Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Пасля, задраўшы голаў, ён трохі пабулькаў, выцер далонню вусны і, не закрываючы пляшкі, спытаў:
— Табе даць? От добра! Селязёнка пацяплела. На, глыні. Толькі нямнога.
Цімошкін нерашуча ўзяў, азірнуўся і, паднёсшы да вуснаў марознае рыльца, глынуў разы два. Ніякай асалоды ён не адчуў, але пахучая вадкасць сапраўды жарам разлілася ў грудзях, адразу стала цяплей. Хлопец аддаў пляшку і, адчуваючы, як паток нейкага новага, нязвыклага пачуцця напаўняе яго істоту, ішоў побач. I тут яму раптам стала вельмі самотна, вельмі прыкра, што побач у такой бядзе зусім не той чалавек, якога б хацелася. «Эх, Ваня, Ваня!» — прашаптаў хлопец, усё азіраючыся, але ззаду над бялявым долам вісела змрочная зімовая ноч.
Блішчынскі шырока сігаў, Цімошкіну было цяжкавата ўгнацца за ім, але ён, як мог, намагаўся не адстаць. Размаўляць у яго не было ніякай ахвоты, два гарачыя глыткі неяк зусім засамоцілі хлопца.
— Чаго ты такі кіслы? Га? — пытаўся Блішчынскі. — Што, сябрук прапаў? Плюнь ты, які можа быць сябра на вайне? На дзень-два. Пасля ўсё роўна — разлука, разумееш! Хто ў Магілёўскую губерню, хто ў шпіталь. Разумееш?
Цімошкін маўчаў, ён ведаў, што Блішчынскі не зразумее яго турбот, ды хлопцу гэта і не трэба было.
— А наогул, ты ёлупень. Чаму б табе каля мяне не трымацца? Я б цябе не даў скрыўдзіць. I памог бы. Што, думаеш, сілы мала? Думаеш, нейкі там пісар! Ха, мала ты ведаеш. Разумееш? У мяне ўлады не меней, чым у маёра Андрэева. Нядаўна ў артмайстэрні ездавы выбыў. Шапнуў бы Борку Паўловічу са страявой часці, ураз бы перапісаў цябе, і канцы ў ваду… Нябось, не валокся б цяпер чорт ведае дзе. Разумееш?
Цімошкін непрыязна агрызнуўся:
— Чаму ж ты валачэшся, такі разумны?
— Я? То выпадак. Разумееш! Што я, дурны, ці што? Думаеш, я для якога медаля на дурасць пайду? Дудкі. Пляваў я на медаль і на дурняў. Маё жыццё даражэй за медалі. I каб не выпадак, я б цяпер да-а-лёка быў. Ужо б немцам не даўся б. Разумееш?
— Што ж цябе ўтрымала?
— Што, што… Грыцэнку — ардынарца Андрэева — пазаўчора падстрэлілі. Разумееш? I трэба ж яму было падлезці пад тую кулю. Дык маёр Андрэеў уранку кажа: пойдзем, праветрышся, а то ты тут дымам прасмярдзеў. Ну што ж, думаю, пайду. Можа, за паўдня якога ліха не здарыцца. Пайшлі ў трэці батальён, і вось табе на — якраз прарыў. Маёру дзве кулі ў жывот — сканаў, яму і клопату мала. А я вось уліп. Ось так. Разумееш?
Ён відавочна хмялеў. Рухі яго сталі рэзкія, левая рука шырока адмахвала ў такт крокаў. Пільнасці ён, аднак, не траціў і, гамонячы, кідаў хуткія, кароткія позіркі ў бакі. Здаецца, землякова маўклівасць заахвочвала яго спавядацца, і пэўна таму, што тут не было сведак і становішча і заставалася няпэўным, ён, як гэта бывае пасля доўгай зацятасці, перастаў таіць свае думкі.
— Мы з табой, Цімошкін, землякі, брат, і разумеем адзін аднаго. Праўда, там некалі не дужа ладна жылі. Але глупства — вядома, пацаны былі. А цяпер? Трэба ж цвяроза глядзець на ўсё. Ты не думай, што я сяржант, дык мала што разумею. Хе, не, брат. Думаць трэба. Ось! Пад танк кідацца няшмат розуму трэба. Гэта і дурань зможа. Але шцірб цур рэхтэн цайт[6], як пісаў Ніцшэ. А стары не дурны быў. Вось. Мы маладыя, нам трэба на вайне выжыць, і выжыць з толкам. Разумееш? У тым уся соль.
Агідны чалавек. Ён быў варты таго, каб даць яму ў морду, думаў Цімошкін, але, сашчапіўшы зубы, трываў і слухаў. Яму хацелася зведаць земляка да канца, бо, адчуваў хлопец, недзе ў ім закладзена гэтая адгадка яго натуры, яна сёння свярбіць у яго, і Блішчынскі штось выкажа.
— У палку што? У палку, хоць бы і ў штабе — гарота. Не кулі, дык снарады, бомбы. Ось бы ў корпус забрацца. Гэта ўжо парадачак. Разумееш? Была ў мяне спадзёвачка… Каб не гэтае ўчора. Ну, але нічога. Мо нават і лепей. Ты запамінай: выйдзем — перш-наперш прыбіцца да якой тылавой часці. А там паглядзець. Ты каля мяне трымайся. Я і цябе ўладжу. Не прападзеш! Разумееш?
— Значыць, у тылавыя часці, так? Прасіцца? — з прытоенай з’едлівасцю запытаўся Цімошкін. Але Блішчынскі не адчуў ці не зважыў на яго тон.
— Ну і што ж, папросімся. Падумаеш! Рапарцічку напішам: так і так, часць разбілі, мы засталіся. Праявілі геройства, біліся да канца…
— Эх ты! — сказаў Цімошкін, ужо не хаваючы сваёй пагарды да яго.
— Што? Хто я?
— Смоўж ты, вось хто. I табе гадка ад самога сябе не бывае?
Блішчынскі фальшыва заржаў, коратка акінуўшы земляка халодным позіркам.
— Што, можа, данясеш? У смерш данясеш? Як выйдзем? Чорт у зубы. А сведкі дзе? Хто чуў! А я скажу на цябе не такое. Скажу, што ты ў немцаў у руках быў і даваў паказанні аб нашых войсках. Ну? Што? Ага, не падабаецца. Ось як. А ўрэшце, я пажартаваў. Каб цябе праверыць, якім духам жывеш?
6
Умей памерці ў час. (ням.)