Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
У пушчы, па котлішчах, асцярожна, каб, крый божа, не набраць пяску, зразаў у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне.
Вяртаўся позна, у прыцемак. Прытомлены сабака бег наперадзе, і, калі азіраўся, вочы яго, за пятнаццаць сажняў, свяціліся чырванаватым святлом.
Дзядзька ўжо чакаў. Дастаў з гарлачоў яблыкі, не салёныя і не мочаныя, а — сакрэт кухаркі — як быццам свежыя і толькі залітыя адной халоднай вадой і таму асабліва сакавітыя ад яе. Аднак гэта была не проста вада і не расол, а нешта зусім іншае. Нібы ў ваду налілі яблычнага соку: кіславата-саладкаватая, з пахам свежага яблыка. На пахмелле — за вушы не адцягнеш.
Перад сном, калі Алесь ужо ляжаў, людзі прыносілі тры-чатыры велізарныя ахапкі саломы і клалі на падлогу пры ляжанцы. Прыходзіў дзядзька пагаманіць з гадзіну перад сном. Набіваў ляжанку саломай, пакідаючы доўгую павесму, што злучала салому ў печцы з саломай на падлозе.
Закурваў куртатую люлечку, падпальваў салому ў ляжанцы і, седзячы на зэдліку перад агнём, здаецца, павольна, але спрытна, нідзе не абрываючы, цягнуў і цягнуў салому са стажка ў агонь. Нібы нітку з кужалю на ручной прасніцы. Толькі замест вярацяна круціўся ля ягонай правай рукі неўтаймаваны жоўты агонь.
— Не па-нашаму, вядома, — казаў дзядзька. — Людзі аж дзівяцца. Але прывык на поўдні. Ды і праца рукам.
Водсветы рабілі яго твар медным, а вусы — рыжаватымі. Цягнулася і цягнулася ў агонь, дрымотна шалахцела, не абрываючыся, залацістая саламяная пасма.
— Ваявалі, — казаў дзядзька. — І вайна ж тады падлючая была. Выходзім палком, адрэжам кавалак лесу, расставім пасты, каб не стралялі па воінах, дый выпляжым увесь лес. Усё чыста, акрамя ажыны. А потым, у суш, прыйдзем ды спалім. Дзікі ўцякаюць. Фазаны, бедныя, лятуць, ды, глядзіш, нейкі гарыць на ляту… Так, спалім на гэты раз і з ажынай. Прасекі вядзём, заложнікаў бяром.
Цягнулася салома ў агонь. Сухое цела колішніх каласоў.
— Агульго яшчэ раней узялі, — каторы раз успамінаў дзядзька каўказскія прыгоды. — Шаміль тады ў Даргу ўцёк. І пачалася вось такая вайна. Цяпер ёй толькі канец надыходзіць. Кажуць, акружылі нібыта імама ў Гунібе… А тады і канца гэтаму не прадбачылася. Пайшлі мы з галафееўскай экспедыцыяй на Чачню… Жыхары ўцякаюць, быдла крычыць. Словам, калі прыходзіць набег у аул — пуста там. Адны старыя ды куры. А то і старых няма, адны куры. Тут ужо казакаў за рукі трымай. А калі аул блізка і там у кагосьці з казакаў кунак ёсць — казакі салдат трымаюць. Вайна, вядома! Назавем для прыкладу тры аулы: Вялікі, Малы, Сярэдні Хунзах. Гэта я назвы зараз прыдумаў, для прыкладу. То вайна прыблізна такая будзе, па данясеннях: "Узялі аул Малы Хунзах. Жыхароў перабілі, курэй злавілі і з'елі, саклі спалілі, мячэць загадзілі"; "Узялі Сярэдні Хунзах. Мячэць запаскудзілі, саклі спалілі, пералавілі і з'елі курэй"; "Узялі аул Вялікі Хунзах. Курэй пералавілі і з'елі, мячэць загадзілі, саклі спалілі". Паўсюль, як бачыш, аднолькава. Усёй розніцы, што спачатку, а што потым. Ды яшчэ Малому Хунзаху разам з жыхарамі дасталася, бо ніжэй па гары ляжаў… Старыя салдаты і афіцэры гэтым грэбавалі. Ну, а шчанюкам, вядома, прывабна. "Начальства загадвае. Ягоны адказ. Круш-шы, хлопцы!" Дый гонар. То яго на стайні дзерлі або, скажам, да скарбніка на абед не запрашалі, а тут перам ім зямля гарыць… З той прычыны, што вайна не вайна была — звярэлі людзі, і ўжо як дойдзе да кінжалаў і куль, то трымай іх толькі. Але рэдка сапраўдная справа была. Аднойчы пайшлі лес сячы, і раптам — напад. Дзень біліся. Рэчка там такая ёсць… Назвы не нашы, то забыў… Ва… Валерка?.. Валетка?
— Валерык.
— Глядзі, правільна. Адкуль ведаеш?
— Вершы такія ёсць. Лермантаў напісаў.
Дзядзька на хвіліну адарваўся ад сваёй "пражы", каб паскрэбці падбародззе. Агеньчык, нібы толькі таго чакаючы, папоўз з печы да стажка.
— Куд-ды? — дзядзька, спаймаўшы яго, запхнуў назад. — Ану, хадзі да сваіх!.. Ведаў аднаго. І якраз у гэты час. На Валерцы і пры экспедыцыі.
— То гэта ж вялікі чалавек, дзядзька… Паэт?
— Ці паэт — не ведаю. А што паручнік — добра помню. Афіцэр быў неблагі. Толькі свавольны і непаслухмяны. Не хацеў у экспедыцыі ваяваць. Сэрца, значыцца, яму не дазваляла, каб загадвалі.
— Можа, гэта не той… Міхал?
— Міхал Юр'евіч, правільна.
— Ах, чорт, — дзядзька нібы адразу вырас у вачах Загорскага: трэба ж думаць, каго бачыў! — І гаварылі вы з ім?