Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
— Темы минувшей войны, ибо в ней видятся очень многие начала, входящие в наши дни и выходящие в будущее.
[1962]
Жывыя — памяці мёртвых
Гады, якія мінулі пасля заканчэння вайны, многім даюць падставу лічыць ваенную тэму амаль гістарычнай. Мала хто рашаецца назваць яе ў шэрагу іншых тэм сучаснасці, справядліва лічачы, што людзі жывуць цяпер іншымі клопатамі, хочуць адвыкнуць ад цяжкіх уражанняў вайны. Зноў жа — колькі ўжо напісана аб ёй!..
Безумоўна, напісана нямала. Не так ужо многа — добра і праўдзіва, болей — пасрэдна і, вядома, нямала — дрэнна, або, як цяпер гавораць, несучасна. Але чым далей ад нас адсоўвае час гэтае велізарнае з народных выпрабаванняў, тым усё больш настойліва адчуваецца ў літаратуры імкненне многае асэнсаваць, зразумець і захаваць у чалавечай памяці. Урокі вайны, аказваецца, вучаць сёння вельмі і вельмі многаму, «указующий перст» іх працягнуты цераз галовы пакаленняў у будучыню. I з кожным годам, з кожнаю новай кнігай яно, гэтае асэнсаванне вайны, ідзе ўглыб і ўшыр, і тэма вайны часам гучыць вельмі сучасна. Поспех жа ці няўдача тут залежаць хутчэй ад пісьменніцкага метаду (зразумела, і ад таленту таксама), чым ад спецыфікі гэтай тэмы.
Цяпер ужо мы можам больш-менш выразна бачыць поспехі і тыповыя недахопы многіх твораў на ваенную тэму. Саракавыя гады далі нашай літаратуры шэраг выдатных вобразаў герояў. Прыняўшы іх як эталоны, мы прывыклі за шмат год да мужнага і вясёлага радавога Васілія Цёркіна, да дзейсных і высакародных герояў А. Ганчара, да нязломнага ў сваёй свяшчэннай упартасці стаць у строй байцоў Марэсьева, да мужных разведчыкаў Э. Казакевіча. Маральную сутнасць гэтых вобразаў нарадзілі тыя высокія і суровыя патрабаванні, якія вайна прад’явіла да грамадзян — абаронцаў Радзімы. Жыццёвымі прататыпамі іх з’явіліся героі з вялікай літары: Аляксандр Матросаў, Мікалай Гастэла, Юрый Смірноў, Алег Кашавы і тысячы іншых. Гераізм, высокая самаадданасць, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага — вось якасці, у значнай меры ўласцівыя гэтым людзям.
I таму зразумела, што асноўным і галоўным матывам твораў тых год пра вайну быў гераізм ва ўсіх яго відавочных праявах.
Аднак праўда пра вайну і подзвіг народа была выказана далёка не ўся, далёка не поўнасцю. I гэта зразумела. У першы пасляваенны час пісьменнікі, ідучы па гарачых слядах падзей, не мелі парой ні часу, ні магчымасці для асэнсавання ўсіх праяў вайны, яе адлюстравання ў чалавечых лёсах. Мастацкі ўзровень шмат якіх твораў таксама прымушаў жадаць лепшага.
Напрыклад, даволі частымі былі сітуацыі, калі героі прыходзяць у сябе менавіта ў момант набліжэння танка (не пазней!), трапна наводзяць (а як жа інакш!) і ўраз, з зайздроснай ліхасцю прабіваюць яго браню; калі лётчыкі падбітага самалёта з неймавернай вытрымкай адкідваюць парашуты і накіроўваюць палаючыя машыны на скапленне (абавязкова скапленне!) тэхнікі ворага; камісары для падняцця духу байцоў з’яўляюцца на флангах у самыя крытычныя моманты, і ні на хвіліну пазней, а якая-небудзь партызанская цётка, валодаючы аўтаматам не горш, чым чапялой ля печы, бярэ ў палон адразу чатырох эсэсаўцаў. Многія з такіх твораў былі створаны па метаду кабінетнага сачыніцельства, без дастатковых ведаў і разумення гісторыі і прыроды вайны, на аснове літаратурных (чытай: газетных) крыніц, таропкіх гутарак з удзельнікамі партызанскага руху, той або іншай бітвы і г. д. «Выхаванне подзвігам» нярэдка ператваралася ў ілюстратарства, у замалёўкі бесшабашнай ліхасці, лёгкай перамогі над ворагам. Скажалася само ўяўленне аб подзвігу як моманце надзвычайнай душэўнай мэтанакіраванасці, мабілізаванасці лепшых чалавечых сіл.
У выдадзенай, болей дакладна, перавыдадзенай у 1961 годзе кнізе Ц. Жураўлёва «Была вайна» (апавяданні, напісаныя ў гады вайны) выступаюць такія байцы-ўдальцы, якія «пархатага немца» абводзяць вакол пальца.
«Немца ашукаць — гэта справа няхітрая, — разважае сяржант з апавядання „Самі з вусамі“. — А вось быў у нас, таварыш капітан, адзін яфрэйтар у батальёне, Ягор Іванавіч Каліна, дык ён, можна сказаць, ашукаў усю нямецкую дывізію… На што камандзір дывізіі быў у нас такі глазасты, а і той прызнаўся, што Каліна вочы яму раскрыў на ўсю аперацыю…»
У апавяданні расказваецца пра гэта «ашуканства», сутнасць якога няцяжка зразумець кожнаму камандзіру ўзвода, нават не франтавіку. I ўсё тут ёсць, у гэтым кароценькім апавяданні: кемлівасць, хітрасць, храбрасць, апроч аднаго — праўды.
Аднак, як гэта ні дзіўна, ствараецца такое ўражанне, што аўтарам большасці рэцэнзій, напісаных на падобныя творы, няма ніякай справы да відавочнай падмены праўды вымыслам, да спрошчанасці і шапказакідальніцкага бахвальства — відаць, меркаванні злабадзённасці затуляюць ад вачэй рэцэнзентаў і алагічнасць сітуацый і фальш характараў. Вось так і паяўляюцца падробкі, якія выдаюцца непатрабавальнымі рэдактарамі і крытыкамі за «летапісы» народнай барацьбы.