Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 221
Перейти на страницу:

Фізічна ён быў дужа кепскі і ведаў гэта. Прытомнасць яго, нібы канатаходзец на дроце, увесь час балансіравала над непрытомнасцю, гатовая кожную секунду сарвацца ў нябыт, і лейтэнант вялізным намаганнем волі асільваў сваю немач. Траціць прытомнасць, калі ён прыпоўз да самай дарогі, было ўжо занадта.

Пэўна, усё ж ён бы саўладаў з сабой і цяжка, паволі, але ўспоўз бы на дарогу, калі б не канава. Канава здрадніцкай пасткай пралегла на ягоным шляху. Іваноўскі ледзь не задыхнуўся, трапіўшы ў яе засыпаную снегам глыбіню, і закашляўся. Адразу ж адчуў, што пачалося кровацячэнне, тугі і агідны згустак выслізнуў з яго рота, і цёплы струмень крыві хутка пацёк з падбародка па шыі на снег. Ніц ён ляжаў на краі канавы і думаў, што нічога больш недарэчнага нельга сабе і прыдумаць. Гэтак цяжка, звыш усялякіх магчымасцяў паўзці ноч да дарогі, каб памерці за два крокі ад яе. Заўтра паедуць немцы, і ён замест таго, каб спаткаць іх з гранатай у руках, будзе ляжаць перад імі нікчэмным замерзлым трупам.

Прытомнасць яго зноў пачала марнець, і тут ужо не магло памагчы ніякае яго намаганне. Погляд заслала змрокам, увесь свет звузеў у яго адчуваннях да маленечкай, светлаватай кропкі, якая вельмі хутка меншала. I вось гэтая кропка пагасла. Але ўсё ж і на гэты раз штосьці перамагло ў ім смерць, і яго спакутаванае цела вярнулася да жыцця. Без жаднага намагання з ягонага боку кропка зноў засвяцілася, і ён раптам зноў адчуў вакол снег, сцюжу і сябе ў ёй, поўнага немачы і болю. Ён адразу ж заварушыўся, затузаўся, стараючыся ў што б там ні стала вырвацца са снегавой пасткі-канавы, успаўзці на дарогу. Пакуль ён быў жывы, ён павінен быў заняць апошнюю сваю пазіцыю і там скончыць жыццё.

I ён усё ж выбраўся з гэтай канавы, бокам узваліў на дарожны край цела, прапоўз яшчэ крокі чатыры і аціх, ужо не маючы ніякае сілы. Але пад ім была каляя, ён добра адчуваў яе сваім целам, аб’ехаць яго было немагчыма. Тады ён коратка, сцішана ўздыхнуў і пачаў рыхтаваць гранату.

З гранатай, аднак, давялося папакутаваць доўга, можа, яшчэ даўжэй, чым у канаве. Непаслухмяныя, памарожаныя пальцы яго, здаецца, зусім страцілі адчуванне, некалькі хвілін ён марна імкнуўся развязаць імі кавалак бінта, якім граната была прывязана да дзягі, але так і не здолеў яго развязаць. Пальцы слепа блукалі па сцягне, ён нават не мог намацаць імі канцы завязкі, і гэта было так неверагодна і так жахліва. Ён ледзь не заплакаў ад такой нечаканай здрады ўласных рук, але сапраўды, рукі першыя пачалі не слухацца яго. Тады ён локцем упёрся ў важкі кругляк гранаты і, сабраўшы ўсе сілы, якія яшчэ былі ў яго, даўлянуў ім на гранату ўніз, да сцягна. Штосьці там лопнула, і ён адчуў, што, адарваўшыся ад дзягі, граната ляжала ў снезе пад ім.

Але, відаць, ён надта многа патраціў на тое сілы і больш нічога не мог. Ён доўга ляжаў у каляіне, якую замятала віхурай, і думаў, што так яго, мабыць, і замяце снегам. Зрэшты, цяпер няхай замятае, спяшацца ўжо не было куды, ён дасягнуў сваёй мэты, — цяпер толькі б управіцца з гранатай. Няслушнымі, акалелымі рукамі ён усё ж намацаў яе металічную ручку, але чаку разагнуць не здолеў. Тады ён падсунуў гранату да падбародка і зубамі ўпіўся ў загнутыя канцы чакі.

Раней яму даволі было б кароткага руху двух пальцаў, каб разведзеныя гэтыя канцы выпрасталіся і іх можна было выцягнуць з рукаяткі. Цяпер жа як ён ні біўся, нічога з імі зрабіць не мог. Яны быццам прымерзлі там, нібы іх прыпаялі наглуха, і ён, выламваючы зубы і раздзіраючы дзясны, паўгадзіны грыз, круціў, выгінаў непадаткія канцы драціны. Напэўна, толькі пасля сотай спробы яму ўдалося захапіць абодва канцы зубамі і сціснуць іх у адно. Увесь час ён вельмі баяўся, што не паспее, што на дарозе з’явяцца немцы і ён ім нічога не зробіць. Немцы, аднак, не паявіліся, і калі граната была гатова да дзеяння, ён пачаў настойліва, цярпліва чакаць.

Але чакаць аказалася ці не самым цяжкім з усяго, што яму выпала ў гэтую ноч. Чуйным, абвостраным слыхам ён лавіў кожны гук у полі, ды апроч несціханага шуму ветру ніякіх гукаў вакол не было чуваць. Дарога, што вымусіла яго на звышмагчымыя намаганні і да якой ён гэтак імкнуўся, ляжала пустая. Усё навокал сціхла, заснула, толькі снегавая крупа аднастайна шархацела па намерзлай тканіне яго халата, паволі замятаючы яго ў каляіне.

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)