Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 268
Перейти на страницу:

— Эй, сястра. Глянь-ка сюды…

Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.

Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?

Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны — шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе… Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.

Я стараюся зацяць у сабе трывогу і пазіраю на Юрку. У высока паднятым каўняры паўшубка знерухомеў на снезе ягоны засяроджана-знямоглы твар. Юрка ўсё ў непрытомнасці, і калі б не рэдкія ціхія стогны, здаваўся б зусім нежывы. Танкіст спакойна хрумстае сабе снег, бы нічога асаблівага навокал няма. Я ж прыслухоўваюся да галасоў тых, ля аўтаматчыка, і разумею: Сахно загадвае несці нябожчыка далей. Разведчыкі ж аднекваюцца. Каця маўчыць. Вядома, нягожа пакідаць яго на дарозе, але і мы не жалезныя… Я ўстаю і, больш чым дагэтуль кульгаючы, падыходжу да капітана. Сахно, адкінуўшы палу паўшубка, засоўвае ў кішэню дакументы памёршага.

— Трэба пра жывых болей падумаць!

Сахно крута павяртаецца да мяне і высока ўскідвае няголены свой падбародак.

— Гэта вы пра што?

— Пра тое, што чулі. Хай байцы бяруць малодшага лейтэнанта.

— Вашага сябра?

— Сябра. Ну і што ж? Або таго, — ківаю я ў бок лётчыка, які цярпліва скурчыўся ля немца.

— Што, немца шкада?

— Не шкада, а брыдка.

— Ах, брыдка! А я думаў, шкада. Спачуванне, так сказаць, — сцяўшы квадратныя пашчэнкі, кпліва цэдзіць Сахно. I раптам уладарна загадвае разведчыкам: — Узяць труп!

Спатнелыя і стомленыя, разведчыкі пераступаюць з нагі на нагу. Запэцканыя і падзёртыя іх халаты падпяразаны скуранымі нямецкімі дзягамі. I раптам у аднаго ля спражкі я бачу знаёмыя гранаты. Так і ёсць: выскраблены чымсьці вострым надпіс «Коваль М.». Я не магу ўтрымаць здзіўлення і раблю крок да разведчыка.

— Слухай, ты дзе іх узяў?

Замест таго каб адказаць, разведчык чамусьці тузае галавой, хіліцца, хіліцца да мяне і раптам усім целам грузна валіцца на дарогу. У наступнае імгненне, не паспеўшы здзівіцца, я таксама падаю. У паветры над галовамі праносіцца блізкая чарада куль: «Жві-у, жві-у, жві-у…» Немцы?

Я тут жа крута перакідваюся тварам назад — ну, вядома ж, мы праваронілі — у сяле немцы! Чатыры ці пяць аўтамашын або транспарцёраў (а можа, і танкаў) сунуцца па вуліцы, і з пярэдняй у наш бок джгаюць бляклыя ўранку трасы.

Зразумеўшы ўсё, я рыўком кідаюся да Юркі. Побач усхопліваецца з долу танкіст. Ззаду да нас падбягае Каця. Танкіст азіраецца і ашалела лаецца нядобрымі словамі:

— Гад, здурнеў, ці што? Пэўна ж, свой…

— Свой! Знайшоў сваяка! Трымай палатку! — крычыць Каця.

— Бягом! Бягом! — крычыць зводдаль Сахно (ці, можа, разведчык).

Мы ўтрох нязграбна хапаем Юрку, але яго цела тут жа спаўзае з вузкай палаткі на дол. Новая чарга пырскае ў вочы снегам. Каб затуліцца ад куль, я рэзка пхаю сябра ў каляіну, дзе глыбей, і звальваюся туды сам. Калі чарга мінае, ускочыўшы, падхопліваю Юрку пад паху. Побач узнімаецца з долу танкіст. Усё лаючыся, ён рэзка рве яго за другую руку, ногі падбірае Каця. Над галовамі зноў імпэтна праносіцца агняны струмень, але міма. Здаецца, мы цэлыя. Адчуванне маё прытупляецца, у гарачцы дубее развага, і адзінае, амаль падсвядомае імкненне вымушае: «Хутчэй!» Я ўжо не азіраюся, уся мая ўвага скіроўваецца толькі наперад. Сахно і разведчык, прыгнуўшыся, далёка бягуць па дарозе. За імі цягне лётчыка немец. Другі разведчык ляжыць між каляін побач з трупам аўтаматчыка. Вядома, тыя іх кінулі. Але і нам няма як затрымлівацца — хутчэй! Хоць бы якіх сто крокаў за пагорак — там бы мы захінуліся.

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)