Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Акінчыц зьвязваў усе свае палітычныя надзеі з Трэцім райхам і падкрэсьліваў, што
лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту.
Ён рашуча паўставаў супраць тых беларускіх дзеячоў, што не падзялялі яго спадзяваньняў на нямецкую перамогу, а разьлічвалі на іншыя пэрспэктывы заканчэньня вайны і адначасова імкнуліся ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі ўва ўмовах акупацыі. Акінчыц, такім чынам, заклікаў змагацца ня толькі з савецкім падпольлем і яго прыхільнікамі, ён дамагаўся ліквідацыі дзеячоў,
якія хацелі б займаць залатую сярэдзіну.
Гэтыя прынцыпы Акінчыц імкнуўся рэалізаваць з дапамогаю сваіх людзей, асабліва тых, што працавалі ў прапагандысцкім апараце беларускіх акруговых камісараў. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, гэта былі самыя апантаныя даносчыкі, якія прыкладалі руку да беспасярэдняга зьнішчэньня сваіх палітычных праціўнікаў альбо вывазу іх у Нямеччыну. Бясспрэчна, гэтая «бескампраміснасьць» адлюстроўвала мізэрнае грамадзкае значэньне нацыянал-сацыялістычнай групы Акінчыца, якое ён спрабаваў узмацніць шляхам ліквідацыі патэнцыйных канкурэнтаў.
Ермачэнка, хоць і быў далёкі ад «залатой сярэдзіны», усё ж такі лічыўся з грамадзкімі настроямі і бачыў поўную непрыдатнасьць догмаў Акінчыца для практычнай дзейнасьці. Найперш — прагматык, ён спрабаваў пагадзіць інтарэсы нямецкай палітыкі з нацыянальнымі імкненьнямі беларусаў. Пры гэтым яго поўнасьцю падтрымліваў Кубэ. Але і Ермачэнку не ўдалося дасягнуць шырокага грамадзкага прызнаньня. Сучасныя крыніцы зьвязваюць гэта з даволі нязначнай колькасьцю сяброў БНС. На самай справе ў зэніце ягонай кар’еры, г. зн. у кастрычніку 1942 г., лічба сяброў БНС не перавышала і 30 тысяч. Аднак гэты паказчык не адлюстроўваў усёй праблемы і ня быў вызначальным у яе вырашэньні. Сярод насельніцтва панаваў настрой чакальня: у які бок перавесяцца шалі на Ўсходнім фронце? Да таго ж БНС не змагла дабіцца неабходных паўнамоцтваў у адміністрацыйнай і вайсковай галіне. Пазыцыю Ермачэнкі, як і пазыцыю Акінчыца, маглі ўмацаваць адпаведныя рашэньні з Бэрліна — яны абодва спадзяваліся на гэта і паміж сабой вялі бескампрамісную барацьбу. Увесну 1943 г. настала яе разьвязка: у сакавіку Акінчыц быў забіты ў выніку замаху, а ў красавіку Ермачэнка быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Крытыка Акінчыца магла быць скіравана супраць Партыі беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якую ўзначальвалі Вацлаў Іваноўскі і Ян Станкевіч. І сапраўды, яны разьлічвалі, што параза Нямеччыны найперш адбудзецца на Заходнім фронце і яна капітулюе перад Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй, і менавіта ад гэтых краін трэба спадзявацца на падтрымку для беларускай незалежніцкай ідэі. У 1942 г. такая канцэпцыя выглядала ня менш рэальна, чым стаўка Акінчыца і Ермачэнкі на перамогу Нямеччыны, больш за гэта — яна супадала з аналягічнымі канцэпцыямі шмат якіх некамуністычных згуртаваньняў ува Ўсходняй Эўропе. З разьлікам на такі ход падзеяў ПБН плянавала за час акупацыі стварыць неабходныя для ажыцьцяўленьня сваёй ідэі перадумовы: на першым месцы стаялі задачы апанаваньня адміністрацыі, стварэньне беларускіх узброеных сілаў і прапагандысцкая апрацоўка насельніцтва. У вялікай ступені гэтага ўдалося дасягнуць шляхам супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам, таму на Беларусі, як і ў Прыбалтыцы, па сутнасьці не адбылося стварэньня антынямецкага нацыянальнага партызанскага руху.[127]
Іваноўскі, які займаў пасаду менскага гарадзкога старшыні, а з канца чэрвеня 1943 г. яшчэ і старшыні Камітэту даверу, вёў вельмі тонкую гульню. Пад канец 1941 г. ён прыняў на працу ў Менскай гарадзкой управе афіцэра 2-га аддзелу ГК АК Вітальда Буткевіча («Бэрнард», «Гурыновіч»), а ў лютым 1942 г. — Гражыну Ліпінскую («Данута»), якая неўзабаве ўзначаліла акоўскую экспазытуру ў Менску. Ён палегчыў выведнікам іх працу, запрасіўшы на такія пасады, дзе яны ня толькі трымалі пад кантролем свае раёны, але ў дадатак мелі доступ да гаспадарчай інфармацыі вайсковага значэньня. У канцы 1942 г. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасьці, каб вырваць з рук Гестапа Буткевіча, якога арыштавалі па даносе за прыналежнасьць да польскага падпольля, перасьцярог польскіх дывэрсантаў ад учынкаў, якія маглі парушыць кансьпірацыю. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў польскага падпольля ў Менску, ад Іваноўскага яны атрымлівалі бясспрэчна вялікую дапамогу. Пры такіх абставінах яго колішняя адмова ад супрацоўніцтва з ЗУБ, аб якой ён паведаміў Зану ў верасьні 1941 г. («Я вам дапамагаць ня буду, але і перашкаджаць ня буду»), магла азначаць жаданьне захаваць як мага большую самастойнасьць стасоўна кіраўнікоў польскага падпольля: ён хацеў быць партнэрам, а не падначаленым.[128]
127
Паводле С. Хмары, беларускі партызанскі рух паўстаў у 1941 г. на Палесьсі пад камандаваньнем падпалкоўніка Шанька. У гэтым руху ўдзельнічала каля 3000 чалавек. Ён існаваў да канца 1943 г., пакуль ня быў разьбіты савецкімі партызанамі. Аднак гэты партызанскі рух не праводзіў актыўных нападаў на немцаў.
128
Гэтая самастойнасьць Іваноўскага мела, зрэшты, і адмоўныя вынікі, непазьбежныя ўва ўмовах кансьпірацыі. Пра гэта сьведчыць наступнае беспадстаўнае меркаваньне, выказанае віленскім аддзяленьнем дэлегатуры эміграцыйнага ўраду пасьля сьмерці прафэсара:
«Праф. Іваноўскі на пасадзе старшыні беларускай Рады даверу быў паслухмяным выканаўцам нямецкіх жаданьняў, да канца жыцьця ён верыў у магутнасьць немцаў, у іх перамогу… Падчас панаваньня праф. Іваноўскага што да польскага насельніцтва нязьменна праводзілася лінія перасьледаваньняў».
Ня больш праўды было і ў абвінавачваньнях беларускіх апазыцыянэраў, паводле якіх Іваноўскі быў «польскім агентам», які дзейнічаў на шкоду беларускаму народу.