Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Апроч як пра сябе, ні пра каго ён не дбаў у жыцці. Некалі ў маленстве Цімошкін таксама быў патрэбны яму, каб памагаць пасвіць кароў, наглядаць за кратовымі норамі, у якія ён ставіў пасткі, каб красці ў Цімошкінага бацькі тытунь, які Грышка пасля курыў у полі. Бацька ягоны ў сям’і мала што значыў, дома ўсім распараджалася маці — упартая, сварлівая кабета, якая замуштравала ўсіх — і мужа, і трох дачок, толькі Грышка праз сваю хітрасць не паддаўся ёй. Гэтыя набытыя з маленства ўвішнасць і себялюбства на ўсё жыццё сталі яго адметнаю рысай.
Трапіўшы пасля партызанкі ў запасны полк, Грышка пачаў новае жыццё з таго, што выкрыў аднаго франтавіка-сяржанта, які поначы хадзіў у самаволку. Сяржант — разведчык па спецыяльнасці — быў хлопец разумны і з ордэнам, атрыманым яшчэ ў сорак першым годзе. Звычайна пасля вячэрняй праверкі ён выходзіў з казармы і бег цераз поле на станцыю, дзе яго чакала каханка. Да пад’ёму ён спраўляўся вярнуцца назад на сваё месца на нарах, і ўсё пакуль ішло шыта-крыта. I вось, стоячы днявальным, Блішчынскі аднойчы прыкмеціў самавольшчыка. Нейкі час ён нікому аб тым не дакладваў, маўчаў да сходу, на які прыйшлі нампаліт камандзіра палка, камандзір батальёна і іншыя афіцэры. I тады Блішчынскі, папрасіўшы слова, выступіў з палымянай прамовай наконт парушэнняў вайсковай дысцыпліны. Тады ж ён і выкрыў сяржанта, якога неўзабаве пасадзілі на гаўптвахту, а затым датэрмінова адправілі на фронт. Начальства з таго сходу «заўважыла» Блішчынскага; яго «непрымірымасць» да недахопаў і ўменне прыгожа выступаць многім спадабалася. На другім сходзе хлопцы абралі Грышку сакратаром ротнай камсамольскай арганізацыі.
Пасля ён у вольны ад заняткаў час намаляваў партрэт свайго камандзіра роты. Камандзір, відаць, не дужа што разумеў у гэтым мастацтве, але капітан на партрэце выйшаў прыгажэйшы, маладзейшы і болей зухаваты, чым на самай справе, і сэрца яго не засталося абыякавым да таго падарунка. Неўзабаве радавы Блішчынскі, уладкаваўшыся ў ленпакоі, маляваў партрэты правадыроў, ладзіў наглядную агітацыю, а ўсе іншыя байцы ў гэты час адшліфоўвалі на спякоце самую цяжкую тэму тактыкі — стралковая рота ў наступальным баі.
Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён уехаў на штабной машыне.
Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.
3
Ісці станавілася ўсё цяжэй. Яны набрылі на нейкі палетак, пэўна, узараны ўвосень, боты коўзаліся, ногі падварочваліся на грудах і ямках, вецер сек снегам па твары і сляпіў вочы. Было няўтульна і сцюдзёна. Снег падтайваў, ліпнуў да твару і па шыі золкай макрэддзю сцякаў за каўнер. Шчокі ўсё больш дубянелі ад сцюжы, мерзла і балела ад холаду захутаная ў бінты рука. Рукавіцы Цімошкін недзе згубіў у баі і цяпер здаровую руку хаваў за пазуху або ў кішэню. Але тады спаўзаў з пляча рэмень аўтамата, трэба было прытрымліваць яго, і пальцы так закалелі, што ледзьве згіналіся.