Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:
- Кніжачкі пачытваеш?
- А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.
- Савецкая ці нямецкая?
- Біблія.
- Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, - крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага - выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.
- Не лішне б і пачытаць, - прабурчаў стараста.
Рыбак рашуча загарнуў кнігу.
- То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць - нам вораг, - сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.
- Ты вораг. А з ворагам у нас - ведаеш, які разгавор?
- Сматра каму вораг, - нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.
- Сваім. Рускім.
- Сваім я не вораг.
Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён - хоча таго ці не - вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур'ёз, запытаў:
- Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?
- Не, чаму сілай? - падумаўшы, сказаў гаспадар.
- Значыць, сам?
- Як сказаць? Пахожа, сам.
«Тады ўсё зразумела, - падумаў Рыбак, - няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.
- Так! Пайшлі!
Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.
- Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй...
Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны - як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.
- Сціхні! - загадаў ён жонцы. - Ну!
Відаць, старасціха прывыкла слухацца - хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.
- Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, - ён коратка кіўнуў на прасценак, - ставілі, стралялі ўжо.
Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, - сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна - ад куль.
- Хто страляў?
Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.
- А такія... Гарэлкі трэбавалі.
Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, - такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром - здаецца, бедалагу рабілася не да таго.
- Так. Карова ёсць?
- Ёсць. Пакуль што, - без усякай цікавасці да новага павароту гаворкі адказаў стараста.
Старасціха перастала хліпаць, затаіла дыханне. Рыбак трохі разважаў: вядома, карову надта добра было б прыгнаць у атрад, але, мабыць, адсюль будзе далекавата; можна не паспець да ранку.
- Так, пайшлі!
Ён закінуў за плячо вінтоўку, стараста пакорліва надзеў знятую з цвіка шапку і моўчкі піхнуў рукой дзверы.
Рыбак, кіруючы за ім, кіўнуў Сотнікаву:
- Ты пачакай.
Як толькі дзверы за імі зачыніліся, гаспадыня кінулася ў парог.
- Ой, божачкі! Куды ж ён яго? Ай, завошта ж ён? Ай, божачкі!
- Назад! - хрыпла загадаў Сотнікаў і, не ўстаючы з услона, выцяг нагу ў бурку, перагароджваючы дарогу да дзвярэй.
Жанчына боязна адступілася і стала на сярэдзіне хаты. Хвіліну яна то хліпала, то змаўкала, прыслухоўваючыся да гукаў знадворку. Сотнікаў таксама чакаў. Ён дрэнна засвоіў сэнс усяе размовы ў хаце, аднак тое, што дайшло да яго затуманенай гарачкай свядомасці, давала меркаваць, што Рыбак, напэўна, застрэліць старасту.
Але ішоў час, а стрэлу адтуль не было. Захінаючыся ражком хусткі, жанчына ўсё войкала і прычытала, а Сотнікаў сядзеў на ўслоне і пільнаваў, каб яна не вырвалася на двор - не нарабіла крыку. Адчуваў ён сябе кепска. Біў кашаль, калацілі дрыжыкі, галава надта балела, і цела каля цёплае печы то мерзла, то аблівалася сцюдзёным потам.