Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Колькі беларусаў загінула на працы ў Нямеччыне — невядома. Яны гінулі ад амерыканскіх і англійскіх налётаў авіяцыі. Справа ў тым, што шмат беларусаў працавала на заводах канцэрна «Юнкерс». А менавіта гэтыя заводы падвяргаліся самаму жорсткаму бамбаванню.
Колькі беларусаў пасля нямецкай капітуляцыі адмовіліся вяртацца на радзіму і з’ехалі ў Англію, Канаду, ЗША, Аўстралію і іншыя краіны? Ёсць звесткі, што такіх 260 тысяч, гэта 68,8 % ад колькасці ад’ехаўшых на працу ў Нямеччыну. А гэта ж таксама нашы страты ў вайну. Хаця з якога боку на гэту справу паглядзець. Магчыма, наадварот, гэта нашы набыткі. З’ехаўшы ў іншыя краіны, нашы землякі сталі вартымі грамадзянамі тых краін, сталі знакамітымі асобамі. Асабіста для мяне не мае значэння, якім чынам яны апынуліся за мяжой, на чыім баку яны былі ў часы Другой сусветнай вайны. Так ці інакш яны — прадстаўнікі нашага народа за мяжой, дзякуючы ім пра нас там ведаюць. Мы павінны ганарыцца імі. Калі б яны вярнуліся на Радзіму пасля 9 мая 1945 года ці засталіся б на Радзіме пасля вызвалення Беларусі, то яны на доўгія гады сталі б вязнямі савецкага ГУЛАГу і зніклі б у ім. Добра, што ў іх хапіла розуму своечасова ад’ехаць у замежжа.
Пасля 22 чэрвеня 1941 года ў першыя дні вайны НКУСаўцы праявілі масавыя расстрэлы вязняў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах на тэрыторыі Беларусі. Такія факты прывёў Сымон Струменем ў зборніку матэрыялаў «Страты Беларусі…»:
— 25 чэрвеня 1941 г. Расстрэл калоны зняволеных Менскай турмы ва ўрочышчы Благоўшчына каля вёскі Трасцянец. Забіта каля 2 тысяч чалавек.
— 26–28 чэрвеня 1941 г. Службоўцы ворганаў НКУС расстралялі каля 2 тысяч палітычных зняволеных, прыгнаных з Менскай ды іншых суседніх турмаў, каля г. п. Чэрвень, ва ўрочышчы Цагельня.
— 6 ліпеня 1941 г. Перад надыходам немцаў ахоўнікі Бярэзінскай турмы НКУС расстралялі яе вязняў (большасць з іх былі сяляне, асуджаныя за крадзеж у калгасе).
— Ліпень 1941 г. Адступаючы з Віцебска пад націскам нямецкіх войскаў ахоўнікі тамтэйшай турмы, дзе былі палітвязні, аблілі яе бензінам і спалілі разам са зняволеннымі.
Гэта ўсё нашы страты. Колькі людзей было знішчана вось такім метадам, невядома. Як падлічаны гэтыя ахвяры, на каго ўскладзены? Няўжо ўсё на тых жа немцаў?
Беларусы змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе армій іншых краін — у англійскай, амерыканскай, канадскай, французскай і іншых. Колькі іх там усяго было, колькі загінула, дзе іх пахаванні, ці ўскладаюць кветкі на іх магілы супрацоўнікі нашых амбасад у тых краінах хаця б раз на год? Вядома, што ў складзе арміі польскага генерала Андэрса змагалася больш за 50 тысяч беларусаў. Армія вызваляла ад немцаў Італію, пры гэтым загінула 1270 нашых землякоў. Якім чынам яны ўлічаны ў агульнанацыянальных стратах Беларусі? Невядома, якія людскія страты панесла Беларусь ад выканання загада Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 270, які ваеннапалонных чырвонаармейцаў аб’яўляў здраднікамі і дазваляў арышты іх сем’яў.
З 1,5 мільёна беларусаў, якія ваявалі ў складзе Чырвонай Арміі, загінуў 1 мільён, у іх ліку і мой бацька. Гэта вельмі шмат — 66,3 %. Масавая гібель чырвонаармейцаў-беларусаў прыпадае на 1944 год. Прычына гэтага вядома.
Цёмнай ці белай плямай з’яўляецца савецка-фінская вайна. Гэта кавалак Другой сусветнай вайны. Колькі беларусаў удзельнічала ў гэтай вайне, колькі загінула, колькі замёрзла ў карэла-фінскіх лясах і балотах? Ніякіх звестак пра гэта я не знайшоў.
Калі падлічыць, падсумаваць усе ахвяры Другой сусветнай вайны, то, магчыма, высветліцца, што загінуў не кожны чацвёрты, не кожны трэці, а кожны другі беларус. А можа, наадварот, усяго толькі шосты ці дзесяты.
Беларусь панесла і вялізарныя матэрыяльныя страты. Пра спаленыя вёскі я ўжо прыпамінаў. Разбурана 209 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, знішчана 1,2 мільёна будынкаў. Акупанты разрабавалі больш за 10 тысяч фабрык і заводаў, усе калгасы, саўгасы і МТС. Такія звесткі можна адшукаць у афіцыйных паведамленнях. Там можна прачытаць, што Мінск, Віцебск, Магілёў і іншыя буйныя гарады былі разбураны акупантамі на 80 %. Падлічаныя страты склалі 75 млрд. рублёў у коштах 1941 г. Але афіцыйныя крыніцы не дагаварваюць да канца, замоўчваюць той факт, што разбурэнні здзяйснялі не толькі немцы, а і савецкія сілавыя структуры. Дзеянні апошніх былі больш эфектыўнымі. І рабілася гэта не стыхійна, а па загаду зверху. Яшчэ раз напомню некаторыя тыя загады: