Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Гэты недавер да Осттрупэн, бадай, і прывёў да таго, што паўнамоцтвы па стварэньні мясцовых фармаваньняў на ўсходзе перайшлі ў рукі Гімлера: меркавалася, што пад эгідаю СС удасца арганізаваць больш надзейныя паліцыйныя нацыянальныя адзінкі.[131] Натуральна, такое рашэньне павялічвала значэньне СС на ўсіх землях акупацыі. У жніўні 1943 г. шэф Галоўнай управы СС Бэргер, які раней быў сувязным афіцэрам Гімлера ў міністэрстве Розэнбэрга, цяпер атрымаў пасаду шэфа дэпартамэнту палітыкі ОМі (з гэтага моманту перайменаванага ў Fuhrungstab Politik) і стаў такім чынам фактычным кіраўніком нямецкай усходняй палітыкі. Істотных зьменаў у палітыцы з гэтага, праўда, не адбылося. Тым ня менш менавіта гэтае прызначэньне перадвызначыла хаду шмат якіх пядзяў на Беларусі, асабліва пасьля забойства Кубэ.
Пасьля начнога выбуху ў доме гаўляйтара абавязкі генэральнага камісара Беларусі пачаў выконваць Готбэрг як фактычны HSSPF RM und WR. Гэта адпавядала пагадненьню паміж Гімлерам і Розэнбэргам, якое было заключана 19.11.1941 г. на выпадак адсутнасьці кіраўніка цывільнай адміністрацыі. 25.9.1943 г. Розэнбэрг пацьвердзіў паўнамоцтвы Готбэрга як намесьніка генэральнага камісара. Аднак само фармальнае прызначэньне мог выканаць толькі Гітлер — так значылася ў яго дэкрэце ад 17.9.1941 г. аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі на акупаваных землях СССР. Даўняя варожасьць паміж Гімлерам і ОМі і тут прывяла да новай сваркі. У кастрычніку 1943 г. Розэнбэрг пасьля ўзгадненьня зь Лямэрсам вырашыў прапанаваць на пасаду генэральнага камісара кандыдатуру свайго супрацоўніка — Шыкеданца. Але Бэргер, зацікаўлены ў тым, каб прывесьці на гэтае месца чалавека СС, рашуча запярэчыў. На думку Даліна, Гітлер пад націскам СС пайшоў на саступку, таму Готбэрг захаваў сваю пазыцыю. Аднак гэта не зусім дакладнае сцверджанне: да канца вайны Гітлер так і не падпісаў таго прызначэньня, і Готбэрг па-ранейшаму толькі выконваў абавязкі генэральнага камісара Беларусі.[132] Цяжка сказаць, чаму так атрымалася. Магчыма, Гітлер не хацеў надаць такой ролі СС, а магчыма, палічыў усю справу за ня вельмі важную ў тагачаснай ваеннай сытуацыі.
Новае становішча на фронце стварала новыя спэцыфічныя праблемы ў галіне кіраўніцтва. Па-першае, восеньню 1943 г. значна паменшала тылавая зона групы армій «Цэнтар», а па-другое, ад колішняга RKU[133] ў немцаў застаўся толькі невялічкі паўночна-ўсходні кавалак — Берасьцейская, Пінская і Кобрынская акругі. Таму Готбэргу была перададзена ўлада ня толькі на абшары Генэральнай акругі, але і цывільныя справы ўва Усходняй Беларусі, там, дзе яшчэ гаспадарыў Вэрмахт, аў лютым — з згоды Гітлера — ён часова прыняў пад сваё кіраўніцтва і застаныя тры паветы RKU. Фармальна гэтыя «набыткі» на ўсходзе і на поўдні так і не былі ўключаны ў адміністрацыйны склад Генэральнай акругі Беларусь, якая па-ранейшаму заставалася часткаю райхскамісарыяту Остлянд.
Спэцыфічны характар падначаленага Готбэргу абшару, які ў вялікай ступені быў прыфрантавой зонай, быў вызначальнай перадумовай незалежнасьці пазьнейшых яго паводзінаў. Да таго ж ён быў чалавекам СС, прэстыж ведамства значна пашыраў яму свабоду яго ўчынкаў. Ён мог ігнараваць залежнасьць ад уладаў RKO і адначасова — карыстацца шырокімі паўнамоцтвамі, якія Розэнбэрг прызнаў за генэральным камісарам Беларусі ў траўні 1943 г. Готбэрг імкнуўся вывесьці Беларусь з-пад фармальнага падначаленьня Остлянду, каб беспасярэдне падпарадкоўвацца Бэрліну. 1.4.1944 г. Гітлер выдаў дзеля гэтага спэцыяльны дэкрэт і тым самым узаконіў становішча, якое рэальна існавала з той нары, як памёр Кубэ. Варта заўважыць, што гэты дэкрэт ня быў апублікаваны і, такім чынам, не выкарыстоўваўся прапагандай.
Готбэрг не зьбіраўся працягваць палітычны курс Кубэ: ні Гітлер, ні Гімлер не былі прыхільнікамі палітычнага супрацоўніцтва з славянскімі народамі. Да таго ж станавілася зразумела, што Вэрмахту ня ўдасца ўтрымаць у сваіх руках тэрыторыю Беларусі. Готбэрг прадбачыў, што неўзабаве давядзецца праводзіць эвакуацыю, і загадзя распарадзіўся, каб галоўныя аб’екты ў Менску былі замінаваныя. Прапанова маршала Бунта наконт адступленьня да лініі Бярэзіны дзеля скарачэньня працягласьці фронту толькі ўзмацніла настрой няпэўнасьці. І хаця Гітлер адкінуў гэтую прапанову і загадаў не здаваць беларускай тэрыторыі, яго распараджэньне, як і шмат папярэдніх, не магло ўжо стрымаць нямецкага адыходу. Працягваць палітыку Кубэ папросту ня мела сэнсу.
131
У канцы 1943 г. шляхам мабілізацыі павялічылі свае сілы эстонскія і латыскія атрады СС, было збольшага ўжо скончана фармаваньне ўкраінскай дывізіі СС у Галіччыне. Затое ў выніку супраціву мабілізацыі не ўдалася спроба стварэньня літоўскага атраду СС, зь цяжкасьцю пасоўвалася справа фармаваньня паліцыйных батальёнаў на Беларусі.
132
Да канца акупацыі Беларусі ён падпісваўся як в. а. генэральнага камісара.
133
RKU — Райхскамісарыят Украіны.