Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 124
Перейти на страницу:

Пранціш толькі злосна зіркнуў на паненку, бо яна была права: тры гады таму пана Вырвіча не раз аж калаціла ад нянавісці да дзёрзкага халопа — няхай не забіць, але збіць яго, зламаць дужа хацелася. Тады й падумаць не мог, што халоп будзе ў якасці прафесара адпраўляць былога гаспадара ў карцэр.

Пан Гервасій злосна падбіў нагой кавалак вугля, які валяўся на бруку і які, магчыма, нейкі галадранец шпурляў у залачоную карэту.

— Можа, наезд ўчыніць? Падпільнаваць багатага махляра-купчыну, ці ліхвяра… Адабраць грошы ў злодзея — урону шляхецкай годнасці няма!

— Займацца рабаўніцтвам не будзем! — цвёрда заявіў Лёднік. — На маёй душы і так грахоў хапае.

— А давай я ў гулецкі дом пайду! Дзе стаўкі павышэй… — энергічна прапанаваў Пранціш. — Я ж і ў косткі, і ў карты…

— Абдзяруць, як ліпку, — адрэзаў прафесар, — Пры ўсіх вашых талентах і шанцаванні, вашамосць, гэта на апошняй лаўцы аўдыторыі вы аднакурснікаў абыгрываеце, а супраць мясцовых шулераў не пацягнеце… А яшчэ можна і лязо ў бок атрымаць.

— Дзе ж, вашамосці, у такім разе, мы да пазаўтрашняй раніцы здабудзем тысячу фунтаў? — са слязьмі ў голасе папыталася Паланэя. — Ведаеце, панства, я вельмі хачу зноў пахадзіць у сукенцы! А для гэтага трэба ўдала завершыць падарожжа.

Побач прайшла гандлярка рыбай, распаўсюджваючы вакол характэрны пах. Сукенка са шчыльнай тканіны і сцёганая спадніца рабілі постаць бясформнай і як высечанай з каменю, на галаве, паўзверх каптура, кабета несла кошык з таварам, у зубах дымілася кароткая люлька. Падобна, гэтая баба з Білінсгейтскага рынку магла б пабарукацца нават з панам Гервасіем.

Гандлярка ацэньваючым позіркам слізганула па засмучоных панах, нешта праспявала грубым голасам — мяркуючы па тым, як тузануўся Лёднік, дужа непрыстойнае, і пайшла сабе далей, няўмольная і незразумелая, як сам гэты горад.

Такая ў ручку пана цалаваць не стане.

Лёднік уздыхнуў, паглядзеў у шэрае неба, якое пачынала цямнець.

— Заўтра штось прыдумаем. Клічце, пан Вырвіч, рамізніка, паехалі ў гатэль.

А тады пачаўся яшчэ адзін цуд — таму што з надыходам на горад цемры паўсюль, каля кожнага дзясятага дому, пачалі запальваць ліхтары. Цэлая армія ліхтаршчыкаў, у высокіх капелюшах, з доўгімі палкамі на плячы, спрытна сноўгала ад ліхтара да ліхтара… У асветленыя кругі выходзілі жанчыны ў модных капялюшыках, грэючы рукі ў футраных муфтачках, прыхіляліся да ліхтароў у галантных позах, прахаджваліся, вызіраючы кліентаў. А галоўнае — вітрыны! Зашклёныя, вялікія! Усе крамы ззялі, як вокны палацу падчас балю. Светла было, як днём. Вось бы так учыніць у Менску і Вільні!

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

ЛОНДАНСКІЯ КРУГІ

Злавіў ліцвін у лесе русалку, якая ўблыталася валасамі ў ягоную барану, дамоў, радасны, прывалок — а красуня гнілой рыбай смярдзіць, у валасах сараканожкі бегаюць, вішчыць, ажно галава баліць, ні да працы, ні да любошчаў… Памучыўся хлапец, памэнчыўся, дый завалок здабычу назад, у лес.

Чым бліжэй была таямніца доктара Дзі, тым трывожней рабілася Пранцішу, і ўсё часцей думалася — якога ражна ім той вогненны меч здаўся? Ці не давядзецца моцна расчаравацца? Нават жалезная чарапаха, узброеная гарматамі, якую калісьці зрабіў знаёмец Лёдніка Якуб Пфальцман для князя Гераніма Радзівіла, толькі случчанаў папалохала ды сцены пашчапала.

Калі яны вярнуліся ў гатэль, доктар, трохі адпачыўшы, узяўся за гімнастычныя практыкаванні, якія быў закінуў на караблі, калі зваліўся з марской хваробай. Потым рассунуў мэблю ў іх пакоі да сценаў, пазычыў у пана Бжастоўскага шаблю і ўчыніў пры святле свечак і каміну такі трэнінг па фехтаванні, што ў Пранціша і пана Агалінскага, якія мусілі ўдвох нападаць на доктара, кашулі сталі хоць выціскай. А Лёднік, арудуючы то адной шабляй, то двума адразу, усё быў сабой незадаволены. Хаця пан Агалінскі, у якога шабля чамусьці ўсё вылятала і вылятала з рукі, быў незадаволены яшчэ больш, калі не сказаць — раз’юшаны, і біўся наўсур’ёз. Потым Пранціш бачыў, як доктар пра нешта шэпчацца з гатэльшчыкам, суе яму грошы і цыдулку, а гатэльшчык з той цыдулкай некуды адсылае юнага служку.

А з кім доктар рыхтуецца схапіцца — так і не патлумачыў.

Нараніцу ўрок паўтарыўся, хоць і карацейшы. Доктар пабурчэў, што старэе, што кісці рук недастаткова гнуткія, і скача ўжо недастаткова хутка — ага, недастаткова, дваіх маладзейшых загнаў, як п’яны драгун коней, — і загадаў збірацца. Прычым склаў у доктарскую скураную валізу, якую тут набыў замест скрадзенай, бутэлечкі з лекамі, тканіну для перавязкі, маток шаўковых нітак з застрашліва вялікай крывой хірургічнай іголкай… Значыць, бойка будзе сур’ёзнай. Нездарма паспрабаваў пакінуць у гатэлі паненку Багінскую. Але Паланэйка на ўгаворы і застрашванні толькі злосна прагаварыла: «Камандваць будзеш дома жонкай, доктар».

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)