Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Кандрат ведаў: адзiн удар — i смерць. Скокнуў, схапiў Андрэя за рукi. Тым часам Паўлюк зноў схапiў свой, а заадно i Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, i спiною прыцiснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогi размахнуцца, яны гупалi аднымi бiчамi то па сваiх руках, то па чужых спiнах. Бiчы боўталiся, як язык у звоне, i ляскалi мякка, але адчувальна.
Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.
— Скачаце? — з лютым гумарком спытаў Данька. — Танцы?
— Аг-га, — нічога не разумеючы, — сказаў Кандрат.
— Ну, то я вам апошні зараз сыграю, — усміхнуўся Данька.
I шлiхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсiх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.
— Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!
Урэшце да ўсiх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.
Браты адпусцiлi адзiн аднаго. Кiнулi цапы.
Няладна было ў гумне.
Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.
— Вы што ж гэта? — спытаў белы як смерць Данька. — Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.
Кагуты маўчалі.
— I, пэўна, праз бабу. Я i то бачу: на вёсцы адзiн смаляны плот ды тры балваны ля яго…Ды ёсць такая
баба, каб вартая была?!
Кандрат урэшце апамятаўся.
— До ўжо. Не чапай бабы.
— Я яе зачаплю, — пагрозліва сказаў Данька. — Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа…
Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:
— Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе… Ану мірыцеся!
Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.
— Я вінаваты, Кандрат… Вінаваты, Андрэйка.
— Чорта нам з таго! — сказаў Андрэй.
— Я сказаць хацеў — духу не хапіла.
— З табою яна хоча? — глуха спытаў Андрэй.
— Але… Не хацеў, браце.
Андрэй махнуў рукою:
— А, ды што там… Спаў ты, як сумленне раздавалі… Хадзем, Кандрат!
…Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Парушыў маўчанне Андрэй:
— Ну?
— Вось табе і ну. Праспалі.
— Ды што ж зробіш? Другому б бакі намялі. А тут… Брат усё ж…
І Андрэй разгублена ўсміхнуўся:
— Дурні мы с табою, дурні. Адразу б спыталі. Вось і дачакаліся.
— Свіння брат, — сказаў "на пяць хвілін малодшы". — Пад'ехаў-такі.
Кінь, — сказаў Андрэй, — ён добры хлопец.
— Добры хлопец. — Кандрат паліваў вадою гуз. — Як даў, то я аж сем касцёлаў убачыў… Ганьба цяпер! Бож-жа ж мой!
— Праляпалі мы с табой, браце, — сумна ўсміхнуўся Андрэй. — Адно нам з табою суцяшэнне. Быць нам старымі кавалерамі ды чужых дзяцей глядзець… Добра, што хоць не міне нашай хаты тая нявестка. І дзеці будуць — Кагуты.
Ён усмiхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. I хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца
сціскала, ён пажартаваў:
— Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязмену
ў рукі ды да Корчака.
Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.
— Нездарма, брат, Адам яблыкам падавiўся, — казаў Кандрат, з усёй сiлы хочучы развесялiць брата. —
Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.
— Што ж, — сказаў Андрэй. — Да Корчака дык да Корчака.
Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася-кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.
Адзінаццацігадовы Вацлаў успрымаў усё як належны знак павагі і любові асабіста да яго. Яго, шчасліўца, сапраўды любілі ўсе. Так было ў Загоршчыне, так было і ў Вільні. І таму ён і яго кампанія сустракалі маладую вясёлую цётку радасна, загадвалі дзядзьку ставіць самавар, даставаць прыпасы. А потым ішлі разам з ёю гуляць на гару ці ў парк.
І Сабіна дадала сваёй дабрыні ў чалавечаю пяшчоту, якая ледзь не з нараджэння абмывала маладога Загорскага.
І Вацлаў пакрысе прымірыўся з смерцю маці. Яго, як і Алеся, заўсёды абкружалі сябры, якія рыхтавалі ў яго ўрокі, разам з ім сваволілі і падхарчоўваліся.
Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці.