Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
- Сынок, дай жа я выйду, дай пагляджу, што яны там...
- Нечага глядзець!
Жанчына, відаць было па ўсім, надта перажывала і слепа кідалася ў паўзмроку хаты, прычытаючы, напэўна, каб расчуліць яго і прарвацца ў дзверы. Але нічога ў яе не выйдзе, ён не паддасца яе чуллівасці. Ён надта добра памятаў, як аднаго разу яго наіўная даверлівасць да такой вось кабеты ледзь не каштавала яму жыцця. І таксама з выгляду была святая прастата ў белай хусціначцы на гародзе, сярод бацвіння - ён, ідучы з ляска, адразу запрыкмеціў яе ў той раненькі ранак і падумаў яшчэ: во і добра. Яна скажа, як трапіць на сцежку цераз Чорныя Выгары - балота, якое, як сказалі за дзве вёскі адсюль, не ведаючы дарогі, не перайсці.
Ён выйшаў з кусцікаў і па-над ніўкай канапель, нікім не заўважаны, падышоў да яе, калі яна засяроджана корпалася ў баразне. Дагэтуль у яго вачах стаяць яе шэрая спадніца, белыя, незагарэлыя ікры ног і нейкая куртка з латкаю на плячы - жанчына ламала бацвінне і не бачыла яго. Ён сцішана павітаўся, і яна, надзіва, не спалохалася, толькі пільна ўгледзелася ў яго, слухаючы і нібы не разумеючы просьбы.
Пасля яна ўсё як найлепш расказала - і як выйсці на сцежку, і як перайсці кладкі, і па які бок пакінуць грудок, каб не ўбіцца ў багну. Ён падзякаваў і хацеў ісці, але яна не пусціла, сказала: «Пачакай, мусіць жа, галодны», - азірнулася, паклала ў прыпол бацвінне і павяла ў хату. І трэба ж было яму пагадзіцца, не адмовіцца ад гэтай яды. Але ён і сапраўды быў згаладнелы і стомлены, як вясновы воўк, і пайшоў за ёй па мяжы да недалёкай сядзібы.
Пакуль яны ішлі, яна таксама ласкава казала яму «сынок» і яшчэ, памятаў, разы два назвала «гаротнічкам» - быў ён няголены, як цяпер, нямыты, мокры да каленяў ад расы, здыхлаваты ад недаядання і ўвогуле жаласны. Гаварыць па-тутэйшаму яшчэ не ўмеў і схаваць сваё яўнае вайсковае паходжанне не мог - адразу было відаць, хто ён і адкуль. Зброі ў яго ў той час не было - толькі два дні да таго нейкім цудам вырваўся ад смерці, амаль без жаднае надзеі на паратунак...
Старасціха тым часам не магла супакоіцца: усё болей мітусілася па хаце і плакала.
- Сыночак, ну як жа так? Ён жа яго застрэліць!
- Трэ было раней аб тым думаць, - сказаў Сотнікаў, слыхам стараючыся болей пільнавацца гукаў знадворку, чым слухаць яе слёзную жальбу.
- А дзетачка, ці ж я не казала, ці мала прасіла! На якога ж ліха яму было брацца? Маладзейшыя ж ёсць. А дык жа каторыя людскія - не хацелі, а нялюдскіх людзі баяліся.
- А яго не баяцца?
- Пётру? Ай, дык яго ж тут усе ведаюць, мы ж тут спрадвеку жывём, нашай жа тут радні паўсяла. Ён жа да ўсіх па-добраму...
- Наўрад ці выходзіць па-добраму.
- Можа, і так. Можа, і праўда твая, сынок, - не выходзіць. Яны ж яго на ўсё прымушаюць: то хлеб здай, то адзёжу збяры, то на дарогу гоняць - дарогу чысціць. А ён жа дзе возьме - усё людзей трэба змушаць.
- А вы як думалі? На тое і захопнікі, каб змушаць.
- Змушаюць, анягож. Каб іх Бог змусіў! Прыехалі на машынах, пабралі свіней. І нашага парсючка забралі, не паглядзелі, што стараста. Кажуць: сын у Чырвонай Арміі, дык каб загладзіць віну перад Германіяй. Каб яна ясным агнём гарэла, тая Германія.
«Кляні, але не надта я паверу табе», - санліва думаў Сотнікаў, не прыбіраючы выцягненую нагу. Помніцца, тая таксама нешта казала і пра Германію, пакуль бразгала ў пасудніку і кроіла хлеб. Разоў колькі выбягала ў сенцы - па сала і па малако ў гляку, а ён сядзеў на лаўцы ля стала і, глытаючы слінкі, чакаў, дурань, ежы. Праўда, аднаго разу яму пачулася, нібы ў сенцах хтось ціха гукнуў, пасля данёсся кароценькі шэпт, але тут ён пазнаў сонны дзіцячы голас і супакоіўся. Ды і гаспадыня ўвайшла ў хату спакойная і ласкавая, наліла яму вялікую кварту малака, накроіла сала, і ён, памятае, адчуў нешта вельмі ўдзячнае да яе. Пасля ён умінаў хлеб, прысёрбваючы малако, і так, мусіць бы, і ўліп ні за што, каб нейкая інстынктыўная сіла самазахавання без аніякай прычыны не прымусіла яго зірнуць у застаўленае кветкамі акно. І ён на секунду абмёр, разгубіўшыся: па вуліцы хутка ішлі двое з вінтоўкамі, на рукавах бялелі павязкі, а следам бегла малое гадоў васьмі.
Шкада, у яго тады адняло мову, і ён нічога не сказаў той ласкавай цётцы - ён толькі штурхнуў яе ад дзвярэй і шалёным напорам ірвануў на гарод, цераз платы за каноплі, далей на выган, у роў, у кустоўе. Ззаду стралялі, крычалі. Ужо, мабыць, у рове ён зразумеў, што з іншымі галасамі наўздагон нясецца і крык тае кабеты - яна паказвала, куды ён пабег.
А гэта цяпер вось ласкавая: сынок, дзетачка...