Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Цікава, што, нягледзячы на гэта, знешнепалітычны кантэкст вымусіў Маскву нават прызнаць немэтазгодным хуткае ўключэнне Беларускай рэспублікі ў склад Савецкай Расіі на правах федэрацыі, бо апошняе «ліквідуе ўсю выгаду існавання буфераў-рэспублік», і прапанаваў метад працяглых перамоў пра федэрацыю. 5.02.1919 г. газета «Звезда» ў рэдакцыйным артыкуле «К итогам съезда Советов Белоруссии» тлумачыць: «Почему съезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы… существуя как самостоятельная республика… политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно». Разам з тым, працягвае артыкул, «съезд подтвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию «своего» белорукого языка, «своей» национальной культуры напрасны… Пусть примут это к сведению белорусские писатели».
У адной са сваіх публікацый беларускі гісторык У. Ладысеў насуперак і гістарычным дакументам, і сваім ранейшым перакананням у якасці лейтматыву адлучэння трох губерняў ад БССР вызначае гаспадарчы фактар: маўляў, тыя рэгіёны былі эканамічна знітаваныя з Цэнтральнай Расіяй. Але, па-першае, тут аўтар спасылаецца на дакументы (дагэтуль нібыта малавядомыя), сфармуляваныя за год да тых падзей, а сітуацыя тады мянялася ледзь ні штодзённа.
Па-другое, падобную думку знаходзім у манаграфіі Н. В. Каменскай «Первые социалистические преобразования в Белоруссии», выдадзенай у 1957 г. І, па-трэцяе, так і карціць запытацца: а хіба пакінутыя БССР Менская і Гродзенская губерні былі меней інтэграваныя ў агульнарасійскую эканоміку, хіба іх гаспадарка арыентавалася на Захад? Больш таго (гэта ўжо па-чацвёртае), беларускія нацыянал-камуністы ў пачатку 1920-х пераканаўча даводзілі, што якраз эканамічна адарваныя губерні складаюць з Менскай адзін вытворча-гаспадарчы і этнаграфічны беларускі кантэкст (прычым гэты аргумент публікуецца самім жа У. Ладысевым!). (У дадзеным выпадку У. Ладысеў змяняе сваю пазіцыю яўна пад уздзеяннем палітычнай кан'юнктуры, бо казаць адмоўна пра «расійскі фактар» для гісторыі Беларусі тым часам было крамольна.) Між іншым, нават У. Ленін (у сувязі са стварэннем гаспадарчай базы Савецкай Расіі) на Беларусь не звяртае нават мінімальнай увагі — у адрозненне, напрыклад, ад стратэгічна важнай у гэтым сэнсе (сваімі запасамі хлеба і вугалю) Украіны. Аўтары апошняй шматтомнай сінтэзы па гісторыі Беларусі (у прыватнасці гэта І. Ігнаценка і С. Хоміч) аддаюць перавагу менавіта знешнепалітычнаму фактару пры абвяшчэнні БССР, а, як яны зазначаюць, «этнічныя, эканамічныя, культурныя і іншыя аспекты да ўвагі не прымаліся». Да таго ж, як заўважае беларускі гісторык А. Дзядзінкін, рашэнне VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) аб утварэнні Беларускай Рэспублікі супала з падачай афіцыйнай заявы Польскага міністэрства замежных спраў ураду РСФСР аб тэрытарыяльных прэтэнзіях, што з'яўляецца важным аргументам на карысць знешнепалітычнага фактару ўтварэння БССР. Дый самі бальшавікі афіцыйна шматкроць у 1919 г. казалі пра знешнепалітычныя фактары стварэння Беларускай Рэспублікі. Вось як апісваецца сітуацыя беларускім дзеячам-эмігрантам Аўгенам Калубовічам: «Ужо на самой 6-ай абласной канферэнцыі дакладчык у пытаньні абвешчаньня БССР А. Мясьнікоў (ён толькі што вярнуўся з Масквы, куды яго ў гэтым пытаньні выклікалі), каб «местные товарищи согласились с доводами центра… в целесообразности создания нового положения», хоць і разглядаў абвешчаньне БССР як якуюсь уступку Беларускім секцыям РКП(б), за галоўны матыў абвешчаньня выстаўляў міжнародны фактар. Заходнія дзяржавы даюць народам «буржуазнае самавызначэньне» (у раёне Заходняй камуны — гэта БНР і Летувіская манархія), яму трэба супрацьпаставіць самавызначэньне на базе савецкай улады. «Нужно противоядие «союзным начинаниям»», каторае-б із большым шансам магло «замкнуть» «проход», праз які «силы черного интернационала» «устремляются на Советскую Россию». Іншымі словамі: калі-б ня было БНР, не тварылася-б і БССР; БССР — гэта супрацьвага («противоядие») БНР, клін супраць БНР і прытым напачатку вылучна прапагандовы, без запраўднага жаданьня тварыць яе. Тымі-ж матывамі палітычнай каньюктуры моманту тлумачыў абвешчаньне БССР на згадванай Віцебскай губэрнскай канферэнцыі КП(б)Б сябра ЦБ (і ўраду БССР ад групы Заходняй камуны) Р. Пікель; а таксама й другі сябра ЦБ (і ўраду БССР ад тэй-жа групы) С. Іваноў на Смаленскай губэрнскай канферэнцыі КП(б)Б, заявіўшы, што абвешчаньне БССР — гэта тактычны манеўр партыі з мэтаю паралізаваць палітыку вільсонаўскага лёзунгу самавызначэньня народаў, ужываную Заходнімі дзяржавамі. 24.9.1919 г. сакратар ЦК КП(б) Летувы й Беларусі В. Кнорын у газэце «Звезда» ў гэтай справе пісаў, што «Коммунистическая партия… мотивировала свой шаг исключительно причинами международного характера». Ні А. Мяснікоў, ні іншыя кіраўнікі КП(б)Б не паклікаліся пры гэтым на самае галоўнае: на права беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне». Праўда, нават тыя былыя праціўнікі стварэння дзяржаўнасці Беларусі, пераследуючы свае інтарэсы, якія па ўсёй верагоднасці заключаліся ў маштабе іхняй улады, выступілі супраць аддзялення ад Беларускай Рэспублікі ўсходніх губерняў, абгрунтоўваючы сваю пазіцыю эканамічнымі фактарамі.