Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 192
Перейти на страницу:

ІІ

Пачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.

Дваране з’ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе “паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян”.

Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.

Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.

Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.

– Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты…

Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.

У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.

Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.

І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.

Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.

Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць зямлёй. Прынцып, які арлоўскі селянін выказваў словамі “мы – вашы, а зямля – наша”, тут не існаваў. З польскім раздзелам людзі нібы маўкліва ўмовіліся пакінуць у звычаёвым праве ўсё як было, не ломячы старога звычаю. Прыбылых паноў хутка перавучвала самое жыццё: небяспечна было выглядаць не такім, як суседзі, белай варонай і першым кандыдатам на нечаканы падпал, пасля якога і канцоў не знойдзеш.

І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.

Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.

– Пан граф гуляе ў віст?

– А чаму мне не гуляць у віст?

– Ты звар’яцеў, – сказаў князь. – Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?

– Князь…

– Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку – віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!

– Гэта не ад адных вас залежыць, – сказаў Ілля Хаданскі.

– Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?

З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.

– Вось што, – сказаў Загорскі. – Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то – ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.

– Лухта, – сказаў стары граф.

– Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.

Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.

На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.

Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.

– Не можа быць? – з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.

– Я табе кажу. І вось нібыта стаў наш князь перад Міхалінай на калені дый прызнаўся ў каханні. А тая глядзіць на яго непаразумела і ніц не ўтаропае. Ён да яе: “Люблю”. А яна яму: “Што ты, Алесік, я не магу цябе любіць. Я Наташу люблю… і Ядзечку”.

Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.

Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.

– Пан Якубовіч, – сказазў Алесь, – хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?

Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.

– Гэта што ж, наша высакародная зборня – карчма, ды яшчэ і брудная? – спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.

– Чакай, – уладна перапыніў Міхал, – тут мая справа.

Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.

– Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.

Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.

– Заб’ю! Штафірка, шпак дохлы!

Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.

– Калі вы так трымалі сябе на бастыёне – гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, – сказаў Алесь.

Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.

Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскіх прымусіла іх пайсці на ўчынак, які не мог не парушыць адносін між Майкай і Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з’ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар’ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

– Малады, а такі ўжо распусны, – шапацела чутка. – Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…

– Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

– І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

– А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…

1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)