Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
У той час да іх слыху даляцеў стук - хтось нібыта сек дровы, але рабіў гэта неяк вяла, нібы знясілеўшы ці з роздумам. Рыбак трошкі парадаваўся: калі сякуць дровы, то, мусіць, у вёсцы чужых няма. Да таго ж - не трэба стукаць, прасіцца ў хату: што трэба, можна разведаць у дрывасека. Праўда, ён тут жа падумаў, што неасцярожнасцю можна здаля напалохаць чалавека, тады ты яго ўжо не выцягнеш з хаты. Маючы гэта ў думках, ён як мага цішэй абышоў хляўчук, перажаргнуў кінутыя ў снезе жардзіны, паціху выйшаў з-за вугла на падворак.
У полі на снезе было святлей і відаць далей, а тут, у цемнаватым мроіве двара, ён не адразу зразумеў, што перад ім на дрывотні жанчына. Цяпер яна ўжо не секла, а нешта калупалася там, ціха і зласнавата мармычучы сама сабе. Пачуўшы іх крокі, жанчына страпянулася, кінула сякеру і аж войкнула.
- Ціха, мамаша!
Яна стаяла зусім разгубленая перад ім - нізенькая стараватая кабеціна ў хустцы - і не магла вымавіць слова. Рыбак асцярожліва зірнуў на дзверы ў хату, тыя былі зачынены, болей на двары быццам не было нікога. Зрэшты, ён не надта і баяўся і азіраў наваколле дзеля пэўнасці. Ён ужо зразумеў, што ў гэтай вёсцы спакойна; паліцаі, мабыць, заселі за самагонку, а немцы наўрад ці тут паяўляліся.
- Ах, Божухна, напалохалася я. Ай, Госпадзі...
- Ладна, будзе хрысціцца. Паліцаяў у вёсцы многа?
- А няма паліцыянтаў. Быў адзін, ды ў мястэчка перабраўся.
- Так. - Рыбак прайшоўся па панадворку, выглянуў з-за рога. - Вёска як завецца?
- Лясіны. Лясіны вёска, - поўная ўвагі і яшчэ не апамятаўшыся ад утрапення, казала цётка. Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое яна, відаць, марна старалася рассекчы папалам.
Рыбак адразу прыкінуў, што зусім няблага было б тут і атаварыцца: падыход - выхад харошыя, на дарозе гумно, лясок, яны някепска прыкрываюць ад чужога вока. Цікава толькі, чым можна пажывіцца на гэтай сядзібе?
- Хто яшчэ дома ёсць?
- Дык адна ж я, - хуценька сказала цётка.
- І больш нікога?
- Анягож. Адна і жыву, - жалліва сказала кабета, усё надта пільна сочачы за яго рухамі - сілілася адгадаць таемную мэту начнога з'яўлення гасцей.
Рыбака, аднак, гэта мала цікавіла і мала кранала - і яе жалобна-жаласлівы тон і тое, што яна адна. Ён ужо ведаў гэты вяскова-жаночы звычай - разжаліць яго было цяжка. Ён вывучаў абставіны на падворку - убачыў расчыненыя вароты ў хляўчук і зазірнуў у яго глухі, поўны гнойнага паху змрок.
- Што, пуста?
- Пуста, анягож, - з набалеласцю пацвердзіла кабета, не адыходзячы ад сякеры. - Забралі ўсё чыста.
- Хто забраў?
- Ведама ж хто. Як у чырвонаармейскай мацеры. Каб ім падавіцца.
Калі жанчына кляне - значыць, можна паверыць. Рыбак ціха крэкнуў: напаў, ды не на тое, прыйдзецца шукаць дзе яшчэ. Вядома, мусіць, можна б сёе-тое знайсці і ў гэтай бедалагі (курыцу там ці парася), але не да ніткі ж абіраць яе, і без таго ўжо абрабаваную немцамі.
Сотнікаў, ссутуліўшыся, маркотна чакаў пад сцяной, а Рыбак павярнуўся да цёткі.
- Што, рассеч не можаш?
Жанчына ўраз здагадалася, што ён паможа, і, узрадаваўшыся мужчынскай сіле, скінула з сябе насцярожаную панурасць.
- Ды во, каб яго трасца, забіла - не выдзеру. Звечара б'юся - ні туды ні сюды.
- Ану, дай!
Рыбак закінуў за спіну карабін і аберуч узяўся за гладкае сухое тапарышча. Хэкнуўшы, хлёстка выцяў палена аб калоду, пасля яшчэ. Біў трапна, з прыемнасцю і знаёмым спрытам, адчуваючы сілу ў руках і звыклую з юнацкае пары хватку, калі во гэтаксама зімовымі вечарамі сек з бацькам ці адзін дровы. Пілаваць не любіў, а сеч заўжды быў гатовы з прыемнасцю, выяўляючы ўсю сваю зухаватасць у гэтай спрадвечнай мужчынскай працы.
На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Ён пашчапаў яшчэ і палавінкі і паклаў тапор.
- От дзякуй, сынок! Хай табе Бог дае здароўечка, - лагодна дзякавала цётка.
- Дзякуем не аддзелаешся, маць. Харчы якія-небудзь маеш?
- Харчы? Якія ж харчы? Бульбачка ёсць. Дробненькая, праўда. Калі што - заходзьце, звару заціркі.
- Гэта што! Нам з сабой трэба. Скацініну якую.
- Га! Каб жа яна была.
- А там хто жыве? - Рыбак паказаў рукой цераз гарод, дзе за плотам бялела снежная страха суседняй будыніны. Здаецца, там палілі ў печы - вецер гнаў на падворак пах дыму.
- А там Пётра Качан. Ён старастам цяпер тут, - прастадушна паведаміла цётка.
- Тутэйшы стараста? Ты чуеш? - звярнуўся Рыбак да таварыша, які цярпліва стаяў пад сцяной.
- Анягож, паставілі старастам.