Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
- Нягоднік, га?
- Не сказаць каб. Свой жа чалавек.
Рыбак, секунду разважыўшы, рашыў:
- Ладна, пайшлі да старасты. Ужо ён багацейшы, напэўна.
Яны не сталі шукаць сцежкі, проста падлезлі пад жардзіну ў плоце, перайшлі гарод і, азірнуўшы стары паркан, праз дзірку ў ім вылезлі на старастаў падворак.
Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі - хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах - пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных - нарэзаных і пашчапаных - дроў.
Калі яны яшчэ ішлі цераз гарод, Рыбак сваім спрактыкаваным вокам убачыў, што ў хаце гарыць святло - з верхніх шыб замёрзлых акенцаў цьмяна выбіваўся агеньчык газнічкі. Тым лепш, падумаў Рыбак і ціхенька ступіў на рыпучы ганак.
Ён не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла і проста: павярнуў закрутку, і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Пакінуўшы іх так, ён прайшоў у цёмныя сенцы, поўныя знаёмых і паўзабытых сялянскіх пахаў, асцярожна павёў рукой па сцяне. Пальцы натрапілі на нейкую злубянелую ад сцюжы адзежыну, потым на планку ў дзвярах. Намацаўшы сцюдзёную, напечаную марозам завесіну, ён зразумеў размяшчэнне дзвярэй і лёгка знайшоў аднолькавую ва ўсіх вёсках кавальскую штуковіну - клямку. І гэтыя дзверы былі не зашчэплены. Ён пераступіў высакаваты парог, перадаючы клямку ў зледзянелыя рукі Сотнікава.
На перакуленай сярод стала місцы міргала газнічка, агеньчык яе тужліва закалаціўся ад марознага паветра. Стараваты, з каротка пастрыжанай сівой барадой чалавек, які, аблёгшы на стол, сядзеў за газнічкай у накінутым на плечы кажушку, узняў голаў. На яго старэчым, хоць і даволі яшчэ цвёрдым, твары коратка бліснуў сцюдзёны позірк, які адзін толькі і сведчыў пра тое, што ён убачыў захожых. Тут жа, аднак, вочы яго і патухлі пад асаджанымі на іх бровамі.
- Добры вечар у хату, - са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак.
Вядома, можна б і без гэтых вітанак з нямецкім прыслужнікам, але Рыбак хацеў развеяць напружанасць першай сустрэчы. Стары, аднак, не адказаў і не ўстаў з-за стала, толькі паглядзеў на іх з быццам нават нездаволенасцю на сівым твары.
Ззаду ўсё валіў холад - Сотнікаў няўмела бразгаў дзвярыма, якія не зачыняліся. Рыбак вярнуўся і са звыклым стукам зачыніў дзверы. Гаспадар нарэшце выпрастаўся за сталом, не мяняючы, аднак, спакойнага выразу твару, - нібы ён і не здагадваўся, хто гэта, такія познія госці.
- Ты будзеш стараста? - афіцыйна запытаў Рыбак, валюхаста тупаючы ад дзвярэй да стала. У намёрзлых трафейных ботах было трохі коўзка, і ён стрымліваў свой крок на падлозе.
Стары загарнуў таўшчэзную кніжку, якую перад тым, мабыць, чытаў ля газнічкі.
- Стараста, ну, - сказаў ён роўным, без ценю пагарды або ліслівасці голасам.
У той час у запеччы штось шаснула, тупнула, і з-за шырмачкі, папраўляючы на галаве хусцінку, з'явілася не надта старая, бялявая з твару і, відаць па ўсім, рухавая кабета - мусіць, гаспадыня гэтае хаты. Рыбак зняў з пляча і прыставіў да ботаў вінтоўку.
- Ведаеш, хто мы?
Стараста паварушыўся за сталом, нацягнуў на плечы кажух.
- Здагадваюся. Але калі па гарэлку, дык няма. Усю забралі.
Рыбак усмешыста зірнуў на Сотнікава: стары смоўж, ці не прымае ён іх за паліцаяў? Зрэшты, так, можа, і лепей: справа, што прывяла іх сюды, гонару партызанам не прыбавіць. Захоўваючы, аднак, спакойную самавітасць, Рыбак сказаў:
- Што ж, абыдземся без гарэлкі.
Стараста памаўчаў, нібы штось згадваючы, і пасунуў на край міску з газнічкай. На хаце стала відней.
- Калі так, сядайце.
- Ага, сядайце, сядайце, дзеткі, - узрадавалася запрашэнню гаспадара кабета. Яна ўхапіла ад стала ўслон і пасунула яго бліжай да грубкі, у якой, відаць было, дагаралі дровы. - Во тут цяплей будзе, мусіць жа, намерзліся. Мароз такі...
- Можна і сесці, - пагадзіўся Рыбак, але сам не сеў, кіўнуў Сотнікаву: - Сядай, грэйся.
Сотнікаў адразу апусціўся на ўслон і прыпёрся спіной да пашкрэбанага боку грубкі. Вінтоўку трымаў у руках, нібы апіраўся на яе, пілотку на галаве нават не паправіў - як была глыбока насунута на памарожаныя вушы, так і асталася. Рыбаку рабілася ўсё цяплей, ён расшпіліў на два гузікі свой кажушок і піхнуў з лоба шапку. Гаспадар меў незалежны, нібы нават абыякавы выгляд, а яго кабета, склаўшы на жываце рукі, насцярожана і трапятка сачыла за кожным іх рухам. «Баіцца», - падумаў Рыбак. Ён пратупаў сюды-туды па хаце, нібы незнарок зазірнуў у цёмны запечак і спыніўся ля чырвонай фанернай шафы, якая загароджвала ложак.