Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць не здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень — цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так змерзнеш, што здаецца табе — ты ледзьяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інею хлюпаты, быццам шэрсць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананнем, саграваемся слязмі. Калі трэба выйсці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі не здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш... Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, дзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзьяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламетрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампетэнтныя: 40–45), то здаецца, свет не той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які не мае права на існаванне, бо ніколі не ведаў людскасці ў адносінах да людзей, толькі мучэнні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сістэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасці. Няма святасцяў, ёсць адно — суцэльная хлусня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Чынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесленнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк»[200], як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сляпая паслухмянасць сляпой тыраніі, а не — дык голаў далоў.
200
Herrschende Volk (ням.) — паноўны народ.