Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Так яны ляжалі ў цемры, запарушаныя снегам, акалелыя, з трывогай і напружаным чаканнем у сэрцах. Блішчынскі адкінуўся на бок і чакаў так, — змалку знаёмы Цімошкіну чалавек на гэтай чужой, далёкай зямлі. Але дзіўная рэч — хлопец не мог цяпер знайсці ў сабе ні кропелькі пачуцця да яго: ні таварыскасці, ні варожасці. Яго як бы і не было побач. Ад яго Цімошкіну нічога не трэба было. Калі б што здарылася, ён не чакаў бы ад яго дапамогі, калі б загінуў Блішчынскі — ён не ведаў, як паставіўся б сам да таго. Невядома, што адчуваў Блішчынскі ў адносінах да яго, — пэўна, тое ж самае, але знешне яны былі пакуль стрымана-спакойныя. Усё ж іх прыдушыла адною бядой, і з-пад яе яны выбіраліся разам.
I тады ў хлопцава сэрца пачала ўпаўзаць трывога. У іх не было гадзінніка, яны не ведалі, колькі часу ішлі і ці даўно прапаў у цемры Шчарбак, толькі, здавалася, праляжалі яны ў снезе нямала. У Цімошкіна ўжо закалела ўсё ўнутры. Не вытрымаўшы сцюжы, ён устаў і пачаў грэцца, размахваючы рукамі. Вельмі мерзлі астылыя ногі ў адсырэлых ботах, а параненая рука дык зусім ужо адмерзла. Блішчынскі неяк болей цярпліва зносіў холад, з кучай снегу на плячах і на шапцы ён курчыўся ў доле і пазіраў у той бок, дзе знік Шчарбак.
Снег усё ішоў і ішоў, сыпаўся і мёў касымі пасмамі з неба; марудна поўз час, а Шчарбака і Здабудзькі ўсё не было. Цімошкін ужо вытаптаў сцежку пад гэтым адзінокім калючым палявым кустом, праглядзеў, як кажуць, вочы, а ніхто нідзе не з’яўляўся. У голаў ад напружання лезлі розныя нядобрыя здагадкі: ці не трапіў у якую пастку і сам Шчарбак? Ці не нарваўся дзе ён на якую засаду? А можа, не адолее дзе параненага Здабудзьку? Ці мо заблудзіў у цемры? Можа, трэба было ісці шукаць яго, а можа, чакаць тут, дзе ён іх пакінуў? Усё гэта пакутнай няпэўнасцю грызла хлопцава адчуванне, але ён не ведаў, што зрабіць, каб хутчэй дачакаць Шчарбака.
Блішчынскі маўчаў нядоўга. Відаць, урэшце даняла і яго сцюжа, — сяржант ускочыў, патупаў на адным месцы, грэючыся, і загаманіў незадаволена і буркатліва:
— Ну, вось і не паслухаў мяне і цяпер недзе ўліп. Пашлі дурнога, за ім другога. Разумееш? А нам мерзні тут!
Цімошкін маўчаў, глядзеў усё і слухаў, а ён працягваў сваё:
— Факт — папаўся недзе. Або зблудзіў.
Цімошкін усё маўчаў. Хлопцу не хацелася спрачацца з ім, бо ён ужо ведаў, што той скажа далей. Але ён сказаў нечаканае:
— А можа, ён у адзіночку да сваіх ірвануў? Аднаму зручней. Безумоўна. Так і ёсць.
— Што ты плявузгаеш? Ты б падумаў спярша, што кажаш.
Блішчынскі пастукаў абцасам па абцасу і з упэўненасцю, якая ніколі не пакідала яго, разважна вытлумачыў:
— Слухай, заўжды выходзіць па-мойму. Разумееш? Я казаў таму: не ідзі. Ён пайшоў. Цяпер адно з двух: або ў немцаў, або драпануў, а нас пакінуў. Ну дакажы, што не так?
— Што даказваць? Ён жа не ты.
Блішчынскі фальшыва засмяяўся, пасля абарваў, уздыхнуўшы:
— Кожнаму свая кашуля бліжай да цела. Старая ісціна. Ад тае яго ўпэўненасці, з якой было сказана гэта, у Цімошкіна ўзнік неспакой. Вядома, ён, нават паміраючы тут, не падумаў бы, што Шчарбак знарок пакінуў іх, але ж праўда, што мог ён і заблудзіць у гэтай цемрадзі і прамінуць гэты куст. На самай справе, колькі ж яго трэба чакаць і чым можна дапамагчы яму і сабе? Гэтыя пытанні-клопаты вялізнаю трывогай паўставалі ў хлопцавай душы. Урэшце Блішчынскі, пэўна, рашыў даканаць земляка.
— Ты паслухай: калі мы да ранку не выберамся, то заўтра нам канцы. Разумееш? Куды мы дзенемся, калі вакол немцы!
Цімошкін таіў у сабе няпэўнасць і не ведаў, што рабіць далей. Недзе ў снежнай ночы немцы, немаведама дзе фронт, нідзе ні стрэлаў, ні ракет, усё наваколле сцялося, азмрачнела сціхла, толькі снег шорсткімі косамі ляпіў і ляпіў з ветранага неба. У доле яго ўжо набралася многа, пад ім хавалася трава, да халяў грузлі боты, а ён усё ішоў.
Трывога кашчаватымі пальцамі сціскала хлопца, не давала стаяць на месцы, прымушала нешта рабіць, але, апроч як глядзець і чакаць, — што можна было надумаць? Блішчынскі яшчэ больш занепакоіўся, ды і Цімошкін пачаў разумець, што выйдзе, відаць, па-ягонаму: і Шчарбака яны не дачакаюць, і самі сябе не ўратуюць.
Нарэшце Блішчынскі паддаў плячом аўтамат.
— Ну, ты як хочаш, а я пайшоў.
I ён хутка пакрочыў па снезе прэч ад земляка ў змрок ночы.