Авантуры студыёзуса Вырвіча
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом “Звязда”
- ISBN: 978-985-7083-16-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:
Прафесар без цырымоній усеўся на падлогу, усё гэтак жа заціскаючы рукой рану, з-пад пальцаў лілася кроў, і загадаў Пранцішу:
— Зашывай!
Да параненага тут жа падбеглі мясцовыя лекары са сваім інструментарыем, але ліцвінскі калега выразна паслаў іх на чысцюткай латыні зашываць дзюбы таўэрскім крумкачам.
Паланэйка дапамагла Вырвічу дастаць з валізкі падрыхтаваныя Лёднікам інструменты.
— Голку і нітку ў спірце патрымай! — камандаваў Лёднік.
— Ведаю, не дылетант! — адрывіста адказаў Пранціш, цалкам засяроджваючыся на «медычнай практыцы». Публіка шчыра радавалася, намагаючыся прысунуцца як мага бліжэй, паназіраць за аперацыяй. Зусім як у касцёле ў Тамашова. Лэдзі і джэнтльмены ў ложы падносілі да вачэй акуляры на доўгіх ручках, выцягвалі шыі, каб лепш разгледзець працэс. Пан Гервасій некалькі разоў адсоўваў падалей цікаўнікаў, якія былі гатовыя носам у чужую рану дзюбнуцца, як сцярвятнікі. Адзінае, што мог прафесар — захоўваць гранічна пагардлівы выраз аблічча.
Вырвіч з дапамогай Паланэі, якая нат не паморшчылася ні разу, справіўся даволі хутка, аж заганарыўся, шчыльна перавязаў рану. Лёднік узняўся, пакруціў рукой, правяраючы:
— Нармальна!
Кіраўнік зараз жа абвесціў аб працягу відовішча, дакладней, ягонай апошняй і самай цікавай часткі. Містэр Айсман, які прадэманстраваў выдатнае валоданне зброяй, выклікае на бойку адразу дваіх. Прыз — пяцьсот фунтаў.
Лёднік стаяў у падманліва абыякавай паставе, апусціўшы галаву, у абодвух руках па шаблі. Гледачы перашэптваліся, перазіраліся. Падобна, містэр Айсман нагнаў на ўсіх страху. Нарэшце ў круг выйшлі двое: чарнявы ірландзец з абсечаным вухам і матрос каралеўскага флоту, з перабітым носам і залысінамі, на спіне якога красаваліся шнары ад удараў не менш, чым у Лёдніка. Да варажбіткі не хадзі — байцы спрактыкаваныя. Гледачы зараз жа пачалі рабіць стаўкі.
Ірландзец пастараўся заняць пазіцыю насупраць параненай рукі суперніка. Пранціш моцна сумняваўся, што гэта яму дапаможа. Аднак небяспека заставалася — прафесар стамлёны, паранены, вакол поўна тых, хто можа і нажом у спіну пырнуць, і падножку падставіць.
Але калі распарадчык выгукнуў «Гоў!», Вырвічу зноў прыйшло на думку параўнанне з чорнай змяюкай. Лёднік вырашыў учыніць для ангельцаў на развітанне відовішча і не спяшаўся завяршаць бойку, быццам хацеў давесці ненавіснікам, што атрыманая рана яго не зламала. Ягоныя рухі нагадвалі імклівы складаны танец, які заварожваў, як танец гадзюкаў, шаблі мільгалі, як маланкі. Першым з бойкі вылецеў ірландзец — Лёднік метадычна параніў яму абедзьве рукі. Амаль зараз жа бразнула на каменныя пліты шабля марака, а яе ўладальнік укленчыў, аслеплены крывёй, што цякла з неглыбокай раны на ілбе, і страшэнна лаяўся.
Доктар урачыста пакланіўся, атрымаў грошы, адмовіўся: распачаць палкае сяброўства з прыхільнікамі — скарыстацца з інтымных паслугаў захопленых дзявіцаў — адсёрбнуць з бутэлькі — прагуляць частку выйграных грошай у выдатным прытончыку, і кінуў кампаньёнам, апранаючыся на хаду:
— Цяпер самая складаная задача — рэтыравацца адсюль цэлымі і пры грашах. Панна Паланэя, трымайцеся між нас…
Трывога Лёдніка была зразумелай: вакол іх сабралася падазроная банда, кідаючы дужа зацікаўленыя позіркі. Пранціш узяўся за шаблю…
Раптам натоўп расступіўся, бандзюкі змрочна панурыліся. Да пана Гервасія падыходзіў у суправаджэнні да зубоў узброеных слуг лорд Кавендзіш з заўважна распухлай сківіцай, ад чаго вымаўляў словы не зусім выразна.
— Магчыма, шаноўныя чужаземцы гавораць па-французску?
— О, так! — узрадваўся пан Гервасій магчымасці нарэшце спакойна перагаварыць з роўным. — Рады бачыць, што вашамосць знаходзіцца ў добрым здароў’і. Дазвольце прадставіцца: шляхціц Гервасій Агалінскі.
Лорд расцягнуў вусны ва ўсмешцы, наколькі дазваляла пабітая сківіца, абвёў вачыма кампанію ліцвінаў, трохі затрымаўшы позірк на пане Бжастоўскім.
— Прапаную шаноўнаму панству скарыстацца маёй кампаніяй і маёй карэтай, каб пакінуць гэтае блаславёнае месца. Бо мне падаецца, што джэнтльмэны не зусім ведаюць мясцовыя звычаі і з гэтай прычыны могуць патрапіць у невыгоднае становішча.
Прапанова была прынятая з удзячнасцю і аказалася вельмі своечасовай, калі меркаваць па расчараваных фізіяноміях бандзюкоў.