Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Юр, ну як ты?
— Так, нішто, — ціха, перасільваючы стогн, кажа ён і пытаецца: — Чаму стрэлы былі?
Я не адказваю.
— Юра, ты можаш? Як-небудзь бярыся за мяне. Рукамі бярыся.
З раптоўнай трывогай у вачах ён паслухмяна цягне да мяне свае рукі. Я паварочваюся бокам, каб падставіць яму свае плечы. У гэты час у дамоўку нячутна заходзіць Каця. Побач на падлозе я бачу яе валёнкі.
— Ну, якраз. Толькі табе і несці! — злуецца яна, і ад гэтае яе злосці нешта ва мне расслабляецца ў добрасці. Каця азіраецца: — Эй, фрыц, ану, падсабі!..
— Яволь! Айн мамэнт!..
Немец з гатоўнасцю ўскоквае. Я чую, як тупацяць па падлозе ягоныя падкаваныя боты. З дапамогаю Каці ён пераймае з маіх плячэй даволі-такі цяжкае Юркава цела. Палаткі, аднак, няма, і яны бяруць Юрку за каўнер і полы паўшубка. I тады на падлозе ўсхопліваецца лётчык.
— А я? А мяне? Кідаеце? Завялі ў акружэнне і кідаеце?.. Сволачы вы! Пяхота праклятая! — ашалела крычыць ён, размахваючы ў паветры рукамі-кульцяпкамі. I раптам істэрычна хліпае: — Браточкі! Што ж вы робіце? Не кідайце! Я камандуючага вазіў. Я яго асабістым шафёрам быў. Ён з вас душы павытрасае! Сволачы! Вы чуеце? Я не дарую!
— Ах, вось што! — спыняючыся, кажа Каця. — Вось які ты лётчык!
— Я не лётчык. Я шафёр камандуючага. Зразумелі! Цяпер вы мяне не пакінеце. У мяне вайсковая тайна. Я маю тайну. Ага!
Я бянтэжуся і не ведаю, што рабіць. Агідна і жахліва адначасна чуць усё гэта. Але ён такі здаравенны — нам яго не падняць. Хіба, можа, возьме танкіст? Трэба б як перанесці яго з гэтае будкі куды ў лепшае месца?
Мы выносім Юрку на ганак, і я крычу танкісту, які разам з Сахно стаіць на двары. Аказваецца, тут усё чутна.
— Эй, чуеш? Вазьмі!
Танкіст без слоў закідвае за плячо аўтамат, але Сахно груба спыняе яго:
— Стой! Я сам…
I рашуча праціскаецца паўз нас у хату.
Згінаючыся, мы выносім Юрку на падворак і ямчэй бяром зноў утрох: я, немец і Каця.
Танкіст кідаецца ў дзверы следам за Сахно. Мы моўчкі чакаем.
— Ось што будзе з кожным! — крычыць Сахно — З кожным панікёрам і ныцікам! У мяне рука не ўздрыгне!
Сцюдзёным ветрам павявае ў душу. I мы раптам адчуваем — гэта не пустыя пагрозы. Рашучасці ў яго хопіць.
Сахно выбягае на падворак.
— Ну! Шырай шаг!
Падаўленыя і прымоўклыя, мы хутка сігаем па дарозе ў поле. Ззаду ў варотцах застаецца стары. Ён моўчкі і доўга глядзіць нам у спіны. Я зноў кульгікаю з нацягнутым рогам паўшубка ў руцэ. Юркавы ногі валакуцца па снезе. А мне раптам робіцца шкада шафёра. I з кожным крокам усё шырэе нянавісць да капітана Сахно. Я ўжо выразна адчуваю: ён здольны на ўсё. У горшым выпадку, літасці ад яго не чакай. Але і шафёр, гэты самазваны лётчык, таксама зануда: столькі ашукваць нас.
31
У міліцыі нас, мусіць, не вельмі чакаюць. Пакуль мы па адным пралязаем праз вузкія дзверы, за сталом у пакоі дагульваецца партыя ў шахматы. Гуляюць малодшы лейтэнант у срэбных пагонах, які сядзіць за сталом, і міліцыянер, што стаіць збоку. Пры нас ужо яны па чарзе робяць некалькі паспешных хадоў. Але да мата, відаць, далёка, і міліцыянер ашчадна прыбірае дошку. Малодшы лейтэнант, хмурачы светлыя броўкі, акідвае нас позіркам, у якім начальніцкая прыдзірлівасць змагаецца са звычайнай хлапечай цікаўнасцю.
— Да сценкі! Да сценкі! Не таўпіцеся ля дзвярэй.
— Не ўцячэм! — кажа наш хлопец у чорным.
Трымаючы пэўную дыстанцыю ва ўзаемаадносінах, афіцэр суха кідае:
— Ахвотна веру.
Ён зусім яшчэ малады, мусіць, нядаўні выпускнік міліцэйскага вучылішча, і строгасці на ягоным твары праз меру. Старшына, што прывёў нас, становіцца ля дзвярэй. Мы ўсе выстройваемся ў рад, за тры крокі ад адзінага тут стала, і малодшы лейтэнант апускаецца на стул.
— Ну, у чым справа? Хто растлумачыць?
Гарбацюк памыкаецца да стала.
— Яны зняважылі мяне. Апроч таго, планкі…
— Вас мы ўжо чулі, — даволі рашуча перабівае яго афіцэр і ківае на мяне. — Скажыце вы!
— Што казаць? Планак у яго не было. Я іх не бачыў. Малодшы лейтэнант кідае беглыя позіркі на іншых і спыняецца вачыма на Ігару.
— А вы што скажаце?
— Я далучаюся да таварыша. На жаль, не ведаю прозвішча.
— Так. Значыць, не прызнаяцеся. Тады будзем пісаць. Ён разгортвае на стале канцылярскую кнігу. З кішэні кіцеля дастае аўтаручку.
— Та-ак! Пішам. Па парадку. Вас першым. Прозвішча, імя, імя па бацьку.
— Васілевіч Леанід Іванавіч.
— Год нараджэння?
— Іысяча дзевяцьсот дваццаць чацверты.
Ручка яго, аднак, не хоча пісаць, драпае паперу, і малодшы лейтэнант страсае яе ўбок. На чырвоным, заляпаным чарнілам абрусе з’яўляецца новая пляма.