Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Гаспадыня зважліва саступіла ўбок.
- Там нікога, дзетка, нікога.
- Што, адны жывяце?
- Адны. Во з дзедам так і капцім свет, - тужліва адказала кабета. І раптам - не прапанавала, амаль запрасіла: - Можа б, вы паелі чаго? Можа ж, галодныя, га? Пэўне ж, са сцюжы, без гарачага...
Рыбак унутрана ўсміхнуўся і пацёр рукі.
- Можа, і з'ямо. Як ты думаеш? - знарок разважліва, бы з неахвотай звярнуўся ён да Сотнікава. - Падмацуемся, калі пані старасціха частуе.
- Во і добра. Я зараз! - узрадавалася кабета. - Капустачка, пэўна, цёплая яшчэ. І гэта... Можа, бульбачкі зварыць?
- Не, варыць не трэба. Няма калі, - рашуча вырашыў Рыбак і скоса, назіркам паглядзеў на старасту, які, аблёгшыся на стол, нерухома сядзеў у куце.
Над ім цьмелі пад ручнікамі тры старасвецкія абразы. Рыбак пратупаў ботамі да прасценка і спыніўся перад вялікаю зашклёнай рамай з фатаграфіямі. Ён знарок не пазіраў на старасту, але адчуваў, што той таксама спадцішка сочыць за ім.
- Значыць, немцам служыш?
- Прыходзіцца, - уздыхнуў стары. - Што ж зробіш?
- І многа плоцяць?
Пытанне было знарок з'едлівае, але і на яго гэты дзед адказаў роўна і з годнасцю:
- Не пытаўся і знаць не хачу. Сваім абыдуся.
«Ганарлівы, аднак, - падумаў Рыбак. - З характарам».
У бярозавай раме на сцяне сярод паўтузіна розных фота ён выглядзеў маладога, чымсь падобнага да гэтага дзеда, хлопца ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі ў пятліцах і трыма значкамі на грудзях. Было ў яго поглядзе нешта грунтоўна-спаважнае, упэўненае і ў той жа час па-маладому наіўнае.
- Хто гэта? Сын, можа?
- Сын, сын, Толік наш, - ласкава пацвердзіла гаспадыня. Цераз плячо Рыбака яна таксама зазірнула на фота, трымаючы ў руках міску.
- А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?
Стараста падняў насуплены твар.
- Не ўсе ж, як некаторыя. На фронце, во дзе.
Старасціха паставіла на стол міску з капустай і загаманіла:
- Ай, Божачка, як пайшоў у трыццаць дзевятым, дык і ўсё. Ад самага лета ні слыху ні дыху. Хоць бы ведаць, ці жывы хаця.
- Так, так, - сказаў Рыбак, не адгукваючыся на яе жаллівае прычытанне, якога ён даволі наслухаўся ад пачатку вайны. Цяпер яго займала другое. Счакаўшы, калі яна выгаварыцца, ён важка заўважыў старому: - Апазорыў ты сына!
- Анягож! - з жарам падхапіла ад печы кабета. - І я ж тое гавару яму дзень пры начы. Апазорыў і сына, і ўсіх чыста.
Гэта было трохі нечакана, тым болей што старасціха гаварыла быццам бы са шчыраю набалеласцю ў голасе. Рыбаку здалося тады, што дзед гэты - проста недарэка нейкі. Але толькі ён падумаў так, як твар старога нядобра нахмурыўся і ўвесь ён рэзка павярнуўся да гаспадыні.
- Годзе! Не твая справа!
Кабета адразу ж змоўкла, нібы папярхнулася на паўслове, а дзед з важнасцю падняў дакорлівы позірк на Рыбака.
- А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў. Гэта не пазор?
- Так выйшла: вайна. Не яго тут віна.
- А чыя? Мая, можа? - прыдзірліва, без ценю боязі дапытваўся стары і аб'явіў: - Ваша віна. Маладзейшых.
- Да-а, - няпэўна сказаў Рыбак, прыпыняючы не надта прыемную і не дужа простую размову, якой, ведаў, па цяперашнім часе не было канца.
Гаспадыня тым часам хуценька разаслала кароценькі, на паўстала, настольнік, паставіла міску з капустай, скаромны пах ад якой уладна прыглушыў усе яго іншыя пачуцці, яшчэ больш абвастрыўшы голад. Вельмі хацелася есці, і ён рашыў пакуль што адкласці падрахунак яго не надта прыемных адносін з гаспадаром.
- Сядайце ж, падсілкуйцеся трошкі. Во хлебца вам, - з ліслівай гасціннасцю запрасіла гаспадыня.
Рыбак, не знімаючы шапкі, піхнуўся за стол.
- Давай паямо, - сказаў ён да Сотнікава.
Той пакруціў галавой:
- Еш. Я не буду.
Рыбак уважліва паглядзеў на таварыша, які ўвесь згорбіўся на ўслоне і, пакашліваючы, калаціўся - мабыць, ад дрыжыкаў.
Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:
- Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?
- Не, дзякуй. Нічога не трэба, - рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.
Гаспадыня занепакоілася:
- Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце... Я ж не хацела...
Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.
- Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, - сказаў Рыбак.
Гаспадыня ахвотна згадзілася:
- Бярыце, бярыце, дзеткі.
Стараста нечага моўчкі чакаў - якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.