка… Стаяць… Скача зарыва… Як тыя паны, што пасля змовы Глінскага ішлі на плаху разам з сем’ямі, каб не засталося і роду.

…Франс азірнуўся на сястру і спалохаўся.

– Што з табою?

Ён абвёў вачыма натоўп, і яму здалося, што недзе за паходнямі мільгануў твар Алеся Загорскага. А можа, здалося?

І раптам ён са здзіўленнем падумаў, што побач з нянавісцю ў ім увесь час жыло нейкае цёплае пачуццё да Алеся. Адкуль?

…Алесь, сустрэўшыся на імгненне з вачыма Франса, уздыхнуў і апусціў вочы. Трэба было ісці. У адрозненне ад Франса ён зараз адчуваў только пагарду.

Ён папраставаў ад святла проста ў цемру алеі.

Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае – няхай. Няхай нават тое, што ўся сям’я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу.

Адмовіць у пацалунку ў вялікую ноч – такога не бывала. І ён вырашыў маўчаць. Яна, вядома, была ў бяспецы. І менавіта таму плаціць давялося б двум: Раўбічу і Франсу.

Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.

Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.

Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны – рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц.

…Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.

Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

– Ану іх, абрыдла, – сказаў Кандрат.

– Папоўская дзікасць, – азваўся Мсціслаў. – Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

– Чаму не, – сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест “І сушчым ва грабех жывот дараваў” – “і сухі верабей заплот паламаў”, – усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

…Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: “Д-добра”.

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры…

…Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна “Уваскрэсення дзень”.

…Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме… А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

– Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу… Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з’явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як “помсту пагардай” з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай – вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.

На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.

V

Ніхто не ведаў, што, вырашыўшы да канца зняважыць сябе, Міхаліна назнарок дазваляе сабе не вельмі – а лепей сказаць – зусім невысакародныя выхадкі, знаходзячы нават у гэтым нейкую помслівую асалоду. Таму бадай што ўсе здзіўляліся з яе дзіўных учынкаў, якіх нельга было ні зразумець, ні растлумачыць.

Яна напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны:

– Будзеце трымаць корд жаніха, – ласкава схіліла галаву. – Або мой шлейф. І ў тым і ў другім выпадку – сябра дому… Назаўсёды… І потым, я ведаю, што лепшага сведкі такой важнай для мяне падзеі не будзе. Ён паўсюль будзе расказваць пра яе праўдзіва… поўна… цікава.

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)