Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
«Дзеці горкія, о дзеці,
Неразумныя, малыя!
Слова мудрае звяртаю,
Слова мірнае парады
Я да вас, ваш бацька родны!
Я зямлю вам даў — палюйце!
Даў ваду — лавіце рыбу!
Даў мядзведзя і бізона,
Даў аленя і казулю,
Даў бабра вам і казарку;
Засяліў я рыбай рэкі,
А балота — птушкай дзікай;
Хто ж вас, дзеці, прымушае
Паляваць адзін другога?
Я стаміўся ад штодзённых
Вашых сварак, вашых спрэчак,
Ад крывавых вашых боек
I ад крэўнай помсты вашай.
Ваша сіла — толькі ў згодзе,
А бяссілле — у разладзе.
Памірыцеся, жывіце,
Як браты, заўсёды ў згодзе!
Я пашлю да вас Прарока,
Знае шлях ён да ратунку;
Будзе жыць ён разам з вамі
I пакутваць з вамі разам.
Слухаць будзеце яго вы —
Свет пазбавіцца разладаў,
А не будзеце — асудзяць
Вас разлады на знішчэнне!
Акунайцеся, змывайце
З твараў фарбы баявыя,
Змыйце з пальцаў кроў, і зброю
Закапайце назаўсёды,
Так, як я, зрабіце люлькі,
Люлькі Міру, Люлькі Згоды,
Чарацін для іх нарвіце,
Ярка пер'ямі ўпрыгожце,
Закурыце Люлькі Міру,
Як браты, жывіце ў згодзе!»
Пасланцы свае даспехі
Паздымалі, паскідалі
На зямлю сваё адзенне,
Смела кінуліся ў рэчку,
Змылі фарбы баявыя.
З гор на іх вада лілася
Чыстай хваляй са скалы той,
Дзе Ўладар Жыцця ўзвышаўся,
А далей паток каціўся,
Як крывёй афарбаваны,
Мутнай хваляю чырвонай.
Змыўшы фарбы баявыя,
Выйшлі воіны на бераг,
Закапалі на ўзбярэжжы
Зброю ўсю і ўсе даспехі.
Гітчы Маніта магутны,
Дух Вялікі і Стваральнік,
Іх усмешкай стрэў зычлівай.
Ад скалы чырвоны камень
Адкалоўшы, Люлькі Міру
Пасланцы з яго зрабілі,
Каля рэчкі чарацінак
Наламалі, яркім пер'ем
Цыбукі пааздаблялі
I пайшлі дамоў — і хмаркі
У той самы час над імі
Расступіліся, і згінуў
Гітчы Маніта ў тых хмарках,
Знік у белых клубах дыму
Ад Пакваны, Люлькі Міру.
Перейти на страницу: