Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
На нейкі час Цімошкін разгубіўся, прыкусіў губу, у яго не хапіла рашучасці спыніць сяржанта. Гэта было нясцерпна — застацца аднаму ў такім няпэўным становішчы. Але ён усё ж пачакаў яшчэ, з болем, тугой і адчайнай надзеяй углядаючыся туды, дзе даўно знік Шчарбак. Усімі сіламі сваёй душы ён прагнуў, каб сябар паказаўся, азваўся, хоць як-небудзь напомніў аб сабе. Але ішоў час, а ніхто нідзе не адзываўся ўначы.
Тады хлопец, лаючыся і ў думках праклінаючы немцаў, завею і свайго земляка, штораз азіраючыся, пайшоў па прыкметнаму яшчэ, паўзасыпанаму следу Блішчынскага.
4
Шкандыбаючы адзін у гэтай снегавой каламуці, Цімошкін зразумеў, што Шчарбак — яго самая вялікая страта сёння. Яшчэ нядаўна, як толькі скончыўся той страшны разгромны бой і нямецкія танкі хлынулі на ўсход, здавалася хлопцу, што горшага ўжо не будзе. Палавіна іхніх салдат была пабіта, палеглі многія камандзіры, прарваліся ворагі, і іх засталося ўсяго толькі трое. Але сярод траіх быў Шчарбак — як заўжды, маўклівы, рашучы, дзейны. З ім не было адзіноты, і вялікае гора неяк лягчэй пераносілася ўдвух. Цяпер жа ён быў адзін: ні Здабудзькі, ні слаўнага, харошага Вані. Блішчынскі ж не быў патрэбны яму, — пайшоў ён — і хлопец не шкадаваў таго: хіба мог памагчы ў бядзе такі сябелюбец, як гэты яго зямляк?
I ўсё ж Цімошкін ішоў па ягоным следу — ішоў, бо ведаў, што Блішчынскі хітры і заўжды дбае наконт розных хадоў-выхадаў з усякага ліха. Да таго ж на маёравай сумцы ў яго быў компас. Завеяныя сляды ледзьве праступалі з-пад снегу і вялі цераз вялізнае поле, перасеклі схаваны ў снезе прасёлак, які можна было пазнаць па радзе тэлефонных слупоў з дзвюма ніткамі проваду. Затым, задыхаючыся, хлопец перайшоў невялічкі пагорак, абмінуў статак саламяных сцірт і зноў паплёўся палеткам.
Вецер шалёна сек снегавою жарствой па ягоным твары, але сняжынкі ўсё ж патроху радзелі і снегапад меншаў. Наўкола сталі відаць адзінокія дрэвы, дзе-нідзе — шнуркі вінаграднікаў з пахіленымі калочкамі ў кожным кусце; нейкія будыніны ён абышоў здаля — так вялі засцярожлівыя сляды Блішчынскага. I ўвесь гэты час адзінокага блукання з яго галавы не выходзіў Ваня Шчарбак.
Месяц назад ля дунайскай пераправы загінуў намеснік камандзіра іх батальёна капітан Батаў. Хоць і нядобра пра нябожчыка думаць благое, але быў ён вельмі крыклівы і не дужа справядлівы, гэты афіцэр. Аднойчы, яшчэ ў Трансільваніі, здарылася так, што батальён затрымалі дзве нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў вёсцы. Прамой наводкай яны з паўгадзіны расстрэльвалі пяхоту, як заўжды, па нямецкаму звычаю, не шкадуючы сваіх снарадаў. Да вёскі было якіх, можа, кіламетры паўтара, падбіць тыя самаходкі з саракапятак нечага было і думаць, а іншай артылерыі блізка не было, наступленне спынілася. Роты залеглі за насыпам уздоўж дарогі, чакаюць, што вырашаць камандзіры.
I тады гэты Батаў выклікае ўзводнага ПТА лейтэнанта Пішчука і загадвае на рысях выскачыць з гарматай з-за насыпу, пад’ехаць да грушы, што стаяла ў полі якраз пасярэдзіне між дарогай і вёскай, і прамой наводкай расстраляць самаходкі. Пішчук быў малады, не дужа спрактыкаваны лейтэнант, спрачацца з начальствам не ўмеў, сказаў толькі: «Ёсць!» — і пабег да разлікаў.
Калі ж ён аб’явіў разліку задачу, хлопцы апусцілі насы. Зірнуўшы хоць раз на поле, кожны з іх адчуваў, што жыць засталося некалькі хвілін. Да той грушы добрых 800 метраў, — паспрабуй дабярыся да яе па раллі на прыцэле ў дзвюх самаходак. Лейтэнант аб’явіў загад і марудзіць: сам ведае, што справа дрэнь і невядома, на што спадзявацца.
I тады Ваня Шчарбак падхапіў свой аўтамат, узяў яшчэ ў Кеклідзе супрацьтанкавую гранату, скінуў шынель і — у трубу пад насыпам. На тым баку ён па канаве прашмыгнуў да разоры ў палетку і па ёй хуценька папоўз да вёскі.
Увесь батальён глядзеў з-за дарогі на гэты адважны ўчынак Івана Шчарбака. Поўз ён доўга, прыпыняўся, адпачываў. З вёскі, пэўна, яго не бачна было, бо самаходкі зрэдку білі па насыпе, а яго не чапалі. На Іванава шчасце, нямецкай пяхоты ў вёсцы відаць не было, і ён, дапоўзшы да ваколіцы, схаваўся недзе за белымі, скрозь у матках чырвонага перцу, хаткамі.
Іван знік у вёсцы і доўга не падаваў ніякіх адзнак жыцця. Самаходкі зрэдку лупілі па гасцінцы, паранілі камандзіра шостай роты, аднаго сувязіста. I раптам у вёсцы — выбух, і з-за хат валіць дым. Самаходка загарэлася, а другая, пэўна ўчуўшы ліха, загыркатала маторам і падалася прэч за ваколіцу. Хлопцы павылазілі на дарогу, пасля па полі кінуліся да будынкаў. Саракапятчыкі прычапілі гарматы да перадкоў і таксама памчалі туды. I вось падкатваюць яны праз гароды да невялічкага садка, дзе дыміць самаходка, і бачаць: на паграбцы, у якім хаваецца ў венграў віно, сядзіць іхні Іван, бінтуе сабе руку і лае фрыца, які, уцякаючы, усё ж драпнуў яго куляй.