Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Наваколле звузілася, адасобілася ад іх мільготкім полагам снегу, і хлопец ледзьве мог пазнаваць наперадзе цьмяныя постаці сваіх спадарожнікаў. Ён ішоў па іхніх слядах, ужо прысыпаных снегавой пацярухай, і думаў: хоць бы не спатыкнуцца, не пакаўзнуцца, бо тады наўрад ці знайшоў бы ў сабе сілы ўстаць. Надвор’е трохі абнадзейвала. Хоць і цяжка было ісці, але яны разумелі, што пад такім снегам лягчэй будзе мінуць перадавыя нямецкія часці, і калі яны дзе нечакана не наткнуцца на немцаў, дык заўтра будуць у нашых. Толькі б дабрацца да сваіх, пазбыцца адзіноты, і там ужо нічога не было б ім страшна.
Снуюць, мітусяцца сняжынкі, шапоча, віруе, імкне ля ног снегавая віхура, цягнуцца і цягнуцца ў доле бясконцыя ямкі хлопцавых слядоў. У Шчарбака след шырокі і роўны, боты вялізныя (сорак чацвёрты памер — такіх болей ніхто не насіў у батарэі), Блішчынскі ж свае трымае трохі навыверт, наскамі ў поле…
Раптам перад Цімошкінавым тварам — Шчарбак. Пэўна на хаду прыдрамаўшы, замковы не заўважыў, як хлопцы спыніліся, каб перавесці дыханне і дачакацца яго. Ён здрыгануўся, прахапіўся з санлявасці, і ўсё — непагода, хлопцы і снег — здалося нечаканым, як бывае, калі чалавека знянацку пабудзяць.
— Кажу, прыстаў, мусіць? — пытаўся Шчарбак, стоячы перад ім, увесь абсыпаны снегам.
— Нічога, — сказаў Цімошкін, адчуўшы ў яго голасе ледзьве прыкметныя ноткі спагады. Ад гэтага клопату хлопец зноў стаў мацнейшы, нядаўняя крыўда ўраз прапала — цяпер ён ужо разумеў, што ў такіх абставінах недарэчна залішне патрабаваць ад сябра. Шчарбак падышоў да яго і крануў на плячы аўтамат.
— Дай сюды, — упэўнена, як пра нешта дробнае, сказаў ён і зняў з яго зброю. На дзязе ў наводчыка вісеў пісталет, на спіне быў рэчмяшок з клінам, на правым плячы хлопец нёс аўтамат Скварышава, цяпер на левае начапіў яшчэ зброю Цімошкіна. Блішчынскі тым часам стаяў побач, адвярнуўшыся ад ветру, і чакаў, каб рушыць далей.
— Так, хлопцы, пад вецер трымайце. Цяпер вецер — арыенцір, — сказаў ён з прывычнай сталай самаўпэўненасцю.
Зноў яны пайшлі па полі, супраць ветру, нізка ўгнуўшы галовы, каб трохі засцерагчыся ад сцюжы. I зноў Цімошкін пачаў патроху адставаць, а яны ўсе — Шчарбак, Блішчынскі і нават Здабудзька, няпэўнымі цёмнымі плямамі варушыліся наперадзе ў снегавым змроку. Добра, што ў доле заставаўся след, і хлопцу не трэба было дужа ўглядацца, каб не збіцца з кірунку.
Змораны і апанураны гэтай хадою, ён не адразу пачуў, як там, наперадзе, дзе ішлі хлопцы, нешта здарылася. Здаецца, хтосьці ўскрыкнуў, затым зусім блізка і трошкі ўбаку загрукацела чарга, да яе зараз жа далучылася другая з іншага месца — шэрую каламуць ночы над галовамі прарэзалі трасіруючыя агніста-зялёныя струмені куль. Гэта здарылася так нечакана і так блізка, што, не зразумеўшы яшчэ, у чым справа, Цімошкін распластаўся на снезе. У голаў адразу ўдарыла думка: «Прапалі!» I тады зусім непадалёк у заснежаным небе рассыпалася агаяная кветка ракеты. Яе блізкае дрыготкае святло, нядоўга патрымаўшыся ў снегавой высі, асвяціла белае пустое поле і тры цьмяныя постаці зводдаль. Па зеленаватым мільготкім снезе яны апантана беглі некуды ўбок, Цімошкін зараз жа ўскочыў і з новаю сілай ірвануў у змрок за таварышамі.
Некалькі трасіруючых чэргаў сцябалі ноч зялёнымі пісягамі куль. Ззаду засвяціла, другая ракета. У доле ад хлопцавых ног палахліва кінуўся ўбок доўгі хісткі цень. Ён упаў, пасля ўскочыў, азірнуўся — здаецца, за імі не гналіся.
Крышку адышоўшы ад перапалоху, Цімошкін зразумеў, што гэта стралялі з танкаў — гукі стрэлаў былі гулкія, нібы аддаваліся ў бочцы. Але неяк раптоўна ўсё змоўкла, пэўна, кулямёты дастралялі па стужцы і сціхлі. Ззаду яшчэ загарэлася ракета, пасля яшчэ дзве разам. Хлопец прысеў, углядаючыся ў змрок, трошкі падсветлены імі — наперадзе нешта цямнела. Калі ракеты згаслі, стала вельмі цёмна, і Цімошкін, як толькі мог, цяжка і нязграбна патрухаў туды, дзе яму паказаліся людзі.
Бегчы давялося доўга, а таварышаў усё не было, і ён ужо пачаў непакоіцца. Але вось з прыцемак невыразна пачулася: «Гэй!» Цімошкін угледзеўся — наперадзе праз снег чарнеў голы куст, і ля яго варушыліся людзі. Хлопец падышоў — ля куста стаяў Шчарбак. Ён чакаў сябра, аддаў назад ягоны аўтамат і запытаўся: