Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небяспечна, жыць без іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсці напралом праз лагер, не звяртаючы ўвагі на рэшту зняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуццё да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зняволення адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцця элементу. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт не так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», не маюць іншых пачуццяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку... Любымі сродкамі... Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстанне ў лагеры супраць бяспраўя й здзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў звязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім, паляком, які пасля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага каланізацыі Украіны й Беларусі.
А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпення й змагання са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю пражскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасля выяснілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш[198]. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — не думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб не думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, дзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
І вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава[199], і каб дабрацца да цвёрдага грунту, нам трэба было здымаць напластаванне моху. Пласт той быў часам у паўметра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох змярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.
З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падполлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганне. І вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — дзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён — бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цётак гадавалася яе дочанька Катруся. На следстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людскай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.
198
Люцыяй Антонаўна Клагіш (Тэтэрэ) — тэатральная дзяячка ў даваеннай Латвіі.
199
Трансава — тарфяная багна, дрыгва.