Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
Спаўзлі з саней — хутчэй у зямлянкі, да печак. А я — да Рошчыхі, каб даць загад. Разляпілася, чортава баба, нават камандзіра страчаць не выйшла. Падыходжу да зямлянкі-шпіталю і… аслупянеў. Дзіця! Такая нечаканасць! Не думалася ў дарозе пра гэтую цяжарную жанчыну, што нечакана з’явілася і засталася ў лагеры. Хапала клопатаў іншых.
Можа не так бы ўразіўся, каб крык дзіцячы быў не такі. А то незвычайны нейкі — як крык роспачы, болю. Як кліч жыцця і адначасова кліч трывогі — просьба ратунку. Стаю перад дзвярамі, а зайсці баюся. Можа яно толькі нарадзілася? Голенькае? Можа нельга дзвярэй адчыніць, каб не ўпусціць холад? Можа мне, мужчыну, і заходзіць няёмка? Пагоніць Рошчыха, не пасаромеецца. Чаго, скажа, прэшся! Без цябе зробяць, што трэба.
Відаць, не ўвайшоў бы, каб яно так не крычала. А то не вытрымаў. Хуценька адчыніў дзверы, нырнуў у зямлянку. Дзіця Рошчыха трымае. А фельчар наш — Фіма Рубін, малады, у акулярах — над ложкам схіліўся заклапочаны, спалоханы. Убачыла мяне Рошчыха, заплакала.
«Памірае наша Надзечка, камандзір!»
«Памірае? Ад чаго?» — недарэчнае пытанне.
«Ад родаў. Гарачка. Учора яшчэ карміла, а сёння зусім непрытомная. Дзіцятка памрэ. Чым яго накорміш без маці?! Бач, як заходзіцца».
У першы міг апанавала мяне злосць. Наваліўся на фельчара:
«Ты што ж, чортаў эскулап, роды па-чалавечаму не мог прыняць?»
«А калі я іх прымаў? Разы тры на практыцы, ды і то пад кіраўніцтвам урача. Ды такое і ў раддомах бывае. У вопытных акушэраў».
«Бывае… А ў цябе не павінна быць! Не павінна! Чуеш?».
Не яму крыкнуў гэтыя словы — сабе. Злосць мая раптам перайшла ў актыўную рашучасць. Не можам мы дапусціць, каб у такі час, тут, у нас, у лагеры, памерлі маці і дзіця! Нельга дапусціць! Яны цяпер для нас — сімвал. Для мяне сімвал! Жыцця, перамогі! Зрабіць усё, што ў сіле нашай і звыш сілы, але ратаваць! Ратаваць!
«Што можна зрабіць, Фіма?»
«Для яе? — кіўнуў той на маці.— Трэба добры гінеколаг. І лякарствы, якіх у нас няма».
«Хто застаўся ў горадзе з такіх урачоў?»
«А ў нас толькі адзін і быў такі ўрач. Бумель Анна Отаўна».
«Немка?!»
Старую гэтую я помніў. Бадай, усе ў горадзе яе ведалі. Баба ўедлівая, наравістая, але акушэр-гінеколаг выдатны. Жанчыны на яе маліліся.
«Яна, безумоўна, засталася», — выказаў сваё меркаванне Рубін.
Я таксама не сумняваўся, што засталася.
«Што ж, прывязём Бумель!»
«Не паедзе!»
«Паедзе!»
«Тут нельга прымусам», — асцярожна папярэдзіў мяне малады гуманіст.
«Гэта мой клопат, доктар. Што трэба для яго? Ён? Яна?» — паказаў я на дзіця.
«Яна. Дзяўчынка. Ладненькая такая», — суровая, бязлітасная Рошчыха шморгала носам — шкада было дзіця.
Рубін паціснуў плячамі.
«Дзіцяці трэба малако, таварыш камандзір. Мацярынскае. Карміліца».
«Каб хаця карова ў нас была. Суседка наша некалі, скора пасля той вайны, вось так памерла ад родаў, а хлопчык застаўся. Дык мы малачко вадзічкай разбаўлялі — ды ў бутэлечку. А на бутэльку — соску. Адпаілі. Шчэ які хлопец жыве! Хіба мала іх, такіх! Толькі ўмець трэба».
«Добра. Карміліцу не абяцаю. А карова і соскі будуць! А пакуль што рабіце ўсё, што можна, каб падтрымаць іх! Рубін! Галавой адказваеш!»
Акалелы з рэйду Вася Шугановіч і распараны Будыка — любіў горача напаліць — ужо закусвалі, не дачакаліся, калі я ўскочыў у камандзірскую зямлянку. Будыка не ездзіў з намі, заставаўся за старэйшага ў лагеры. Сустрэў — і не сказаў пра такую незвычайную прыгоду ў лагеры. Гэта мяне абурыла.
«Ты што зрабіў, каб ратаваць жанчыну і дзіця?»
«Што я — галоўурач раддома? Што можна зрабіць?»
«Інтэлігент, такую тваю… Зараз жа паедзеш у горад і прывязеш урача!»
«Так ён нас чакае з табой, той урач! Можа хуткую дапамогу выклікаць?»
«Не зубаскаль, гуманіст! Збірайся!»
Будыка сядзеў расчырванелы ад выпітай самагонку у расшпіленай, непадпяразанай гімнасцёрцы.
«Ты сур’ёзна?»
«Няма прычыны для жарту. Памірае чалавек! І дзіця! Дзіця! Якое толькі што нарадзілася. Ты разумееш гэта?»
Будыка падняўся, расправіў гімнасцёрку, хоць папругі на ім не было.
«Я слухаюся, камандзір. Я — чалавек вайсковы. Падпарадкуюся. Але, — ён павярнуўся да Ціхановіча. — Прашу камісара запомніць: за нейкі тыдзень камандзір двойчы пасылае людзей на рызыкоўныя аперацыі, якія прадыктаваны не патрэбамі атрада, не баявымі меркаваннямі, а…»