Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Матэрыяльныя ўмовы існаваньня жыхароў Генэральнай акругі Беларусь выглядалі іначай. На вёсцы тут пераважалі асобныя прыватныя гаспадаркі, на пачатку вайны савецкая эвакуацыя іх амаль не закранула, рэквізыцыі Вэрмахту таксама спустошылі не ў такой ступені, як ува ўсходняй частцы краю. Абавязковыя паставы на 1942 г. у разьліку на адзін гектар ворыва і пашы складалі: 100 кг збожжа, 200 кг бульбы і 20 кг мяса жывой вагаю — гэта былі досыць памяркоўныя патрабаваньні, яны давалі сялянам магчымасьць распараджацца нават большай часткай прадукцыі, чым пры саветах. У параўнаньні з высокімі коштамі машын і зямельных прылад, вотруб’я і г. д. закупачныя цэны былі нізкія, хоць пакідалі ў сялян адчуваньне эксплуатацыі, аднак пры гэтым вонкава захоўваліся прыкметы рынкавых мэханізмаў, а не татальнага рабаваньня, што панавала на ўсходзе.[123] Землі зьнішчаных партызанамі памешчыцкіх маёнткаў ахвотна разьбіраліся ў арэнду, такім чынам, палявыя работы на тэрыторыі Генэральнай акругі былі праведзены восеньню 1942 г. на 100 %.
Паводле справаздачы генэральнага камісарыяту ў Менску, плян закупу сельскагаспадарчай прадукцыі ад ураджаю 1942 г. выконваўся наступным чынам: збожжа — 81,5 %, салома — 80 %, сена — 83,9 %, бульба — 62,2 %, мяса — 40,5 %, тлушчы — 38,5 %, ільняное насеньне — 82,5%. Пэўная частка гэтых запасаў была зьнішчана партызанамі альбо перайшла ў іх рукі, аднак адбылося гэта або на нарыхтоўчых пунктах, або пазьней, пры далейшым перавозе прадукцыі з гэтых пунктаў. Важна падкрэсьліць, што сяляне прывозілі прадукцыю на гэтыя пункты насуперак партызанскай агітацыі («ані кіляграму збожжа для акупантаў»). Іх не спынялі ані забойствы, якія чынілі «лясныя мсьціўцы» над вясковымі пастаўшчыкамі, ані паленьне гаспадарак. Калі б партызаны мелі рацыю, трактуючы гэтых людзей як ворагаў, дык тады належала б прызнаць, што і Кубэ не памыляўся, гаворачы, што выкананьне абавязковых паставаў сьведчыла аб падтрымцы нямецкіх уладаў насельніцтвам. Але цяжка пераводзіць гэты канфлікт у ідэалягічны разрэз — ім адлюстроўваюцца хіба толькі супрацьлеглыя пазыцыі варожых бакоў, а не сялянства, якое не жадала ўблытвацца ў барацьбу, а падаткі для Нямеччыны трактавала гэтаксама, як некалі падаткі для саветаў, а яшчэ раней — для Польшчы.
Таму здабыцьцё прыхільнасьці вясковага насельніцтва, якое складала 85–90 % жыхароў Генэральнай акругі Беларусь, мела для абодвух бакоў вялікае значэньне. Таму і партызаны імкнуліся ня толькі застрашыць сялян, але дзейнічалі і наадварот: дзялілі паміж людзей здабытую жывёлу, харчы ці паліва. Кубэ таксама стараўся пазьбегнуць сытуацыяў, якія маглі б кінуць мясцовых жыхароў у роспач — пазьней яна непазьбежна вылілася б у партызанскія настроі. Дзеля гэтага Генэральны камісарыят значна заніжаў лічбы наяўнага пагалоўя свойскай жывёлы, каб давесьці, што павелічэньне паставаў Вэрмахту — справа немагчымая.[124] Аналягічным чынам дзейнічалі ўлады генэральнага камісарыяту і пры вэрбоўцы працоўнай сілы. Так, да верасьня 1942 г. улучна зь яго тэрыторыі ў Нямеччыну было вывезена толькі 31 тыс. чалавек (без уліку ваеннапалонных), прытым падкрэсьлівалася, што ў гарадох працоўнай сілы не стае, так што вэрбаваць яе можна толькі на вёсцы, аднак там перашкаджае гэтаму дзейнасьць партызанаў. Гэта была праўда, але ня ўся, паколькі партызаны ў той момант кантралявалі яшчэ нязначную частку земляў акругі.[125] Захады цывільных уладаў прыносілі плён: да сакавіка 1943 г. колькасьць высланых у Райх работнікаў павялічылася толькі да 35 тысяч.
123
Так, напр., за 100 кг жыта селянін атрымліваў 2,50 райхсмаркі, прычым ён мусіў атрымліваць вотруб’е для пашы па цане 6 райхсмарак за 100 кг.
124
У лютым 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь налічвалася 275 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 25 % ад даваеннай колькасьці. У чэрвені 1942 г. гэтая колькасьць ацэньвалася ў 40–45 % ад даваеннага ўзроўню. У жніўні 1943 г. Кубэ, у сваю чаргу, паведамляў, што на абшары Генэральнага камісарыяту Беларусь знаходзіцца яшчэ 450 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 50 % ад нармальнага пагалоўя. Аднак пагалоўе не павялічвалася, а зьмяншалася, адсюль вынікае, што ў 1942 г. зьвесткі заніжаліся.
125
Улады Генэральнай акругі падавалі, што ў зоне дзеяньня партызан знаходзілася ў 1942 г. 60 % сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта было грубае перабольшаньне, якое павінна было апраўдаць слабыя вынікі апэрацыі па вярбоўцы работнікаў у Нямеччыну. Паводле савецкіх крыніц, у гэты час тэрыторыя, якую займалі і часткова кантралявалі партызаны, складала толькі 30 % ад усяго беларускага абшару (гл. падразьдзел «Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху»). Трэба мець на ўвазе, што гэты паказчык быў значна вышэйшы ўва ўсходніх раёнах Беларусі і нашмат ніжэйшы на землях Генэральнай акругі.