Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 124
Перейти на страницу:

— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?

Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:

— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.

— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!

— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.

— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.

Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:

— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.

Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.

— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.

Лёднік холадна зірнуў на пана.

— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.

Пранціш фыркнуў:

— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.

— Бедлам! — прашыпеў доктар, рэзка ўзняўся і пачаў пакаваць сваю доктарскую валізу.

Крыкі змоўклі. Пан Агалінскі пазяхнуў, асцярожна пакратаў прышытае вуха.

— Ну а мы, пан Вырвіч, давай у карты перакінемся, пакуль карабель не шпурляе.

Плысці заставалася яшчэ тыдзень — калі Няптун не раззлуецца. Помслівы марскі бог, напэўна, не забыўся, што пан Пранціш Вырвіч так і не кінуў манеткі ў фантан у Гданьску.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ

ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ

— Усяго пені! Гісторыя слаўнага разбойніка Джэка Шэпарда, які шэсць разоў збягаў з Ньюгейцкай турмы! З партрэтам і вытанчанымі малюнкамі! Усяго адзін пені!

Мурзаты хлопец у капелюху з абвіслымі брыламі, насунутым па самыя вушы, бег за экіпажам, размахваючы стосам паперы. Трохі адстаў — і вось ужо і знік у густым вільготным тумане. Пранціш у чарговы раз высунуўся з вакна карэты: туман, макрыня, цёмныя сцены, пах дыму і згорклага сала… І гэта Лондан?

А ён ужо нафантазіраваў сабе нешта велічнае!

Калі яны пабачылі з карабля белыя крэйдавыя скалы, на якіх стаіць знакаміты Дуўрскі замак, падалося, зараз патрапяць у краіну цудаў… Цуды пачаліся, калі ў гатэлі выявіўся ватэрклазет — прыбіральня, у якой усе чалавечыя адкіды адразу змываюцца вадой. Прыслугу не здзівіла, што Лёднік адразу, з парогу, запатрабаваў гарачую ванну — нібыта звычайная справа. Калі ласка, панства! І ванна ў іх была чыгунная, на ільвіных бронзавых лапах, а не балея. А нейкія не самыя заможныя людзі, усе ў капелюшах, сядзелі ў кавярні на першым паверсе гатэлю і чыталі газеты… І каву пілі з парцалянавых кубкаў з сінімі малюнкамі! Лёднік патлумачыў, што тут навучыліся рабіць парцалянавы посуд на фабрыках, дзе малюнак наносіць машына. Таму ён і не дарагі, нават бядняк можа купіць.

Затое жабракі і дзеці галаты на вуліцах былі такія ж брудныя, як і на кантыненце.

Лёднік, які адзіны з кампаніі больш-менш валодаў ангельскай мовай, яшчэ і папярэдзіў: ні з кім знаёмстваў не заводзіць, нічога без рады з ім, Лёднікам, не купляць, рэчы без прыгляду не пакідаць. А то ўсучаць якую цудадзейную «Залатую эсэнцыю» альбо «Дух жэмчуга», а яму пасля лячыць дурняў ад атручвання. І галоўнае, не ўздумайце набываць у разносчыкаў за паўтары пені белы мутны напой пад назвай салуп! Там усё роўна ні кроплі алкаголю: салодкая трава сасафрас, малако ды цукар, а вось зарабіць разлад страўніка можна.

Але ў Дуўры ўсё здавалася добрым хаця б таму, што скончылася цяжкое падарожжа праз мора. І хаця зямля яшчэ суткі пад нагамі пагойдвалася, гэта ўсё ж была зямля… Няхай і чужая-далёкая.

Лондан сустрэў туманам, смуродам і шумам. Нават не разгледзіш нічога толкам, кожны завулак вядзе як бы ў пазасвецце.

Лёднік высунуўся з вакна экіпажу і перагаварыў з фурманам у дзіўным зялёным плашчы з каптуром.

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)