Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 124
Перейти на страницу:

Яны ехалі ў нанятым фаэтоне, навес не ратаваў ад вільготных мізэрных кропляў, што наліпалі на твар, як павута.

Мурзаты хлопчык, які валок кошык з вуглем, заўважыў рудога вусатага замежніка, які агідна важна пазіраў па баках, седзячы ў экіпажы. Хлопчык з выклікам свіснуў і паказаў вусатаму джэнтльмену кулак, а калі той пагрозна выскаліўся і выкрыкнуў незразумелае «Засяку!», яшчэ і шпурнуў наўздагон кавалкам вугля.

— Калі я тут быў у маладосці, — спакойна адказаў Лёднік на лаянку пана Гервасія, абуранага нахабствам мясцовага простага люду, — на вуліцы ўвогуле нельга было паказацца ў прыдворным строі. Адразу закідвалі гразёй. Нават караля і каралеўскую сям’ю сустракалі абразамі. На статуі каралевы Ганны ля сабора святога Паўла вулічныя хлапчукі практыкаваліся ў шпурлянні камянёў. Не думаю, што з таго часу арыстакратаў тут палюбілі. Дарэчы, самая папулярная п’еса, якую разыгрываюць у хатніх тэатрах самі арыстакраты — гэта «Опера жабракоў». Граф’я ды бароны з задавальненнем пераапранаюцца ў лахманы, ужываюць грубыя словы і асвойваюць дрэнныя манеры. Парадокс, панове!

Вырвіч з аднаго боку быў зласліва ўсцешаны — а вось вам, магнацікі, не паўсюль перад вамі рассцілаюцца, з другога боку — ён жа сам шляхціц, няўжо тут нейкі насільшчык ці вугальшчык будзе з ім спрачацца, каму першаму ў дзверы прайсці?

Вучонага пана, да якога яны прыехалі, дакладна вулічныя хлапчукі маглі закідаць гразёй — за адны пярсцёнкі з дыяментамі. Дзіва што пан прымусіў іх чакаць у гасцёўні, прыбіраўся, відаць, у лепшае. Няўжо так хоча добра выглядаць перад калегам і сябрам маладосці?

Аднак на выцягнутым твары пана — маршчыністы лоб, доўгі крываваты нос, светлыя запалыя вочы — застыла толькі грэблівая насцярога. Значыць, прыбіраўся, каб важнасці сабе надаць, а госця прынізіць.

Шчырых абдоймаў з паляпваннем па спіне з былым аднакурснікам не здарылася. Затое містэр Роджэр гаварыў на добрай нямецкай — відаць, у Пражскім універсітэце звык з Лёднікам размаўляць менавіта на ёй.

— Добры дзень, гер Баўтрамеюс. З якой нагоды — лекцыі, кансультацыі, ці, можа, на сталую працу?

І па ўсім відаць, што пану менш за ўсё хацелася б, каб прыяцель тут затрымаўся.

Лёднік запэўніў, што тут праездам, суправаджае радавітага выхаванца, і завёў далікатную гаворку пра бядотнае становішча, у якое кампанія патрапіла, далей лагічна вынікала пазыка грошай… Але містэр Роджэр перапыніў госця, у ягоным тонкім голасе, як вада з-пад веснавога снегу, прабівалася шчырая нянавісць:

— І як ты, гер Баўтрамеюс, пасля сваёй публікацыі ў лейпцыгскім часопісе насмеліўся прыехаць у краіну, лепшых вучоных мужоў якой пасмеў абразіць, скалануць самыя асновы акадэмічнай навукі?

Ой-ёй! Замест дабразычлівай гутаркі патрапілі на дыспут. Вочы пана загарэліся, ён пачаў сыпаць навуковымі тэрмінамі… А ягонае абурэнне, як Пранціш зразумеў, паходзіла ад таго, што Лёднік апублікаваў пра нейкае сваё адкрыццё раней, чым да таго ж дадумаўся містэр Роджэр, а ён усё жыццё збіраўся да гэтага дадумацца, а Лёднік, шарлатан такі, мроі аднакурсніка парушыў… Ды яшчэ пакрытыкаваў такія-сякія навуковыя высновы лонданскага калегі.

— Мы адправілі ў рэдакцыю ліст пратэсту супраць вашых інсінуацый! Усе падпісаліся — нават расхвалены вамі Джон Хук!

Тут Лёднік не вытрымаў і даў волю сарказму, і даходліва патлумачыў пану, што той са сваёй закаснелай і зашоранай свядомасцю ніколі б не дайшоў да таго адкрыцця, і ўвогуле кансерватары, прадстаўніком якіх ёсць містэр Роджэр, толькі перашкаджаюць сапраўдным вучоным, якіх зараз у Англіі шмат, і да якіх містэру Роджэру — як да зоркі Венеры…

Раз’ятранага прафесара Віленскай акадэміі спадарожнікі ледзь не сілком выцягнулі з шыкоўнага дому аднакурсніка-кансерватара, чый бледны невыразны твар пад канец спрэчкі набыў вельмі выразны бурачны колер.

— А іншых сяброў, Бутрым, у цябе тут няма? — папытаўся раздражнёны Пранціш, размазваючы па твары лонданскі туман.

— З навуковых колаў — як бачыце, лепей ні да каго не совацца… — адказаў Лёднік, вывучаючы свае далоні са шнарамі. — А іншыя ўплывовыя знаёмцы ў мяне такога ж кшталту, як вядомы вам айцец Габрыелюс. Ім я і на вочы патрапляць не хачу.

Пан Палоній Бжастоўскі раптам зусім па-хлапечы зарагатаў.

— Доктар, у вас нейкі асаблівы талент — выклікаць да сябе палкія, але адмоўныя, пачуцці… Нават пан Гервасій вас забіць збіраецца. Напэўна, і ў пана Вырвіча не раз рукі часаліся прыкончыць свайго вучонага слугу?

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)