Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Пералом у сытуацыі настаў толькі з пачаткам вялікіх карных апэрацый на абшары Генэральнай акругі Беларусь — г. зн. зь лістапада 1942 г. Паводле разьлікаў Кубэ, да канца жніўня 1943 г. забойствы і дэпартацыі абязьлюдзілі край так, што 240 тыс. га зямлі не было апрацавана, а 10–15 % сялянскіх сем’яў страціла апошнюю карову. Гэтыя акцыі значна пагоршылі дэмаграфічную і гаспадарчую сытуацыю ў краі, а іх палітычныя вынікі набылі пагрозьлівы рэзананс. Яны перш за ўсё перакрэсьлілі надзеі вясковых жыхароў — весьці нармальную, упарадкаваную гаспадарку ў такіх умовах было немагчыма. Людзі апынуліся ў атмасфэры бяспраўя і няспыннай пагрозы, а гэта была адна з найважнейшых задач партызанаў. Але і цяпер рэакцыя грамадзтва не была такою аднадушнай, як ува Ўсходняй Беларусі: расьлі ня толькі партызанскія атрады, але таксама, і прычым у ня меншай ступені, сілы самааховы і паліцыі. Настроі жыхароў былі тут больш разнастайныя, гэтак жа, як і грамадзкія ўплывы: з аднаго боку — паразы немцаў на Усходнім фронце і партызанская вайна, а з другога — нацыяналістычная прапаганда. Нарэшце, нягледзячы на паступовае зьбядненьне краю, тутэйшым сялянам па-ранейшаму было што губляць, асабліва ў параўнаньні з жыхарамі Ўсходняй Беларусі.
Паводле нямецкіх крыніц, з красавіка 1943 г. выразна акрэсьленыя пазыцыі займалі дзьве крайнія групы насельніцтва, чыя ўдзельная вага ацэньвалася як нязначная. Першая зь іх — рашучыя прыхільнікі бальшавізму — найчасьцей жылі ў гарадох, якія да верасьня 1939 г. месьціліся на тэрыторыі СССР, супрацоўнічалі з партызанамі і чакалі вяртаньня Чырвонай Арміі. У другую групу ўваходзіла невялікая частка беларускай інтэлігенцыі і сялян з гарадзкіх ваколіц, яны зрабілі рашучую стаўку на нямецкую палітыку і бачылі сваю будучыню толькі пад аховай Нямеччыны, зь якой
зьвязалі свой лёс на радасьць і на гора.
І адна, і другая група мелі ў грамадзтве невялікую ўдзельную вагу.
Паміж гэтымі крайнімі групоўкамі знаходзілася большасьць насельніцтва Генэральнай акругі Беларусь. На пачатку акупацыі яна сустрэла немцаў прыхільна, але пад націскам далейшых падзеяў адхіснулася ад іх і — на думку нямецкіх сведкаў сытуацыі — вагалася паміж
палітычнай антыпатыяй (апатыяй? — Рэд.), нацыяналізмам і прасавецкімі сымпатыямі.
Галоўную ўвагу гэтая частка насельніцтва скіроўвала на партызанскую праблему, далейшае ажыцьцяўленьне аграрнай рэформы і здавальненьне паўсядзённых жыцьцёвых патрэбаў, аднак яе хвалявалі таксама і палітычныя справы: пытаньне будучага самакіраваньня Беларусі, выхад яе з Остлянду, імкненьне да незалежнасьці ў прыбалтыйскіх краінах, а таксама — акцыя Уласава.
Намаляваная нямецкімі назіральнікамі сытуацыя (асабліва праявы беларускага нацыяналізму) вельмі цікавая, і ня толькі таму, што гэта было новае зьявішча ў палітры грамадзкіх настрояў: у першы пэрыяд акупацыі паліцыйныя данясеньні паблажліва абміналі гэтае пытаньне, а савецкія крыніцы, зацікаўленыя ў вынішчэньні гэтага нацыяналізму, замоўчвалі яго сьвядома.
Цікавую характарыстыку грамадзкіх настрояў прывёў Антон Адамовіч, тагачасны менскі журналіст:
…Думалася больш-менш усім, што горш жа, як пад саветамі, проста быць ня можа, дык і ня будзе, што «цяпер будзе іначай», а мо нават і лепш хоць у сім-тым хоць бы для беларускае нацыянальнае справы, а з гледзішча яе — і для Беларусі наагул. Магчымасьці для гэтае справы, а, значыцца, і пэрспэктывы былі ж адчыніўшыся адразу — беларуская мова, прынамсі, атрымала адразу ж статус адзінае афіцыйнае мясцовае мовы, прызнаванай за гэткую новым акупантам — толькі ў беларускай мове быў дапушчальны і друк, і тэатар, і школьніцтва. Бесьперашкодна дэманстраваліся й адпаведна ўшаноўваліся нацыянальныя эмблемы — бел-чырвона-белы сьцяг, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», герб «Пагоня» чаго, між іншага, не было на суседняй Украіне, і прыежджыя ды праежджыя ўкраінцы вельмі дзіваваліся з гэткага «нацыянальнага рэнэсансу» на Беларусі.
І сапраўды, нягледзячы па супраціў бэрлінскіх уладаў і перашкоды з боку партызанскага руху, упартыя намаганьні Кубэ ў галіне беларусізацыі пачалі прыносіць усё больш і больш плёну. На другі год акупацыі было адчынена каля 30 сярэдніх школаў — агульнаадукацыйных і прафэсійных, яны сталі асяродкамі нацыянальнага выхаваньня моладзі, базаю СБМ. Выйшлі новыя газэты і часопісы, разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, узьнікалі творчыя аб'яднанні, аматарскія культурныя суполкі ў правінцыі, на добрым узроўні працаваў тэатар у Менску, у яго рамках была створана беларуская опэра. Усё гэта ўздымала нацыянальную сьвядомасьць сярэдняга грамадзяніна і асабліва моладзі. Такім чынам, без увагі на стаўленьне да «вялікай палітыкі», расло процідзеяньне савецкай ідэалёгіі. Вынікі карных апэрацыяў не маглі стрымаць росту гэтай сьвядомасьці: паўсюдна асуджаліся ня толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, што іх выклікалі, — маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Варта адзначыць і тое, што рост нацыяналістычных настрояў адбываўся падчас адступленьня Вэрмахту на Усходнім фронце, калі ў грамадзтве расло перакананьне, што немцам ня ўдасца пазьбегнуць паразы.