Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Першы верш апублікаваў у 1968 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар кніжак вершаў і паэм «Ранак поўніцца жыццём» (1977), «Нязжатае поле» (1982), «На падкове дарог» (1987).
Ермаловіч Мікола, нарадзіўся 29.04.1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1938 г. паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. Да вайны скончыў тры курсы. У 1941-1943 гг. працаваў настаўнікам у Мардоўскай АССР. У 1943-1944 гг. на педагагічнай працы ў Суражы Віцебскай вобласці, у 1944-1946 гг. - у Дзяржынску Менскай вобласці. У 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце. Пасля заканчэння (1947) быў залічаны ў аспірантуру пры педінстытуце. З 1948 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладэчанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 г. па стану здароўя выйшаў на пенсію. Жыве ў Маладэчна. Сябра СП СССР з 1989 г.
Сталую літаратурную працу пачаў у 1948 г. Выступае ў друку як аўтар крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў і гістарычных нарысаў. У 1970 г. выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1989 г. - кніга «Па слядах аднаго міфа», у 1990 г. - гістарычнае даследаванне «Старажытная Беларусь».
Ермаловіч Якуб, нарадзіўся 07.08.1910 г. у вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння двухгадовых педагагічных курсаў у Мсціславе (1931) настаўнічаў у вёсцы Ўсушак Чавускага раёна, а ў 1932-1933 гг. быў літработнікам чэрвеньскай раённай газеты «Калектывіст». У 1933-1936 гг. вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце (скончыў завочна літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута ў 1959 г.). Рэпрэсіраваны ў 1936 г. Вызвалены ў 1941 г. Рэабілітаваны 26.07.1967 г. У 1944-1970 гг. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў вёсцы Пагост Бярэзінскага раёна. Сябра СП СССР з 1961 г.
Памёр 12.04.1987 г.
Дэбютаваў у друку ў 1929 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Над Бярозай» (1960), «Душа чалавека» (1962), «Родная зямля» (1967), «Твар у твар» (1970), «След на зямлі» (1977), «Сіняя птушка» (1980), «Акопы не пазарасталі» (1985).
Есакоў Алесь, нарадзіўся 18.12.1911 г. у вёсцы Новікава Галіцкага раёна Кастрамской вобласці (Расея) у сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў на Менскай шчотачнай фабрыцы імя Н.К.Крупскай у 1928 г. Быў артыстам і загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра рабочай моладзі. Вучыўся на рабфаку, у Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.В.Луначарскага (1932-1935). Служыў у Чырвонай Арміі (1935-1936). З 1936 г. - загадчык аддзела мастацтва ў газеце «Літаратура і мастацтва», з 1938 г. - дырэктар Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1940 г. - начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Удзельнічаў як ваенны журналіст у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ў савецка-фінляндскай вайне. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, потым у партызанскім атрадзе на Меншчыне. Быў паранены. Пасля вайны працаваў начальнікам Галоўрэперткома БССР (1944-1945), загадчыкам аддзела ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1945-1951), літкансультантам у СП БССР (1951-1960). У 1960-1974 гг. - вучоны сакратар Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 13.06.1985 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1928 г. Адзін з аўтараў п'есы «Першы штандар» (1930, пастаўлена ў 1929). Выдаў манаграфічны нарыс «Уладзімір Крыловіч» (1956), нарысы «Калгасны хор сяла Азершчына» (з Б.Смольскім, 1953) і «Старэйшы самадзейны калектыў» (1958), манаграфію «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), брашуру «Янка Купала і беларускае мастацтва» (1972). У 1977 г. выйшла кніга «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы».
Ж
Жалязняк Рыгор, нарадзіўся ў верасні 1914 г. у горадзе Віцебску ў сям'і рабочага.
Вучыўся ў Віцебскай фабрычна-заводской навучальні чыгуначнікаў (1930-1931), працаваў у дэпо, літсупрацоўнікам у газеце «Віцебскі рабочы» (1931-1932), займаўся ў Віцебскім кінатэхнікуме на сцэнарным аддзяленні (1932-1933). Паступіў у Ленінградскі дзяржаўны інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі, а ў 1936 г. перавёўся на філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1938) вучыўся тры гады ў аспірантуры. Напісаў у 1941 г. кандыдацкую дысертацыю на тэму «Паэзія М.А.Багдановіча».
Загінуў у 1942 г. пры абароне Ленінграда.
Першыя творы надрукаваў у 1931 г. У сааўтарстве з Г.Люгоўскім выдадзены ў Віцебску ў 1933 г. зборнік паэзіі «Першы вытап». У 1934 г. у Віцебску выйшаў зборнік вершаў «Вясновыя будні». Шэраг вершаў надрукаваны ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967). Пісаў таксама нарысы.