Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 192
Перейти на страницу:

І раптам амаль спуджана ўскінуць вейкі ад трубнага, гарластага клічу:

А ўжо, дзеў-кi, вя-асна iдзе!!!

Здалёк, з вёскі, нібы ў тон воклічу, адказвае хрыплы, дрымотны крык пеўня.

…Першая зорка ў вышыні. Празрыста-сіняе неба над густа-сіняй зямлёй. Але мяккая свежасць паветра не прыносіць спакою. Далячынь трывожыць, хвалюе, кліча. І, куды б ты ні павярнуў каня, насустрач табе з курганоў лятуць і лятуць трывожныя галасы:

Дай, Ма-рышка, клю-у-чы!

Зноў лёт каня. Але здалёк, з другога кургана адклікаецца другі голас:

Дай, Ула-дак, клю-у-чы!

Баліць галава, і не знікае знямога, і чаканне поўніць грудзі, і вецер свішча ў вушах, але скакаць няма куды.

Вось, з трэцяга кургана:

Ада-мкнуць зямлi-i-цу!

І яшчэ аднекуль, зусім здалёк:

Вы-пусцiць травi-i-цу!

Куды ўцякаць, калі веснавымі вечарамі, прагнучы нязнанага, лямантуе з курганоў аб вялікім сонцы ўся родная зямля?

IV

Я пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй…

Чаму магла навучыць кніга, якой было сто год і адзіны экземпляр якой так і астаўся з неразрэзанымі старонкамі? Не ведаю. Але гэта была нібы замураваная частка памяці цэлай эпохі. І мне здавалася, што на кожнай вокладцы – варта толькі ўгледзецца – напісана: “Хто згубіў сваю памяць – згубіў усё…”

Нечапаны аркуш паперы ляжаў на стале. За вокнамі вялізнага пакоя стаяў цёплы і цёмны вечар канца сакавіка. Позні вечар быў у садзе за двума вокнамі; позні вечар быў і на ціхай вуліцы, за іншымі вокнамі.

І раптам за вокнамі з’явіліся агні. Спачатку адзін, потым два, потым маленькае, як стажары, сузор’е, потым два сузор’і, тры, пяць, дзесяць.

Яны рухаліся вуліцай, здалёк і паўз мяне. Я не ведаў, што гэта такое, я проста бачыў, што гэта ўначы людзі нясуць агонь. Так, як вынес яго калісьці на сходы чалавек у белай сарочцы, з мужным і горкім тварам.

Людзі ішлі, ішлі, прыкрываючы далонямі цёплыя агеньчыкі свечак, якія мог згасіць нават слабы подых ночы. І ўсё ж яны ішлі за першымі, і далоні ў іх былі ружовыя, таму што іх наскрозь прасвечваў агонь. І кожны агеньчык быў слабы, але разам яны стваралі зарыва, якое пераможна плыло ў ноч.

І ніколі потым, як бы цяжка ні было, я не сказаў слоў старадаўняга пісца, запісаных ім на палях нейкага там “Апостала”: “Кніга-кніга, ужо мі ад табя моташна”. Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем, бо кожны раз я ўспамінаў ноч, у якой спачатку з’явіліся першыя, а потым усё людское мора, залітае агнём.

І я помню іх, людзей, што ішлі ў ноч, прыкрываючы жывымі, цёплымі далонямі агонь. Помню.

Над бярозамі, што абступалі царкву, віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры. З вокнаў і шырока адчыненых дзвярэй лілося на цвінтар і натоўп аранжавае святло. Зрэдку, калі галасы пеўчых узляталі асабліва высока, – у шатах бяроз, у гнёздах сонна ўскрыквалі і хрыпелі гракі.

У царкве вёскі Мокрая Дуброва, самай блізкай да Раўбічаў і Азярышча, ішла паўночніца па вялікай субоце. Вялікі натоўп тых, што не праціснуліся ў храм, стаяў на цвінтары, слухаў спевы. Сёй-той часам уставаў на пальчыкі і, выцягнуўшы шыю, заглядаў у агністую пячору. Бачыў адчыненую царскую браму, светлыя рызы папоў і зноў апускаўся, пагойдваючы галавой і ўсім выглядам паказваючы, што ўсё як мае быць, як заведзена: ведаем, бачылі, а значыць, можна пастаяць і на цвінтары, і няма асаблівай прычыны, каб дужа шчаміцца ў храм.

Сям-там гаманілі: аб вясне, аб тым, як ачуняла азіміна, і аб тым, у чым благалепіе літургіі вялікай суботы і ў чым яе адрозненне ад благалепія літургіі велікоднай.

Алесь прывязаў каня да агарожы і павольна пайшоў праз натоўп па галоўнай алеі.

Ідучы праз натоўп, ён усміхаўся. Выхаваны старым Вежам, Алесь ніколі не задумваўся аб сутнасці абрадаў. У гімназіі даводзілася выконваць. Можна з імі, а можна і без іх. І цяпер яго кранала хутчэй не тое, дзеля чаго людзі сабраліся тут, а самі людзі і тое, што яны сабраліся.

Вось адзін ціха цягне “ліцы ангельсціі”, выцягваючы шыю і найсаладзейшым чынам заводзячы пад лоб вочы. Астатнія стаяць і глядзяць яму ў рот… Вось скрыўлены рот бабулі… Белагаловы мужык стаіць на каленях, нібы перад плахай, безнадзейна звесіўшы галаву…

Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.

– Чаго ты?

– Ды я-як не плакаць… Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе… Бачыць будзе ўсіх, усё наша… бачыць.

Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.

А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах – слёзы… Б’ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.

– Не пабівайся так. Не трэба.

Алесь ішоў – і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.

Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй, да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.

Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся – Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.

– Юж по вшысткем, – іранічна сказаў Кандрат, – по мшы і по казаню[90].

– Здароў, братка, – узрадаваўся Алесь.

– Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.

Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.

– Ты з кім, Кандраце? – сказаў, бы праспяваў.

– Вось, – сказаў Кандрат. – Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.

– Што я, страшны суд? – адказаў жартам Алесь.

Нечаканыя словы Кандрата зачапілі яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жаніх у палуначы, хацеў убачыць Майку.

– Ну, не зусім страшны, – сказаў Андрэй. – А трохі ёсць. – Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.

І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі – ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.

– З велікоднай ночкаю вас.

Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на “вы”, калі Алесь скончыў гімназію.

– Ты што, пазней не мог?

Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.

– Гэй, а мяне? – разважлівы голас ззаду.

Нехта торгае за рукаў, Юрась.

– Юраська-Юраська, – смяецца Алесь. – А хто быў галыш мужаска полу?

– Ды ну цябе, – з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.

– Што “ну цябе”? – смяецца Кандрат. – А каму яшчэ ўчора… што?… Ну што, Алесь?

– Каму яшчэ ўчора бондачку[91] давалі? – падкусвае Алесь.

Рогат.

– Ціха вы, – паважна кажа Марта. – До ўжо. Во, грэх які. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр’евіч.

Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.

вернуться

90

Ужо ўсё… Скончылася набажэнства і казані (польск.). 

вернуться

91

Бондачка – хвосцік каўбасы з завязкай. Даюць маленькім дзецям, каб не грашылі пад сябе. 

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)