Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Польскае падпольле і мясцовае польскае насельніцтва ня ўсюды аднолькава ставіліся да гэтых тэндэнцыяў. Ужо ўвосень 1942 г. Галоўнае камандаваньне АК справядліва прадбачыла, што
пры захаваньні цяперашняга стану рэчаў нацыянальная сьвядомасьць беларускіх масаў будзе, напэўна, узрастаць.
Таму было вырашана гэтыя тэндэнцыі абярнуць на карысьць Польшчы. Тым часам кіраўніцтва Віленскай і Наваградзкай акруг АК, абапіраючыся, напэўна, на назіраньні мясцовага польскага насельніцтва, расцэньвала беларускі нацыяналізм як зьяву, варожую польскім інтарэсам на гэтых землях, зь якой неабходна весьці змаганьне. Хутчэй за ўсё антыпольская кампанія, якую ў сярэдзіне 1942 г. паліцыя бясьпекі распачала, не зважаючы на пратэсты генэральнага камісара, дала падставы для такіх меркаваньняў. Гэтая акцыя хутка парушыла сыстэму польска-беларускіх стасункаў, якую стварыў і падтрымліваў Кубэ. Папраўдзе, яна па-сапраўднаму не задавальняла ні адзін, ні другі бок, але на працягу многіх месяцаў яна забясьпечвала хаця б вонкавы спакой ува ўзаемаадносінах. Цяпер замест гэтага паліліся ўзаемныя абвінавачваньні і прэтэнзіі, навісла атмасфэра антыпольскіх цкаваньняў, пачаліся новыя нацыянальныя канфлікты.
Увосень 1942 г. у Слоніме сярод польскай інтэлігенцыі 84 чалавекі былі расстраляныя, да канца акупацыі ў акрузе з працы выгналі каля 1000 палякаў — іх замянілі беларусамі. Увесну 1943 г. тут каля 500 палякаў падалі прашэньне аб прызнаньні іх беларускай нацыянальнасьці. У чэрвені 1942 г. у акрузе ўвялі грашовае пакараньне за выкарыстаньне ў працоўны час «іншай мовы» — г. зн. не беларускай ці нямецкай. Відаць, гэта не дапамагло, бо ў верасьні 1943 г. акруговы камісар Эрэн паўтарыў сваё распараджэньне і загадаў распаўсюдзіць яго па ўсіх установах гораду і Слонімскай акругі. Акруговы камісар Наваградку падаваў, што 80 % беларускага насельніцтва ставілася да палякаў адмоўна, адначасова ён наракаў, што звальненьне палякаў зь іх пасад прынесла вялікія цяжкасьці — гэта была
больш інтэлігентная і значна больш карысная для нас частка насельніцтва.
У Наваградку 31.7.1942 г. таксама было расстраляла некалькі дзясяткаў палякаў, між іншым, некалькі ксяндзоў, а 1.8.1943 г. — 12 манашак. Тое самае адбывалася і ў Вялейскай акрузе: улетку 1942 г. сярод польскай інтэлігенцыі тут загінула больш за 100 чалавек.
Бясспрэчна, паліцыйныя ўлады ад самага пачатку разьлічвалі ўцягнуць у антыпольскую кампанію беларускае насельніцтва. Не выпадкова ў канцы траўня 1942 г., г. зн. напярэдадні ўсёй акцыі, беластоцкая «Новая Дарога» апублікавала перадавы артыкул пад назваю «Больш актыўнасьці!» — ён быў разьлічаны на распальваньне варожасьці да палякаў і заклікаў беларусаў прыняць удзел у плянаваных «чыстках». Газэта, між іншым, пісала:
Але і цяпер яшчэ вельмі часта мы сустракаемся з тым самым старым «польскім» духам сярод паасобных солтысаў, войтаў, паліцыі і службоўцаў, варожа настроеных да беларусаў. Гэтыя панове, займаючы да 1939 году тыя ці іншыя пасады ў адміністрацыі, відаць, забываюцца на тое, чый хлеб ядуць, і ўяўляюць сябе ў старой ролі. Прыкладаў гэткага стаўленьня можна знайсьці вельмі многа. Там, дзе ёсьць актыўныя беларусы, гэтыя стасункі вельмі хутка выпраўляюцца і справядліва ўладкоўваюцца нямецкімі ўладамі. Мы, аднак, не заўсёды выяўляем належную актыўнасьць. Менавіта гэтым у сапраўднасьці можна растлумачыць факт, што нават там, дзе жыве амаль 100 % беларусаў, паміж нямецкаю ўладай і насельніцтвам часта стаіць польскі чыноўнік.
Такія палітычныя матывы ў будучыні павінны былі прывесьці да аслабленьня польскага элемэнту і ўзмацненьня беларускага, і яны знаходзілі водгук сярод часткі беларусаў — супрацоўнікаў адміністрацыі, паліцыі, а таксама дзеячоў БНС, якія рознымі шляхамі дапамагалі СД у ажыцьцяўленьні гэтай кампаніі. Пра гэта згадваюць ня толькі польскія, але і беларускія крыніцы. Не выклікае сумненьняў удзел мясцовых арганізацыяў БНС у прызначэньні на працу ў Нямеччыне ў першую чаргу палякаў і нават беларусаў каталіцкага веравызнаньня, якіх падазравалі ў прапольскіх сымпатыях і абыякавасьці да «адраджэньня Бацькаўшчыны». Трэба сказаць, што ўжо ў ліпені 1942 г. у вэрбоўчыя камісіі Заходняй Беларусі паліцыя пераслала загад — высылаць на працу ў Райх найперш палякаў, так што гэтыя камісіі, напэўна, маглі абысьціся і без дапамогі БНС. Значыць, яе ўдзел у адсылцы працоўнай сілы ў Нямеччыну паліцыя выкарыстоўвала дзеля распальваньня новых канфліктаў паміж польскім і беларускім насельніцтвам.