Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
На некалькі тыдняў запанавала ціша. У ноч з 21 на 22 верасьня яе перарваў выбух міны, падкладзенай пад матрац Кубэ. Нямецкае інфармацыйнае бюро (Deutsches Nachrichtenburo) паведаміла зь Менску, што Кубэ загінуў у часе замаху, арганізаванага бальшавіцкімі агентамі, і гэта было пацьверджана з савецкага боку. Для расьсьледаваньня ўсіх акалічнасьцяў замаху была створана Вялікая спэцыяльная камісія (Grosse Sonderkommission), якая складалася з афіцэраў СС: старшыні — Бондарфа, а таксама Брэера і Ганса. Камісія высьветліла, што міну прынесла і ўсталявала ў спальні Кубэ яго прыбіральшчыца, Алена Мазанік, якая атрымала яе ад Марыі Восіпавай, партызанскай сувязной. Быў раскрыты ўдзел у замаху іншых чальцоў падпольля, высьветлена, што абедзьве названыя жанчыны ўцяклі да партызанаў і самалётам перапраўлены ў Маскву. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіліся пазьней у маскоўскім часопісе «Работннца» за люты 1947 г. — г. зн. тады, калі ў СССР была яшчэ невядомая справаздача Бондарфа.
Супадзеньне ў паказаньнях Мазанік і Восіпавай з вынікамі расьсьледаваньняў Бондарфа адназначна сьведчыць пра ўдзел гэтых жанчын у замаху на Кубэ, аднак гэта не вырашае пытаньня, хто быў яго ініцыятарам і арганізатарам. Сьмерць Кубэ, безумоўна, была выгоднай савецкім уладам, якім яго палітычныя паводзіны перашкаджалі куды больш за злачынствы эсэсаўцаў; тыя толькі ўзбуджалі ў грамадзтве нянавісьць да немцаў, і партызаны гэтым лёгка карысталіся. Аднак сьмерць Кубэ, па згаданых ужо матывах, была выгаднай і кіраўніцтву СС, якое ўжо перабрала ўсе іншыя магчымасьці пазбыцца гаўляйтара ў Менску. Такім чынам, нельга адкінуць вэрсіі, што замах на Кубэ падрыхтавала СС. На карысьць такой гіпотэзы сьведчаць наступныя акалічнасьці, што вынікаюць з аналізу справаздачы камісіі Бондарфа:
1. Камісія складалася выключна з афіцэраў СС і працавала пад беспасярэднім наглядам шэфа СД у Менску, які падпарадкоўваўся Готбэргу, Баду і Гімлеру. Гэта дазваляла праціўнікам Кубэ цалкам падпарадкаваць яе вынікі свайму ўплыву.
2. Сьледзтва праводзілася ўсяго некалькі дзён — ужо 29.9.1943 г. шэф менскага СД распусьціў камісію. Толькі пасьля таго «высьветлілася», што Мазанік, дапушчаная да працы ў доме Кубэ, была да вайны супрацоўніцай НКВД, а ў цяперашні момант — дзяячкай савецкага падпольля. Адначасова ў надзвычайна кароткі тэрмін былі выкрытыя ўсе падпольшчыкі, што ўдзельнічалі ў замаху на Кубэ, і ніводзін зь іх ня выкарыстаў магчымасьці ўцячы адразу ж пасьля гібелі гаўляйтара. Гэта сьведчыла альбо пра надзвычайныя здольнасьці СС, альбо пра фабрыкацыю ўсёй справы, тым больш, што ўсіх сведкаў зьнішчылі, так што сьляды былі замеценыя цалкам.
3. За такі кароткі час — г. зн. да 29 верасьня! — камісія высьветліла, што Мазанік і Восіпаву з партызанскага лётнішча пераправілі ў Маскву. Гэта надзвычай важная акалічнасьць у справаздачы, яна сьведчыць пра тое, што СД мела сваіх інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі абедзьве жанчыны. Значэньне гэтага факту пацьвярджаецца яшчэ і тым, што ў савецкім варыянце публікацыі справаздачы камісіі Бондарфа гэты пункт быў апушчаны.
У Савецкім Саюзе першае паведамленьне пра сьмерць Кубэ апублікавала маскоўская «Правда» 24 верасьня, у ім адзначалася, што гаўляйтар загінуў ад «меткой партизанской пули». Гэтая памылка паўстала, хутчэй за ўсё, у выніку ўласнай інтэрпрэтацыі паведамленьня нямецкага радыё. Варта зьвярнуць на яе больш пільную ўвагу, бо гэта значыла, што камандаваньне партызанскага атраду, у які ўцяклі Мазанік і Восіпава, ня выслала ў Маскву паведамленьня. Можна, такім чынам, меркаваць, што атраднае камандаваньне, якое, паводле цяперашняй вэрсіі, здаўна і загадзя рыхтавалася да замаху, даведалася пра яго толькі з вуснаў незнаёмых беглых жанчын і паставілася да справы асьцярожна, дапускаючы, што гэта, магчыма, правакацыя. Пра гэта сьведчыў пазьнейшы лёс Мазанік і Восіпавай: пасьля публікацыі ў 1947 г. артыкула ў «Работнице» некалькі гадоў вакол іх панавала суцэльнае маўчаньне. Між іншым, ня згадваў пра іх і Л. Цанава, аўтар вялікай працы аб партызанскай вайне на Беларусі, дзе знайшлося месца для значна менш цікавых фактаў. Адзначым, што аўтар кнігі на пачатку пяцідзясятых гадоў быў міністрам дзяржаўнай бясьпекі БССР. Можна, такім чынам, дапусьціць, што вэрсія аб правакацыі СС сур’ёзна бралася пад увагу.
Кубэ таксама асьцерагаўся замаху. У апошнія месяцы свайго жыцьця ён меркаваў замяніць паліцыйную ахову вакол свайго дому «прыватнай» вартай, якая павінна была складацца з давераных чальцоў СА[119] або маладых фольксдойчаў. Але Гімлер «ні ў якім разе» не пагаджаўся на такія праекты. Значыць, ён поўнасьцю трымаў Кубэ ў руках. Сьмерць Кубэ і па сёньняшні дзень не перастае быць таямніцай, нягледзячы на шматлікія згадкі ў літаратуры на гэтую тэму.
119
СА — штурмавыя атрады (Sturmabteilung). Ваенізаваныя фармаванні НСДАП. У 1934 годзе страцілі значэнне, і галоўнай баявой арганізацыяй стала СС. Атрады СА, моцна скарочаныя колькасна, праіснавалі да 1945 года. Вярхоўным кіраўніком СА з 1930 года і да канца Трэцяга райху быў Гітлер. — Polochanin72