Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
А. Сідарэвіч упэўнены ў a рrіоrі[12] акупацыйных намерах Савецкай Расіі, чаго не хаваў і сам У. Ленін. У яго тэлеграме да І. Вацэсіса ад 29 лістапада 1918 г. ён называе ўкраінскія і прыбалтыйскія землі акупаванымі, адзначаючы пры гэтым, што стварэннем абласных часовых урадаў аднімаецца магчымасць разглядаць рух бальшавіцкіх войск як акупацыю. Як бачым, бальшавіцкі правадыр яшчэ дбаў пра хоць нейкі мінімум вонкавай прыстойнасці. Дзеля гэтага і ствараліся так званыя абласныя бальшавіцкія ўрады для Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны. Беларусь у той шэраг не мела гонару патрапіць. Прычынай таму, як будзе паказана далей, з'яўлялася еўрапейская геапалітычная кан'юнктура.
Аддзяленне ад Расіі, паводле У. Леніна, насамрэч дапускалася толькі тэарэтычна: «Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно» (усе вылучэнні шрыфтам — аўтарскія). Такая вось імперыялістычная амбівалентнасць.
Выкрывае фарысейства У. Леніна і беларускі гісторык Іларыён Ігнаценка: «На пытанне: «што вышэй — права нацый на самавызначэнне або сацыялізм?» У. І. Ленін адказваў: «сацыялізм вышэй». «Ці дазволена з-за парушэння права нацый на самавызначэнне аддаваць на з'яданне Савецкую сацыялістычную рэспубліку, падстаўляць яе пад удары імперыялізму ў момант, калі імперыялізм заведама мацнейшы, а Савецкая рэспубліка заведама слабейшая? Не. Не дазволена. Гэта не сацыялістычная, гэта буржуазная палітыка». «З такім тлумачэннем У. Леніна можна было б пагадзіцца толькі пры адной умове — калі б размова ішла аб абароне сацыялістычнага грамадскага ладу. Але ў той час такая ўмова адсутнічала. Рэвалюцыя, якая адбылася ў кастрычніку 1917 г., не з'яўлялася сацыялістычнай, не было таксама і сацыялістычнага грамадскага ладу. Да 1920 г. У. Ленін быў упэўнены у тым, што ў кастрычніку 1917 г. сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі не было». Само кіраўніцтва савецкай краіны маркіравала свой прыход да ўлады ў 1917 г. пераважна пераваротам. На практычную несацыялістычнасць кастрычніцкай падзеі слушна ўказвае і польскі мысляр Лешак Калакоўскі: «Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не схіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лозунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксістскі (мір і зямля для сялянаў)».
Нягледзячы на тое, што яшчэ летам 1916 г. У. Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў няспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў[13], на самой справе бальшавікоў не турбавала пытанне пра беларускую дзяржаўнасць: у важных гістарычных дакументах Беларусь не згадвалася ў кантэксце народаў з правам на нейкую дзяржаўнасць. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён каталізаваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. Яшчэ на самым пярэдадні кастрычніцкага перавароту У. Ленін, што праўда, у форме рытарычнай фігуры ўмоўнага ладу заяўляў пра «немедленное восстановление полной свободы Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман и т. д.» Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць, і яны іх імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць, а беларускі — на пэўны час увогуле быў выключаны з актуальнага кантэксту.
Тэарэтычныя дэкларацыі бальшавікоў засцілі вочы не ўсім. Некаторыя лідэры беларускага нацыянальнага руху бачылі, што на практыцы савецкая Масква не збіраецца прадпрымаць нейкія крокі да задавальнення нацыянальных памкненняў беларусаў. Менавіта ў такім сэнсе гучыць меркаванне Я. Варонкі адносна І. Сталіна, погляды якога тут цалкам супадаюць з вышэй прыведзенымі словамі У. Леніна пра права на аддзяленне.
Традыцыя разглядаць Беларусь складовай часткай маскоўска-пецярбургскай Русі мае даўнюю гісторыю. На феномен стратэгічнай важнасці Беларусі для Расійскай імперыі звярнуў увагу яшчэ М. Мураўёў: «Здешний край искони был русским и должен им оставаться <…> польский элемент здесь есть пришлый и должен быть окончательно и решительно подавлен <…> в противном случае Россия безвозвратно лишится Западного края и обратится в Московию, т. е. в то, во что желают поляки и большая часть Европы привести Россию». NB: тут ідзецца менавіта пра Беларусь, а не пра іншыя каланізуемыя землі імперыі. Відавочна, бальшавікі гэта таксама разумелі і адпаведна дзейнічалі. (Дарэчы, на сучасным этапе, паводле меркавання многіх палітычных дзеячаў — у тым ліку і расійскіх, — важнасць Беларусі для Расіі зноў актуалізавалася ў тым жа самым сэнсе, што чарговы раз пацвярджае рацыю Мураўёва.)
12
А рrіоrі (лац.) — веды, папярэднія досведу і незалежнае ад яго — Polochanin72
13
Даслоўна: «Для украинцев и белорусов, например, только человек, в мечтах живущий на Марсе, мог бы отрицать, что здесь нет еще завершения национального движения».