Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
1944 год — год вызвалення. За апошнія 7 месяцаў акупацыі было знішчана 18 % ад агульнай колькасці знішчаных вёсак. У 1944 годзе колькасць партызан рэзка ўзрасла — да 374 тысяч чалавек. І справа тут не ва ўсенародным уздыме. К гэтаму часу ў беларускіх вёсках засталіся толькі бабы і дзеці. Проста для так званай «рэльсавай вайны» пры правядзенні вайсковай аперацыі «Баграціён» на тэрыторыю Беларусі ў нямецкі тыл дадаткова было перакінута 220 тысяч чырвонаармейцаў (!). Проста ў камандавання фронтам не было спадзявання на тых партызан, якія тут адчувалі сябе ўтульна з 1942 года, хаваючыся ад вайны.
Пытанне чацвёртае: Якаля колькасць беларускага насельніцтва знішчана ўласна немцамі і паліцаямі? На іх совесці ляжыць забойства 715 тысяч беларускіх яўрэяў, гэта бясспрэчна. А вось забойства 604 тысяч беларусаў, якое прыпісалі немцам, я б на іх вешаць поўнасцю не стаў. Гэта агульная партызанска-нямецкая віна.
Пытанні, пытанні, пытанні… Але адказаў на іх няма.
Вышэй я расказаў пра тыя ахвяры, якія панесла мірнае насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. Але ж нашы землякі гінулі не толькі там. Хачу нагадаць яшчэ раз, што Другая сусветная вайна для Беларусі, для беларусаў пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года. Таму зноў узнікае шмат пытанняў, на якія хацелася б атрымаць адказы і тлумачэнні. Напрыклад, колькі беларусаў, якія былі ў складзе польскай арміі, загінула ў барацьбе супраць нямецка-савецкіх захопнікаў з 1 па 22 верасня 1939 года? Як мы ведаем, у гэты дзень адбыўся ганебны сумесны парад дзвюх «брацкіх» армій — нямецкай і савецкай.
Сярод жаўнераў, якія трапілі ў нямецкі палон, было 70 тысяч беларусаў. Яны былі інтэрніраваны ў СССР у абмен на палякаў, трапіўшых у савецкі палон. Каму з іх ад гэтага абмену пашанцавала больш? Пытанне цынічнае. Дарэчы, савецкае кіраўніцтва ашукала немцаў, яно перадала ім толькі невялікую частку палонных палякаў, астатніх чакалі турмы, расстрэлы, ГУЛАГ. 46 тысяч палонных беларусаў выселілі ў Казахстан. Колькі ўсяго палякаў і беларусаў было ў савецкім палоне, дакладнай лічбы я не знайшоў. Пасля параду 22 верасня 1939 года савецкіх і нямецкіх войск у г. Брэсце, прысвечанага захопу і падзелу Польшчы, вайна супраць заходніх беларусаў не спынілася і працягвалася да 22 чэрвеня 1941 года. На тэрыторыі Беларусі праводзіліся жорсткія карныя аперацыі. У выніку гэтых аперацый з Заходняй Беларусі ў Сібір, на Поўнач, у Казахстан было дэпартавана, як напісала газета «Народная Воля» (за 4.08.1998 г), 250 тысяч асуджаных і 990 тысяч чалавек, проста папаўшых пад падазрэнне ўлады. Часам людзей высылалі цэлымі сем’ямі.
За той жа перыяд, як сцвярджае Сымон Струменскі ў сваім зборніку «Страты Беларусі», было расстраляна 135 тысяч грамадзян Беларусі. У гэтай колькасці не ўлічаны палонныя беларусы, якія расстраляны разам з палякамі ў адпаведнасці з Пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) «Аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, асаднікаў» ад 05.03.1940 года. Расстрэлы адбыліся ў красавіку 1940 года ў Катынскім лесе пад Смаленскам, у Старабельскім лагеры пад Харкавам, у Асташкаўскім лагеры Калінінскай вобласці, у ваколіцах Мінска — Курапаты, Дражня, Лошыца, парк Чэлюскінцаў і ў іншых месцах. Колькі ўсяго беларусаў расстраляна ў адпаведнасці з гэтай жахлівай пастановай, невядома.
Чаму мы адракаемся ад нашых суайчынікаў, загінуўшых ад рук НКУСаўцаў, спрабуем выкінуць іх з народнай памяці? Няўжо да нашага часу баімся называць савецкую ўладу злачыннай, бандыцкай, антычалавечай? Пытанняў шмат, а адказаў няма.
Вядома, што на працу ў Нямеччыну было вывезена 377 776 грамадзян Беларусі. Але эта самае можна выказаць крыху інакш: усяго толькі 377 776 грамадзян Беларусі было вывезена на працу ў Нямеччыну. Такое магло адбыцца дзякуючы таму, што ва ўмовах акупацыі такія ўнікальныя аўтарытэтныя структуры, як Беларуская народная самадапамога (БНС), як Саюз беларускай моладзі (СБМ), як Беларуская цэнтральная рада (БЦР) ды іншыя, якія рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць долю насельніцтву ва ўмовах акупацыі. З гэтымі структурамі лічылася акупацыйная грамадзянская адміністрацыя. Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ спрыяў беларусам і часам пярэчыў органам СС і СД у пытаннях вярбоўкі беларускай моладзі на працу ў Нямеччыну. Ён лічыў, што беларускую моладзь наперадзе чакае шмат важных спраў у будучай незалежнай Беларусі.