Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 268
Перейти на страницу:

На дарозе па-ранейшаму пуста.

Я пачынаю мерзнуць. I галава, і нага. У кажушковы рукаў набілася снегу. Там мокра. Турбуе думка: як Юрка? Такая дарога, мусіць, далася яму ў знакі. I тут, быццам у адказ на мой клопат, з-за рога дамоўкі з’яўляецца Каця.

— Младшой! А младшой! Друг кліча…

Ад кепскага прадчування ў мяне захлынаецца сэрца. Я ўскокваю з-пад плота. Зводдаль ускідвае голаў Сахно. У ягоным позірку прыдзірлівая строгасць службіста.

— На хвіліну, — кажу я і брыду за рог.

У дамоўцы паўзмрок. Выбітыя вокны завешаны вопраткай. На падлозе зляжалая салома. (Відаць, за гэтыя суткі забрыдаем сюды не мы першыя.) Але тут цёпла. Мяне сустракае пажылы прыгорблены чалавек у чорнай ватоўцы. У куце на саломе паныла сядзіць немец. Побач на нейкай світцы дрыжыць-калоціцца ў брудных бінтах лётчык. Немец час ад часу ахінае яго шынялём. Бліжэй да акна суцішана ляжыць мой спакутнелы сябар.

— Сядзь, — ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.

Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае горшае?..

— Цябе там не параніла? — ціха пытаецца Юрка.

— Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? — пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?

— Я разумею, — маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. — З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш… Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім… Але маці ў мяне, ведаеш жа… Не перажыве яна…

Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.

— Юр! Ну што ты! — дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: — I не думай пра гэта: не кінем!

Юрка нешта ўзіраецца ў столь і ўздрыгвае.

— Знабіць, халера. А наогул — мне лепш. Я цяпер адчуваю: выжыву. Учора, прызнацца, думаў, хана, — вуснамі ён спрабуе ўсміхнуцца. I зноў сур’ёзна: — Выбрацца б толькі…

— Выберамся, Юра. Тут ужо недалёка. Во немец паможа. Яшчэ ёсць двое здаровых. Не турбуйся.

Я азіраюся на Кацю, якая ціха стаіць ззаду, і раптам бачу яшчэ некага на падлозе ў другім куце. Прыкрыты шынялём, ён ляжыць у цені. Толькі ногі ў нямецкіх, дбайна падкутых ботах выцягнуліся да парога.

— Хто гэта?

— Немец. Хто ж яшчэ… — кажа Каця.

— Немец, сынок, немец, — пацвярджае стары, пэўна, гаспадар гэтай дамоўкі. Ён расслаблена шкандыбае ад парога і сядае на край тапчана. Пасля раздумна знімае шапку. На белай галаве тапырацца зблытаныя ссівелыя космы.

— Адкуль немец?

— Ды тут, учора… Паміраў на шашы. Ну, падабраў…

Я ўстаю, адкідваю край шыняля. На скрываўленай саломе зжаўцелы, здаецца, малады яшчэ твар. Паўрасплюшчаныя нерухомыя вочы. Худая кадыкастая шыя. На пагонах па два афіцэрскія знакі. Обер-лейтэнант вермахта.

— Усю ноч кідаўся. I плакаў, як дзіця. Нялёгка адыходзіў, не дай Бог. Цяпер ужо што?.. Цяпер царства нябеснае.

— Ты што, у немцаў служыў? — кальнуўшы яго позіркам, строга пытаецца Каця.

Чалавек з дакорам паднімае на яе вочы.

— Чаму так кажаш, дачка?

— Бо дужа жаласлівы.

— Ну, хай сабе жаласлівы… Не блага гэта. А немцам я не служыў. Я працаваў тут. Дваццаць год тут працаваў на чыгунцы, — крыўдліва кажа чалавек. — Сябе карміў. Нявестку з дзецьмі. Ды яшчэ вашых двух у сорак першым выхаджваў… Пакуль раны загаіліся. Што ж, сам салдат быў. У тую мікалаеўскую пабачыў ліха… У палоне ў іх быў. Ведаю.

— А гэта? — ківаю я на немца пад шынялём.

— А што гэта? Быў, можа, фашыстам. А паміраў — Бога ўспамінаць стаў. Гота па-іхняму. Які ўжо тут фашыст? Перад канчынай-та. Смерць, яна ўсіх уроўнівае. Цяпер ён проста чалавек. Нябожчык.

— Ачалавечыш яго! — кажа Каця. — Мала ты, напэўна, пабачыў іх…

Да ўжо ж колькі давялося, — сапе стары і аблакочваецца на калені. Вузлаватыя ягоныя рукі сашчапляюцца ў вузел.

Мне здаецца, у немца на дзязе зброя. Нагнуўшыся, я тузаю кабуру — сапраўды, там невялічкі варанёны пісталет. На баку надпіс бельгійскай фірмы. Надзіва зручная рукаятка шчыльна ўліваецца ў далонь. Іншае мяне мала цікавіць, а зброя спатрэбіцца. Тым больш што ў магазіне поўна патронаў. Ударам далоні я заганяю магазін назад у рукаятку і лаўлю на сабе позірк Юркі.

— У цябе ёсць? Няма? На, вазьмі гэты. Хай будзе.

Юра аслабелаю рукой бярэ пісталет. Але ў ягоных вачах ужо няма і крошкі цікаўнасці, звычайнай для такіх выпадкаў. Я ўжо заўважыў, што за пакутны час ранення ў паглядзе майго сябра з’явілася нешта новае, невядомае мне раней. Нейкая ўнутраная насцярожанасць усё настойлівей авалодвае ім, робячы амаль чужым такога знаёмага і звыклага для мяне Юрку. Гэта засмучае і міжвольна пачынае аддаляць яго ад мяне, і я не ведаю, што сказаць яму. Ранейшая трывалая еднасць між намі парушаецца, бясслоўная сувязь знікае, і я маўчу. Маўчыць, пераабуваючыся на падлозе, Каця, маўчыць стары на лаўцы. I раптам пад вокнамі раздаецца вокліч Сахно:

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)