Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Заангажаваныя ў справах Беларусі бальшавікі мелі выразна антынацыянальныя намеры, аб чым можна аб'ектыўна меркаваць па словах галоўнага бальшавіцкага ідэолага «Заходняй вобласці» В. Кнорына, якія недвухсэнсоўна характарызуюць палітычную лінію бальшавікоў: «Мы лічылі, што беларусы не з'яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Нашаю задачаю з'яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыянальных рагаткаў. Беларускі ж рух з'яўляецца такім узвядзеннем новых нацыянальных рагаткаў, якіх не было да гэтых пор, а таму камуністы не могуць у якім бы то ні было выглядзе прымаць удзел у гэтым руху. …Мы, камуністы, у тым краі, што вы называеце Беларуссю, працуем, не лічачыся з тым, якога мы роду і племені. <…> Беларускі рух — гэта адраджэнне ў пачварных формах сацыял-шавінізму, з якім мы так доўга вядзем барацьбу» (восень 1918 г.). У. Ленін яшчэ 29 красавіка 1917 г. адкрыта заяўляў: «Конечно, теперь насилие царит над Польшей, но чтобы польские националисты рассчитывали на освобождение ее Россией — это измена Интернационалу». А 22 верасня 1920 г., г. зн. пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) У. Ленін прызнаўся не для друку, што тым наступам яны імкнуліся дапамагчы «саветызацыі Літвы і Польшчы». І калі з дзейнасцю БНР, якая імкліва слабела, бальшавікі маглі спраўляцца адной прапагандай, амаль не хаваючы сваіх намераў, то з моманту адраджэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы Польшчы, якая адразу выявіла імперскія амбіцыі, беларуская праблема запатрабавала ад Крамля аператыўнага і прагматычнага вырашэння.
Лакалізацыя новай Польшчы ў межах яе этнічных тэрыторый, на думку аднаго з польскіх лідэраў Р. Дмоўскага, прывяло б у будучыні да знікнення польскай дзяржавы, хоць сам гэты палітык лічыў, што нацыянальная польская дзяржава можа адмовіцца ад «крэсаў». Што было цалкам верагодна, бо ў адрозненне ад Савецкай Расіі, якая прэтэндавала на ўсю Польшчу, апошняя імкнулася толькі пашырыць сваю тэрыторыю за кошт «красаў», на якіх меўся пэўны працэнт палякаў. У сучаснай польскай гістарыяграфіі існуе наступнае меркаванне: «Спачатку прадстаўніцтва Польшчы настойвала на аднаўленні межаў 1772 г., каб пазней — з улікам сітуацыі ў асобных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай — часткова адмовіцца ад разлеглых абшараў на ўсходзе і дамагацца на захадзе тых зямель, на якіх пражывалі палякі».
Пазіцыя Польшчы (у далейшым будзем называць яе і паўзабытым у гістарыяграфіі сапраўдным найменнем — Польская Рэспубліка, а не выдуманым роst factum[14] «ІІ Рэч Паспалітая») у дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай (што, аднак, яе не апраўдвае, але тлумачыць дэтэрмінізм): каб не стаць другой Украінай, якая ўрэшце пасля ўпартай барацьбы трапіла назад пад уладу «Маскалёў», палякі выяўлялі большыя прэтэнзіі — «ад мора да мора», што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы. Больш таго, ваенна-стратэгічныя пралікі М. Тухачэўскага і савецкай дыпламатыі далі магчымасць Польшчы устанавіць сваю мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана, якая спачатку расцэньвалася як дзяржаўная. Да таго ж, каб краіны суседзі, у тым ліку і перш за ўсё Польшча, не здолелі замацаваць сваю незалежнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. Як лічыць у сваім публіцыстычным эсэ беларуска-польскі літаратар Сакрат Яновіч, «перамога Тухачэўскага з Дзяржынскім пад Варшаваю ў 1920 г. працягнула б польскае бездзяржаўе (з канца XVIII ст.), нягледзячы на ўтварэнне Польскай ССР ад Шлёнску да Бярэзіны, з Беларускай АССР на прасцягу Менскай губерні. Быў такі план, выраблены ў Беластоку».
14
Роst factum (лац.) — «пасля факта», г. зн. пасля таго, як падзея здзейснілася — Polochanin72