Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 268
Перейти на страницу:

Чэргі б’юць то пад ногі, то праносяцца паўз галовы, вецер абдае снегавым пылам. Мы ўскокваем і зараз жа падаем, але з усіх сіл валачом Юрку. Урэшце, каторы ўжо раз распластаўшыся ў каляінах, бачым — схаваліся. Сяла не відаць, кулі ідуць верхам. Тады мы аслабела ўстаём, і я аддаю сябра танкісту, які за каўнер дужа цягне яго за сабой па каляіне. Я плятуся апошні і слухаю: вось-вось загрукочуць маторы.

Эх, чорт, трэба гранаты! Як трэба цяпер гранаты. I я лаю сябе, што не ўзяў тыя, у разведчыка. Толькі як было ўзяць?..

Наперадзе снегавая роўнядзь, і па ёй пралягае дарога. Далей два рады слупоў, нейкая будыніна, — там, здаецца, чыгунка. Туды аслабела клумаюць Сахно і разведчык. Разведчык, аднак, прыпыняецца і, прычакаўшы, пачынае памагаць немцу. Юрка ў надзейных руках танкіста і Каці. А я ўжо не магу. Я дастаю з-за спіны мой карабін і падаю ў каляіне.

Памерці, ці што? Пэўна, гэта было б удачай — так вось ціха заплюшчыць вочы і сканаць. Толькі, ведаю, такая смерць — для мяне раскоша. Будзе зусім інакш: перабітыя косці, разарванае цела, кроў і пакуты… I будзе хутка — вось-вось. Як толькі пакажуцца з балкі немцы. Тады і канец…

Аднак у магазіне чатыры патроны. Я перазараджаю карабін і пачынаю чакаць. Каляіна пада мной мелкая і шырокая. Грубы след «студэбекера» сям-там зацёрты Юркавым целам. Камякі снегу. Сляды. Конскі памёт. Калі добра пацэліцца, першымі стрэламі я магу падбіць пару фрыцаў. На большае разлічваць цяжка. Але і для таго трэба аддыхацца, супакоіцца. Хоць бы паспець!..

Аднак немцаў няма. I з-за пагорка не чуваць нічога. Што за дзіва? Нешта даўгавата яны марудзяць. А можа, ім напляваць на нас? Можа, павярнулі куды на іншую дарогу?

Я азіраюся. Танкіст з Кацяй на ўвесь рост нясуць Юрку. Астатнія ўжо ля будыніны. Здаецца, там пераезд. Якое-ніякое сховішча. I, значыць, жыццё… Гэта раптам абнадзейвае. А можа, і я паспею!

30

Не верачы, што ўсё абышлося, я пераходжу шасейку, якая на гэты бок бяжыць поруч з чыгункай, і кульгікаю на пераезд. Але гэта не пераезд, а хутчэй будка абходчыка — цагляная дамоўка, хляўчук, штабель шпал і некалькі абсыпаных снегам рэек на нізкай падстаўцы. Шлагбаумаў тут няма.

Хлопцы ляжаць у снезе за рэдзенькім паламаным штыкетнікам. Праз ягоныя шчыліны тырчаць на дарогу два аўтаматныя ствалы. Чакаюць. I лаюцца. Прынамсі, лаецца адзін Сахно.

— Якое вы мелі права? Я вас пытаюся? Яго сусед-разведчык варочаецца ў снезе і запальчыва апраўдваецца:

— Дык жа забіты! Што я сляпы, ці што? У галаву ж куля…

Дашкандыбаўшы да хлопцаў, я бокам падаю ля танкіста і прасоўваю ў дзірку карабін. Наперадзе так нікога і не паказалася. Відаць, сапраўды, плявалі на нас немцы. Папалохалі, забілі аднаго і задаволіліся.

— Васілевіч! — гукае мяне Сахно.

— Я!

— Вы забітага бачылі?

— Ну, бачыў. А што?

— А вы ўпэўнены: ён забіты, а не паранены?

— Я не глядзеў. Вы ж самі там стаялі… Маглі пацікавіцца.

Сахно хвіліну маўчыць, разважаючы. Пасля рашуча ўстае.

— Вось што! — катэгарычна аб’яўляе ён і павяртаецца да разведчыка: — Зараз жа пойдзеце і даставіце сюды труп. Зразумела?

Разведчык таксама ўзнімаецца са снегу.

— А нашто труп?

— Каб я бачыў, што ён забіты! — трацячы раўнавагу, раптам крычыць Сахно. — Вы разумееце ці не? Ці вам трэба зброяй гэта ўнушыць?! Ну!

Ён гатоў азвярэць, размахвае пісталетам, і я цяпер не зайздрошчу хлопцу. Уставіўшыся ў капітанаў твар, відаць, разумее гэта і разведчык. Трохі памарудзіўшы, ён злосна плюе ў снег і, ні на кога не зірнуўшы, ідзе на дарогу. Пад плотам нас застаецца трое. Астатнія, напэўна, у дамоўцы.

— Саплякі! Разгільдзяі! — бушуе Сахно. — Я вам пакажу, як выконваць загады!

«Здорава!» — думаю я. Відаць камандзірская рука. I прынцыповасць. Аднак навошта гэтулькі крыку? Самі — не дурні, разумеем, што да чаго. Накрычаўшыся, Сахно сціхае, бы замыкае свае сківіцы, і кладзецца ў снег. Мы глядзім на дарогу. Разведчык хутка ідзе сабе з аўтаматам пад пахай. Справа, недзе зусім блізка — Кіраваград. У небе над ім расплываюцца дымы. Блізкая кананада калоціць пад намі зямлю. Аднак у якім баку перадавая — не зразумець: грыміць кругом. Невысока ўгары, абрынуўшы на зямлю крута замешаны грукат, праносіцца чарада «ІЛаў» — пайшлі на штурмоўку. На небасхіле бяспромнаю бляклай плямай праз рэдзенькую смугу блішчыць халоднае сонца.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)