Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Збірай на стол, усё, што лепшага ў хаце, стаў на стол. I настольніцу лепшую, святочную, даставай.
Жонка забурчэла, яна ўжо спала:
— Што за госці, што за гасцяванне пад першыя пеўні. Нячыстую сілу прывячаць будзеш?
— Нячыстую.— Сідар узрадаваўся словам жонкі, бы падслухала яго жонка.— Нячыстую прывячаюць заўсёды больш, чым чыстую. Паварочвайся, Дуня.
I сам кінуўся дапамагаць жонцы, і ўсё лепшае, што вялося ў хаце, было і на стале. I памідоры, і грыбы, і шкварка, і чарка. Пасля чаго, нарэшце, Сідар і сам пераапрануўся ў той самы касцюм, што падарыў яму на вяселле цесць. I прыйшоўся ён якраз па ім, правы быў нябожчык цесць, царства яму нябеснае. Сёння ён ужо не выпадаў з вясельнага касцюма, сапраўднаму мужчыну, гаспадару ўсякае адзенне да твару. Прыхарашыўшыся, сеў да стала і пачаў чакаць. I гатовы быў чакаць усю ноч.
А Мар'ян у тую ноч зусім і не думаў, што будзе гасцяваць у Сідара. Ён абышоў дзетдом і намерыўся ўжо ісці дамоў, але каля бэзу яго перастрэў Якуб:
— Ну што, пойдзем?
— Куды? — здзівіўся Мар'ян. Ён ужо забыўся праСідара.
— Паглядзім, як людзі жывуць,— нагадаў Якуб.
— Людзі?
— Людзі, Мар'ян, людзі. А мы з табой... Адразу пасля вайны пазыку для калгаснікаў узяў, каб адбудоўваліся. Тыдзень таму назад закончыўся тэрмін той пазыкі, ніхто не выплаціў. У доўг, Мар'ян, на пазыку ўсё сяло жыве.
— Сідар таксама ў доўг, на пазыку?
— З усяго сяла толькі адзін Сідар на свае грошы хату паставіў.
— Дык ты яго замест помніка пастаў, гуляе ж пастамент.
— Паставіў бы, Мар'ян, паставіў. Разлічыся ён за сяло, сплаці тую пазыку. З маёй кішэні вылічаць яе грозяцца. Так што твая праўда, не ведаю чаму, навошта з той вайны жывым выйшаў.
— Да Сідара паплакацца бяжыш.
— Не паплакацца, паглядзець, як людзі жывуць. I табе гэта, думаю, не пашкодзіць. Ён пра бацьку твайго больш за ўсё сяло ведае. Цесць яго да апошняга побач з ім быў.
— Вось таму я і не хачу яго бачыць і не пайду да яго,— сказаў Мар'ян, нечакана для сябе завагаўшыся, ужо амаль што вырашыўшы ісці да Сідара, таму што не было яму той ноччу нікуды дарогі. I каб не сустрэўся яму Якуб, ён, пэўна, перабыў бы ноч каля пастамента. Тупіковая была ноч, адсякала яна дзень мінулы, а значыцца, і будучы. Дык няхай ужо не будзе і гэтага дня: ноч і ноч. I не з таварышам, добрым сябрам, а з ворагам. Мо сапраўды бацька з таго свету перадае яму праз ворага сваё апошняе слова. У жыцці гэтых слоў ад яго ён чуў не так ужо і шмат, бацька ў хаце заўсёды быў толькі госцем. Усюды і ўсім дапамог, толькі не яму, роднаму сыну. I Мар'ян не працівіўся, калі Якуб узяў яго пад руку і павёў ад пастамента, ад дзетдомаўскага па-зімоваму ўжо чорнага і каравага бэзу.
Накрыты загадзя стол непрыемна ўкалоў іх, але выгляду ні Якуб, ні Мар'ян не падалі, таму і ішлі. I за стол селі адразу, як у воз упрагліся. Святочнай узрушанасці, як вядзецца ў застоллі, не было. Спраўна налілі, спраўна выпілі. З гаворкаю не спяшаліся, прымерваліся, прыкідвалі, час ці не час яе заводзіць. Атрымлівалася, што пасля першай яшчэ не час, і да таго ж настольніца была вельмі яркаю, не па мінуце, не па выпадку, які сабраў іх усіх разам, збівалі, надакучліва лезлі ў вочы чырвоныя крыжыкі, што конікі, якіх выпусцілі на белае поле. А яшчэ Мар'ян з Якубам стрымлівалі Сідара, бо таму вельмі ўжо няўсцерп было хутчэй перайсці да сур'ёзнага. I яны адчувалі сябе няёмка, усім сваім выглядам паказвалі яму, што зазірнулі проста так: выпіць і разбегчыся. I той, здавалася, зразумеў гэта, скарыўся, наліў па другому разу. Але цяпер не па-гарадскому, не палову шклянкі, а, як заведзена ў вёсцы,— па поўнай. I сабе поўненькую, без скідак на тое, што ён гаспадар, гаспадару не гожа піць нароўні з гасцямі, нягожа пры гасцях напівацца. Па поўнай усе трое і выпілі, перавялі дух, заелі. Чырвоныя конікі на настольніцы, здаецца, супакоіліся, перасталі скакаць перад вачыма, ціха хадзілі, пасвіліся сабе між закускамі. I яны налеглі на закускі. Сідар паклаў на стол папяросы.
— Закурым, мужыкі, ноч сёння — год, усё паспеем.Усё і ўсіх ураўняе ноч.
— Гэта так,— згадзіўся Якуб,— ноч злодзею, дзень — чалавеку. Ноччу ці днём будаваўся, Сідар?
— Ані дня, ні ночы не было, Якуб. Свету белага не бачыў. Разумею, куды ты гнеш. I не ведаю, як табе адказаць, усё ж на тваіх вачах было. За мною яшчэ і спасіба табе.Ты ж мне і дапамагаў. Без цябе мне з фундамента не вылезці б. Яшчэ раз дзякуй табе ад жонкі і дзяцей.