Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 192
Перейти на страницу:

Пастрыжныя браты сядзелі на доўгай тахце. Белавалосы Мсціслаў з ледзь прыхаванай грымасай страшэннай агіды курыў бацькаву цыгару. Голас, звычайна такі прыемны, загучаў груба, калі ён урэшце кінуў першае слова:

– Суцешыўся?

– Чаму не, – халодна адказаў Алесь.

– Віншую, – сказаў Мсціслаў. – Памяць каціная… Калі ты і з сябрамі так…

– З сябрамі не так.

Алесева сэрца падала ад жалю. Але зрабіць нічога было нельга.

– Звязаўся з Таркайламі, – сказаў Мсціслаў. – А ты ведаеш, што пра іх кажуць? Ты ведаеш, хто яны? Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі – яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца – каліта, замест мозгу – каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі… аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны – заб’юць учарашняга сябра.

– Калі “звязаўся” азначае “адзін раз пабыў у доме”, я сапраўды “звязаўся”.

– Угу, – сказаў Мсціслаў, – і кожны раз вас конных бачаць. Удвух. Ад Браніборскіх былых кліноў да Таркайлавай павароткі. Чорт палову свету аббегаў, пакуль вас не знайшоў ды адзін да адного не штурхнуў.

Алесь усміхнуўся:

– Трэба ж і чорта ўважыць, калі яму столькі бегаць давялося.

– Што ж, – сказаў Мсціслаў, – як сабе хочаш. Проста яшчэ і гэтыя чуткі дайшлі да Раўбічаў.

– Ну і што? Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною?

– Я думаю, да гэтага вас яшчэ можна было памірыць. Раўбіч таксама адышоў трохі. Зразумеў, што ўсё гэта не больш як брыдкія плёткі.

– Адкуль гэта ён раптам такі разумны стаў?

– З ім Біскуповіч гаварыў. Сур’ёзна. Пасля твае прамовы. А тут ты з Сабінаю. Трымаў ты сябе проста як хлапчынка. Чуткі дайшлі да Міхаліны. Усё, відаць, з той самай крыніцы ведаюць…

– Што?

– …што ты нібыта аддаў пустку па такой таннай цане, бо спадзяешся ў хуткім часе парадніцца з Таркайламі… І нібыта з панам Юрыем даўно дамоўлена і ягоная згода ёсць, бо ён слова не сказаў наконт арэнднай платы, прапанаванай табе.

Алесь збялеў:

– Як?

– “На вечныя часы”, – сказаў Мсціслаў. – “З умовай пабудовы сховішчаў…” Цяпер нават тыя, што верылі наконт таго, што ты з Геленаю невінаватыя, – маўчаць.

У Загорскага перахапіла дыханне. Удар быў разлічаны і страшны. Ён ускочыў з месца.

– Я ж нічога!… Яна заўтра…

І асекся. Усё адно нічога нельга было растлумачыць людзям, якія не верылі яму, а верылі абрыдліваму паклёпу.

– Няхай, – цяпер гнеў біў і яго. – Чорт з ёю, калі так. Медальён вярнуць?

– Не, – здзівіўся Мсціслаў.

– І добра. Я ўсё адно не аддаў бы. Плёткам пра мяне паверыла. Не хачу я такіх… Не хачу!… Не было ў мяне нічога з Сабінаю… Але ўжо калі яны так – я з самай беднай дзяўчынай ва ўсім Прыдняпроўі ажанюся… Простай, добрай…

Мсціслаў сядзеў сур’ёзны: паверыў Алесю.

– Ты пачакай, – глухім голасам сказаў ён. – Ты спачатку дачакайся Майчынага вяселля.

Алесь ляснуў зубамі і сеў.

– З кім?

– З Іллём Хаданскім…

– Як з Хаданскім?

– Так, – Мсціслаў казаў гэта, нібы яго душыў нейкі клубок. – Пасля весткі аб гэтай пустцы… яна як драўляная хадзіла з тыдзень… Пазаўчора гэты… з’явіўся… Прызнаўся ў каханні.

– І што?

– Дала згоду. Праз месяц заручыны.

Алесь глядзеў у кут. Потым барва кінулася яму ў твар. Ён адчуў млосную гарачыню ва ўсім целе. На хвіліну здалося, што ён вар’яцее.

– Ну, – сказаў ён. – Ну… ну… ну гэтага я і чакаў. Несправядлівасці… Самай абрыдлівай… У іх гэта заўсёды так…

– Не смей яе!…

Алесь убачыў, як пастрыжны брат шаруе адной рукой па кісці другой, нібы сцягваючы пальчатку.

– То што?

– Што… хочаш… Каго хочаш… Заўтра ж… Але яе… не смей! Заб’ю!

Мсціслаў раптам асекся. Угледзеў аблічча Алеся. Ён яшчэ ніколі не бачыў, як людзі плачуць без слёз.

– Мсціслаў, братка! То ты так кахаў яе?!

З хвіліну вісела маўчанне. Потым Алесь паклаў рукі на плечы Мсціславу.

– Даруй. Ты ідзі да яе. Ідзі. Разбуры ім усё. Адбі ад Хаданскага. Ідзі.

– Ніколі, – сказаў Мсціслаў.

Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг, аб тым, што лепей бы прымірыцца, разарваўшы непатрэбныя заручыны, але сустрэў крыўду, схаваную за вонкавай абыякавасцю. Заручыны разрываць было нібыта “позна”. Размова скончылася нічым.

Суцяшаў дзед. Калі ўнук вяртаўся вечарам у Вежу (не мог больш у Загоршчыне), стомлены, пасінелы ад дзённай скачкі па нівах і пушчах, галодны, часам мокры вышэй калена (шукаў дарогі каню), пан Даніла сядаў ля яго ў бібліятэцы і, паглядаючы ў агонь, казаў:

– Я ведаю, табе зараз здаецца, што ўсё мінула, усё скончана.

Алесь ніколі не дазволіў бы такой размовы з бацькам. А дзеда не трэба было саромецца. Ад яго нічога не трэба было хаваць. Дзед ведаў: тут нічым не паможаш, і кожны павінен сам прайсці гэта, стаць мужчынам, сам знайсці выхад. Ён толькі чакаў, каб якраз у гэты момант – не раней і не пазней – даць параду. Крызіс – ён разумеў гэта – яшчэ не прыйшоў.

– А тым часам нічога не скончана.

– Яны хутка заручацца.

– Хутка, – стомленыя вочы дзеда глядзелі ў вочы хлопцу. – Заручыны – гэта не вяселле. І нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла – усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу.

– Але ж нашто так мучыцца тады?

У глыбокіх вачах нараджаліся хітрыя іскры.

– А ты што – зручнасці хацеў? Яна ж зненавідная сапраўднаму каханню, лёгкасць гэтая, зручнасць.

Усмешка, нібы не вытрымаўшы, з’яўлялася на вуснах.

– Авідзій не дурань быў, калі даваў параду.

– Якую?

– Заходзіць праз акно, нават калі нішто не перашкаджае заходзіць праз дзверы. Quod datum ex, – скандаваў ён, – facili longum male nutrit amorem – тое каханне, што лёгка дораць, не цягнецца доўга.

І, станісты, ганарыста-моцны, схіляўся да агню.

– Вось агонь. Часам ён бывае далёка. Але ўсё адно, ідучы па гурбах, радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далёка. З часам дойдзеш… І я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі.

– А калі зусім замерзнеш?

– Глупства! Ідзі! Мужныя не гінуць…

Дзед ўсё разумеў. І рабілася лягчэй.

…Хмары, якія дзень і ноч цягнуліся над раўнінамі і ярамі, паступова з’ядалі снягі. На самых высокіх курганах з сонечнага боку сышоў снег, і ў праталінах звісалі пасмы сухой травы ды курэла вільготная зямля.

Чарнелі бакі курганоў. Бацькі дыхнулі цяплом з магіл.

Ад паўдня і да першай зоркі звінелі над зямлёй галасы: ля сціртаў і на курганах дзеўкі і хлопцы гукалі вясну. Стаялі тварамі на поўдзень і кідалі ў празрысты абшар страсныя воклічы.

У душу закрадалася дзіўная знямога і мука.

Алесь нібы ашалеў за гэтыя дні. З самай раніцы шукаючы палёгкі, часта не снедаючы, сядаў на каня і аб’язджаў многія і многія абшары. Ахрыплы ад ветру, з цяжкай ад сонца галавой, ён гайсаў ад пушчы да пушчы, пазбягаючы вёсак і вялікіх дарог, нібы ачмурэлы ад першай сапраўднай вясны ваўчок-пераярак, сам не ведаючы, куды яго цягне і што яму трэба.

Вакол было сонца, раставалі пад ім шэрыя наздраватыя сумёты, бялелі далечы. Дарогі нібы падымаліся вышэй палёў. І ў гэтым вялікім свеце толькі яму не было месца.

Першы жаўрук захлынаўся над снягамі, і яму было добра, бо гэта ён толькі што прынёс і падарыў нівам сонца.

Трывожна крычаць гракі, быццам дражняць чымсьці невядомым.

Вось на вітахмоўскай стайні гігоча жарабец. Дзікім, не такім, як заўсёды, гікам. Такое ржанне, што нездарма, відаць, паверыла дурная баба з казкі словам мужыка: “А гэта, любая, нашага пана чэрці дзяруць, то вось ён і раве дурным голасам”.

Коцікі вярбы. Коцікі, коцікі, коцікі вярбы. Зялёная на злом галінка вішні, якую, едучы верхам, можна трымаць у роце, заплюшчыўшы вочы, адчуваючы вільготны водар, свежую горыч і яшчэ штосьці невядомае.

1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)