Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 12 жніўня 1948 года, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 7 лютага 1949 года па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы — гэта была групавая арганізацыя, а другі — нешта накшталт: «Ведаючы, што на змену капіталізму мае прыйсці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй...» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. І так, маючы разам з мужам паўстагоддзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям’ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной Поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым не ведаў. Коган мне прапанаваў на следстве развесціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын... Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаюцца нават перад грозьбай смерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў без розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых,— не стрывае.
І так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозвішча). Калі мне надта хацелася есці ці было не вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысціянскіх святыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленне... Так, тое сумленне... Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсё, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленне й яны ясна сабе ўсведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і звярэюць яны ад здзеку й нявольнай працы, на дзесяцігоддзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і свету... Марксізм у яўнай практыцы.
Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвой на бярвеннях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё свае пакутнае прабыванне ў лагерох, а вось сяння ноччу меў тэмпературу, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэце. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося»,— зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо смяротнае рашэнне, і чвэрць стагоддзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасля свае т.зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людскога, пэўна, не змог бы такога чаўпсці з радасці, каб перамог. Тут здзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека распісвалі следавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я не ўбачыла ў жыцці Раманчука, гэтага нашага светлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.