Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць здзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад іх адракліся, вельмі асуджалі пасля гэтых герояў, што пасмелі выступіць супраць такога насілля. Гадка было слухаць, чытаць высказванні ўсякіх [...] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!
Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны паспелі перадаць людзям весткі аба мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё не верыцца, як той Люцынцы, да сяння не верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакарання...» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не паспелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і няцяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’язджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленні.
Доўга пасля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэхаў? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другi прасіў напісаць яму верш аб зняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі не можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:
Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасля, усе нехта перадаў чэкістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.
І так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяння пра гэта амаль нічога не ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятаю, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай». Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усё гэта некалі некаму яшчэ належыць даследаваць, каб ведалі людзі.
А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета... Аднолькавыя да атупення годы. Інта была цэнтрам т.зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т.зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна змена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб’ёмістыя, і нам не раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасвіліся каровы, раслі ранняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра — трансава, а дзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсцёбанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб’екты з сабакамі найчасцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасля смерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, большасць нялюдскі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб’ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават спявалі пад савецкі гімн:
Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недараслі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою, шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсціць, дык крычыць: «Выйди со строя!». Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, здзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сцяна, і спявалі. Спявалі ўкраінкі свае песні з паўстання, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й смяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю наспяваліся, ды намерзліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й збялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі не толькі Сталіна... Што ж, «земля наша широка и обильна»... Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясняць усю хлусню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, дзе няшчасныя людзі, а дзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы свету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя здзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосці заскрыгочуць і болей баяцца звяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім: