Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– А хрыстосавацца загадзя – не грэх? – пытае Стафан.
Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.
– Кагосьці яшчэ няма, – глухім голасам сказаў Алесь.
– Мяне, – і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.
Алесь жартам узняў яе, – ого!
Янька глядеза на яго сур’ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.
На сцежцы пачуліся крокі.
– Хто гэта тут маю нявесту чапае? – прагучаў юначы прыемны голас.
– Мсціслаў, – віскнула Янька і кінулася да яго.
Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.
Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з’явілася ўсмешка:
– Вялікая ноч?
– Вялікая ноч, дружа.
І гэта гучала, як: “Па-ранейшаму?” – “Давай па-ранейшаму, дружа”.
І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:
– То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?
– Бо тут Кагуты, – сказаў Алесь.
– Во шчасце якое, – наіўна сказала Янька. – А мы якараз хацелі ў Мілае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.
Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.
Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.
Мсціслаў стаяў і смяяўся.
– Я гэта чаму, – з удаванай наіўнасцю сказаў ён. – Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну – няма. Я ў Мілае – няма. Куды, думаю, цяпер?
У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.
– Пачынаецца, – сказаў Андрэй.
Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.
– Ты малайчына, – сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. – Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.
І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.
– Зараз званы ўдзярбаняць, – сказаў Кандрат. – Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.
– Лухта якая! – скзаў Мсціслаў.
– Я і не кажу, што праўда.
– Людзі вераць, – сказаў Андрэй. – Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон – валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.
– Ты глядзі, – сказаў Мсціслаў, – за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.
Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:
– І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.
– А ў яго хаданская мыза, – сказаў Мсціслаў.
У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.
– Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькі ў хмызы з Мсціславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукі не пэцкаць, асвенцім.
Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:
– “Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелі пяюць на небясех: і нас на зямлі спадобі чыстым сэрцам цябе славіці”.
Пад зоркамі між снежных бяроз, якія сталі цяпер аранжавыя знізу, плыло, агінаючы царкву, шэсце: нібы нехта павольна рассыпаў чырвоны мігатлівы жар.
Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сіняй з золатам хусце. Яна нібы імкнулася да агнёў, як сіні і залаты сумны махаон. І раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала надзея.
– Раўбічы, – голас Мсціслава ўпаў.
І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.
…Пан Яраш з Эвелінай, Франсам, Стасем і Юллянам Раткевічам ішлі паперадзе. Моцная Ярашава рука сціскала свечку, змрочныя вочы глядзелі паўзверх галоў: ён, відавочна, думаў пра іншае. І такі ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, і так клаліся на яго аблічча і абліччы суседзяў, на бліскучы жалезны бранзалет мяккае святло і змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замілавання да яго і да ўсёй гэтай сям’і.
Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена – аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.
Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.
“Майка. Майка. Майка”.
Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.
– Шэсце жон-міраносіц, – сказаў ціха Кандрат.
І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:
– Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву… Меланхолія!
І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:
– О… даруй, мілы!
Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.
– Патаўпешка, – сінія Андрэевы вочы звузіліся. – Дурное сяло. Ты што, не бачыш?
Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.
– Бачу, – нечакана сур’ёзна, з горыччу сказаў ён. – Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.
– Не твая справа, – ціха сказаў Андрэй.
І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:
– Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца – спалю Раўбічы… Корчака знайду, і разам спалім.
– Тфу, – сказаў Андрэй, – дурны ты.
– А што?
– Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца… Гэта ж страшна падумаць, што было б… Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.
…Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.
Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі… Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.
Мсціслаў прымусіў Алеся адступіць са сцежкі, а сам зрабіў крок наперад.
– Міхаліна, хадзіце сюды.
Рука ў руцэ, некалькі непаразумелых крокаў па сцежцы… І вось яна ўжо тут, а Мсціслаў знік у натоўпе.
Яны стаялі і глядзелі адно на аднаго. Вычварна зламаныя бровы Майкі на хвіліну вінавата апусціліся.
І яшчэ – ён мог бы паклясціся – у гэтых вялізных вачах на хвіліну прамільгнула радасць, тая, якую не схаваеш, якой не падробіш.
– Майка, – сказаў ён, – Майка. – І дадаў, амаль уладна: – Калі можаш, вер мне.
Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы… Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з’явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты. Няўжо не вінаваты? Пэўна ж не вінаваты. Мсціслаў меў рацыю. Як яна магла нават падумаць, што ён мог быць вінаваты?! Найлепшы, чысты, сапраўдны, той, якога хацелася вечна бачыць, якому заўсёды хацелася пакласці на грудзі сваю галаву, забыцца, адчуць сябе слабай.
У гэты час ад бабінца даляцеў вокліч:
– Хрыстос васкрэсе із мертвых!…
I яшчэ. I яшчэ.
Яны не чулі. І толькі калі ўзляцелі ўгору галасы спевакоў – пад шаты голых бяроз, пад зоры, – яна зрабіла крок да яго.
Звінелі галасы.
Крок, крок. Яшчэ крок.
І ён ціха сказаў:
– Хрыстос васкрос, Майка.
І працягнуў да яе рукі.