Авантуры студыёзуса Вырвіча
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом “Звязда”
- ISBN: 978-985-7083-16-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:
Пранціш змрочна кіўнуў галавою. Успаміны невясёлыя. Тады Лёдніка забраў суддзя Юдыцкі, каб прадаць пану Гераніму Радзівілу, што ўзяўся гнаіць ды катаваць у сутарэннях слуцкага замка ведзьмакоў. Пранціш не захацеў кідаць у бядзе свайго нованабытага слугу, пасля чаго і ўзнікла між імі сяброўства.
Між тым перад кампаніяй вырасла высокая цагляная сцяна, за якой бачыліся змрочныя шпілі гатычнага храма і паўаголеныя таполі.
— Калі мы ўсё правільна палічылі, і лялька-малявальшчыца не схібіла, гэта тут, — ціха прамовіў Лёднік.
Панна Багінская і пан Агалінскі багавейліва ўтаропіліся на цяжкія дубовыя вароты, над якімі, у каменным фрызе, святлеў барэльеф у выглядзе трохкутніка, з якога пазірала ўсевідучае вока.
— Тут быў кляштар рыцараў-гаспітальераў…—патлумачыў Лёднік. — Цяпер ён закінуты, сцяна пабудаваная пазней. У раёне Кларкенуэл заўсёды сяліліся падазроныя тыпы… Кшталту доктара Дзі.
І рашуча пастукаў у браму.
Стукаць давялося доўга. Толькі калі пан Гервасій замалаціў у дубовыя створкі нагой у падкаваным боце, нехта незадаволена азваўся па той бок сцяны, і вароты прыдчыніліся. Месціч, што адчыніў нязваным гасцям, мог быць родным братам гаспадара гатэлю «Дуб і Крумкач». Такі ж санлівы выцягнуты твар, рудаватыя бакенбарды, паблажлівы позірк маленькіх светлых вочак. Тое, што на прыхадняў была настаўленая руля пісталету, сведчыла, што тубылец не проста побач праходзіў, а вартуе ўласнасць.
Пасля таго, як у рукі спадара перайшло некалькі шылінгаў, вароты адчыніліся шырэй, і ліцвіны патрапілі яшчэ бліжэй да сваёй мэты.
Старажытны храм знаходзіўся ў вартым жалю стане. Відаць было, што ён перажыў і пажар, і людскую нянавісць — радыкальныя кларкенуэльцы не любілі багатых мніхаў і важных рыцараў. Лёднік настойліва распытваў вартаўніка, суючы яму манету за манетай, твар ягоны ўсё змрачнеў.
— Значыць, так… Добрая навіна — тут сапраўды ёсць сутарэнне з лацінскім надпісам, і знаходзіцца яно ў доме, які называецца — не паверыце — «Агонь і жалеза».
Паланэйка і пан Гервасій ажно напяліся, як ганчакі, якія адчулі пах крыві параненага звера.
— А дрэнная навіна? — папытаўся Пранціш.
— А дрэнная — што мы туды не патрапім. Той участак, дзе сутарэнне, пасля смерці доктара Дзі быў прададзены магістратам, там пабудаванае вунь тая халупа… — Лёднік паказаў на цагляную пабудову, падобную да казармы, якую аддзяляў ад кляштара яшчэ адзін мур. — Калісь у ёй зладзілі бровар, а ў пячоры, якую мы шукаем, захоўвалі віно. Пасля будынак прыстасавалі пад жытло для наёмных рабочых, якія будавалі новы мост. Цяпер ён прадаецца разам з усімі таямніцамі.
— Вось і цудоўна! — усклікнуў пан Гервасій. — Набудзем камяніцу — і ўсё!
— За якія шышы? — з’едліва папытаўся доктар. — Цана ёй — не менш пяцісот фунтаў. І трэба паспяшацца, бо выкупяць іншыя — тады ўвогуле невядома, што станецца. Новы гаспадар можа і знесці ўсё.
— А чаго чакаць? — выкрыкнуў Пранціш. — Давай вартаўніка аглушым — і палезлі ў той будынак! Замок я любы адчыню!
— Яно б і някепскі план, — адказаў Лёднік, — каб не адна акалічнасць. Будынак не пусты.
Нібы ў пацверджанне ягоных слоў у вакне змрочнага дома паказаўся чалавек у чорным, можна было разгледзець толькі ягоны бледны твар.
— Квакеры. Секта такая рэлігійная… Асабліва строгая… — патлумачыў прафесар. — Яны збіраюцца адплываць ці на Гаваі, ці на Карыбы, прапаведваць веру Хрыстову. А пакуль сядзяць і зацята моляцца. І ні за якія грошы нікога шнырыць па доме не пусцяць. Людзі суровыя, і да вайсковай справы добра прыдатныя, зброя ў іх маецца. Дом не іхні, належыць адной лэдзі, якая імі апякуецца і дэкляравала, што выручаныя за будынак грошы ахвяруе братам у Хрысце на іхні місіянерскі шлях. Так што як толькі будынак прадасца — яго і вызваляць.
Паланэйка, Амерыканец дый і Пранціш пазіралі на цагляную збудову, як закаханы на зачыненыя ваканіцы красуні.
Заставалася ў чарговы раз памянуць нядобрым словам лонданскіх злодзеяў.
Каб не тыя злодзеі — ліцвіны лацвей пачуваліся б спаміж мармуровых калонаў, што прыкрашалі вітальню шыкоўнага палацу ўладальніцы цаглянага бровара каля кляштара тампліераў. Неяк не верылася, што асоба, якая жыве ў такім палацы, мае інтарэс да малацікавага будынку ў Кларкенуэле. Імя ўладальніцы — лэдзі Кларэнс — нічога не гаварыла.
Сама лэдзі да гасцей не выйшла, аднак жа — што дзіўнага. Госці прыехалі без асаблівага шыку, гандлююцца за нейкія малыя грошы… Панна Багінская стаяла, ганарыста задраўшы нос — неадменна ўяўляла, як бы магла пад’ехаць сюды на шасцярні пародных коней у карэце з гербам, з лёкаямі і казачкамі на запятках, з герольдам, які абвяшчае прыезд… І выйшла б, ступаючы на пакладзеную пад прыступку карэты аксамітную падушачку, у неабдымным раброне з фіжмамі, усыпаная дыяментамі, у прычосцы вышынёй з купал сабора святога Паўла… Вось тады б ганарліўка з гэтага палацу адчула сваё месца! У Багінскіх не такія палацы ёсць!